Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча з Міністрам замежных спраў Эквадора Марыяй Фернандай Эспіносай Гарсес

18 мая 2018 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным падвергнуць рэвізіі адносіны Беларусі з Эквадорам. Аб гэтым ён заявіў 18 мая на сустрэчы з Міністрам замежных спраў Эквадора Марыяй Фернандай Эспіносай Гарсес, якая 17-19 мая наведвае з афіцыйным візітам Беларусь.

"У нас у адносінах з Эквадорам такі перыяд, калі нам трэба было б падвергнуць рэвізіі нашы адносіны, паглядзець, што ў нас атрымалася, магчыма, ад нечага адмовіцца і намеціць план дзеянняў на бліжэйшую перспектыву", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Эквадоры апошнім часам адбыліся пэўныя палітычныя рэформы, і яны яшчэ не завершаны. "Я вельмі спадзяюся, што ў гэты вельмі важны перыяд, фарміруючы гэты план, вы з нашым міністрам дамовіцеся ў тым ліку аб кантактах на вышэйшым узроўні. Але вы ведайце, што мы заўсёды рады бачыць вашага Прэзідэнта ў Беларусі. У любы зручны для яго час", - заявіў беларускі лідар.

Асновай узаемаадносін Беларусі і Эквадора, адпаведнай дарожнай карты павінна стаць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. "Думаю, у нашых планах мы гэта возьмем за аснову. Але згадзіцеся, што нам не трэба браць на сябе абавязацельствы, якія мы не зможам выканаць. Ні Эквадор, ні Беларусь. Таму і патрэбна рэвізія ўсяго зробленага і старых планаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Тым не менш нашы стратэгічныя планы на перспектыву павінны быць даволі напружанымі. Мы павінны ўзяць на сябе абавязацельства і тавараабарот дыверсіфікаваць, і павысіць яго. Каб Беларусь для Эквадора, а вы для нас былі сябрамі і партнёрамі не проста на словах, а каб пад гэтым была салідная аснова. Таму я вельмі разлічваю на рэальны план дзеянняў на перспектыву", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў Беларусі з Эквадорам склаліся добрыя палітычныя адносіны. Краіны маюць падобныя пазіцыі па міжнародным парадку дня, добра супрацоўнічаюць ва ўсіх міжнародных арганізацыях, асабліва ў ААН. "Мы гатовы падтрымаць вашу кандыдатуру на пасаду старшыні чарговай сесіі Генеральнай асамблеі ААН", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што любая дзяржава, асабліва на геаграфічным аддаленні ад сваіх партнёраў, спрабуе знайсці краіны, на якія яна хацела б абаперціся ў супрацоўніцтве з іншымі краінамі рэгіёна. "Як звычайна, гэта самыя блізкія дзяржавы. Дык вось у Лацінскай Амерыцы ў нас Эквадор з'яўляецца такой блізкай дзяржавай для Беларусі, і мы заўсёды шукаем апору, супрацоўнічаючы з іншымі дзяржавамі, менавіта ў вас у Эквадоры", - падкрэсліў ён.

Марыя Фернанда Эспіноса Гарсес у сваю чаргу адзначыла інтарэс да развіцця адносін з Беларуссю. Міністр заявіла, што гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва займае галоўнае месца ў адносінах з Беларуссю. Яна падкрэсліла, што за апошнія некалькі гадоў краіны рушылі наперад у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. "Але не дастаткова. Ёсць яшчэ шмат таго, што мы павінны зрабіць менавіта сумеснымі намаганнямі", - сказала Марыя Фернанда Эспіноса Гарсес.

Яна адзначыла, што гэта ўжо другі яе прыезд у Беларусь. Папярэдні быў у якасці Міністра абароны Эквадора. Марыя Фернанда Эспіноса Гарсес перадала Аляксандру Лукашэнку прывітанне ад імя Прэзідэнта Эквадора. "У гэтым годзе мы адзначаем 25-годдзе з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Гэты момант ключавы для таго, каб зрабіць своеасаблівы перазапуск адносін і надаць ім дадатковы імпульс", - сказала Міністр замежных спраў Эквадора.

Тэгі: Сустрэчы
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь