Сустрэча з Міністрам па пытаннях аднаўлення Японіі Хіраміці Ватанабэ

  • 18

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступае за павышэнне ўзроўню адносін Беларусі з Японіяй, асабліва ў інвестыцыйнай сферы. Аб гэтым ён заявіў 30 чэрвеня на сустрэчы з Міністрам па пытаннях аднаўлення Японіі, Міністрам па каардынацыі комплекснай палітыкі па пераадоленні наступстваў аварыі на АЭС у Фукусіме Хіраміці Ватанабэ.

Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў той факт, што ў Беларусі рады візіту высокапастаўленага члена ўрада Японіі. "Гэта звязана з тым, што пара б нам ужо наладжваць добрыя, цёплыя, дружалюбныя адносіны паміж Беларуссю і Японіяй", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сур'ёзна цікавіцца развіццём Японіі і грамадства гэтай краіны. "Радуемся за вашы поспехі, перажываем, калі ў вас ёсць нейкія праблемы. Ваша краіна вельмі развітая, высокатэхналагічная. І ў гэтым я ў свой час пераканаўся асабіста. Гэта было 20 гадоў таму", - адзначыў Прэзідэнт.

"У нас прынята рашэнне аб тым, што, нягледзячы на геаграфічную адлегласць, мы з Японіяй павінны мець, асабліва ў сферы інвестыцыйнага супрацоўніцтва, вельмі цесныя адносіны. Калі ўрад Японіі гатовы на гэта, то мы зробім гэта вельмі хутка, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Калі ў вашай дзяржавы ёсць інтарэс у гэтай частцы планеты - у Еўропе, вы можаце выкарыстоўваць Беларусь для рэалізацыі гэтых інтарэсаў".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што было б карысным пачаць з некалькіх сумесных інвестыцыйных праектаў у Беларусі для таго, каб бліжэй пазнаёміцца, стварыць аснову, фундамент адносін.

Прэзідэнт таксама нагадаў аб сур'ёзным вопыце супрацоўніцтва з Японіяй, асабліва ў пытанні пераадолення розных катастроф. "Японія была першай краінай, якая працягнула нам руку дапамогі пасля чарнобыльскай катастрофы. Акрамя таго, што вы падтрымлівалі дзяржаву, наша насельніцтва ў чарнобыльскіх раёнах, мы вялі з вамі сумесныя навуковыя распрацоўкі па праблемах пераадолення катастрофы. І бачыце, так сталася, што гэтыя нашы сумесныя распрацоўкі спатрэбіліся Японіі, асабліва пасля "Фукусімы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Словам, мы адкрытыя для супрацоўніцтва. Калі добрая воля ўрада Японіі на гэта будзе, давайце пачынаць", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Хіраміці Ватанабэ падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за запрашэнне наведаць цырымонію закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў. Ён адзначыў, што гэты спартыўны форум садзейнічаў аб'яднанню краін і народаў. "Думаю, нам трэба яшчэ паглыбіць нашы дружалюбныя адносіны ў сферах культуры і спорту", - сказаў Міністр.

Хіраміці Ватанабэ таксама выказаў удзячнасць беларускаму боку за аказаную дапамогу Японіі ў пераадоленні наступстваў разбуральнага землетрасення, якое адбылося ў сакавіку 2011 года на ўсходзе краіны. Землетрасенне выклікала цунамі каля ўсходняга ўзбярэжжа вострава Хансю і стала прычынай аварыі на атамнай электрастанцыі "Фукусіма-1".