Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Перагаворы з Міністрам замежных спраў Алжыра Абдэлькадэрам Месахелем

20 лютага 2018 года

Беларусь і Алжыр дамовіліся вывесці двухбаковае супрацоўніцтва на больш высокі ўзровень. Такі вынік перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Міністрам замежных спраў Алжыра Абдэлькадэрам Месахелем, што адбыліся 20 лютага ў Палацы Незалежнасці.

"Той узровень адносін, які ў нас існуе з вашай дружалюбнай краінай, нельга прызнаць здавальняючым. Тым больш на фоне падзення гандлёва-эканамічных сувязей. У гэтым і ваша, і наша віна, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Таму я не выпадкова, жартам, але зусім сур'ёзна заўважыў, што вы нарэшце прыехалі ў Мінск, разлічваючы на тое, што ваш візіт дасць сур'ёзны імпульс развіццю адносін, і мы хаця б адновім той узровень, які некалі быў паміж нашымі краінамі".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што раней аб'ём двухбаковага гандлю паміж краінамі дасягаў больш як $200 млн у год. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ёсць усе магчымасці для аднаўлення былых пазіцый. Напрыклад, Алжыр завозіць вялікую колькасць рознай сельскагаспадарчай прадукцыі, якая вырабляецца ў Беларусі. "Ваша краіна імпартуе велізарную колькасць малочных прадуктаў. А мы, спрабуючы дыверсіфікаваць экспарт, шукаем сваё шчасце ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, Венесуэле і яшчэ далей. Згадзіцеся, што з пункту гледжання лагістыкі Алжыр выглядае вельмі прывабна", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусь гатова па сваіх тэхналогіях працаваць у Алжыры і ў сферы сельскай гаспадаркі, і ў сферы прамысловасці. "І не проста пастаўляць вам прадукцыю, але і ствараць адпаведныя магутнасці разам з вамі на тэрыторыі Алжыра", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў упэўненасць, што ўдасца аднавіць былы ўзровень ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Зацікаўлены ў гэтым і алжырскі бок, які ўдзяляе вялікую ўвагу пытанням бяспекі.

"Што датычыцца прамысловасці і нашага аўтамабілебудавання, трактарабудавання, сельгасмашынабудавання, то павінен сказаць, што Алжыр - гіганцкая краіна, і наша тэхніка, магчымасці нашых будаўнічых кампаній і іншых прадпрыемстваў спатрэбяцца якраз у Алжыры, - упэўнены беларускі лідар. - Словам, мы адкрыты і гатовы да любога супрацоўніцтва з вашай краінай".

У сваю чаргу Абдэлькадэр Месахель адзначыў, што ўзровень палітычных адносін паміж Беларуссю і Алжырам даволі высокі, аднак патэнцыял эканамічнага ўзаемадзеяння рэалізаваны не ў поўнай меры. "Мэта майго візіту - наладзіць эканамічныя адносіны паміж краінамі і зрабіць іх больш інтэнсіўнымі", - звярнуў увагу дыпламат.



Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Алжыра падкрэсліў, што крыху раней паміж краінамі было падпісана пагадненне аб стварэнні сумеснага камітэта па развіцці супрацоўніцтва. "Нам напэўна спатрэбіцца нейкі юрыдычны інструмент, які дасць магчымасць задаць рамкі для нашага супрацоўніцтва. Гэта пагадненне дазволіць наладзіць усе віды эканамічнага ўзаемадзеяння паміж краінамі", - адзначыў Абдэлькадэр Месахель.

Па выніках перагавораў бакі дамовіліся вывесці двухбаковае супрацоўніцтва на новы, значна больш высокі ўзровень. Пры гэтым дзяржавы гатовы больш актыўна рухацца ў гэтым напрамку і прытрымлівацца набытага вопыту глыбокага ўзаемадзеяння. Актыўны ўдзел у гэтых працэсах прымуць і бізнес-колы абедзвюх краін.

Цікавасць Беларусі да Алжыра тлумачыцца яго геапалітычным становішчам. Гэта дзяржава - самая вялікая па плошчы на афрыканскім кантыненце і мяжуе з некалькімі краінамі, што адкрывае вялікія магчымасці для Беларусі ў гандлёва-эканамічнай сферы.

 

Тэгі: Сустрэчы
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь