Сустрэча з Міністрам грамадскай бяспекі В'етнама То Ламам
- 1
Беларусь гатова дзяліцца з В'етнамам вопытам у сферы забеспячэння бяспекі і правапарадку. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 2 сакавіка на сустрэчы з Міністрам грамадскай бяспекі В'етнама То Ламам.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што В'етнам - гэта азіяцкая краіна,
якая бурна развіваецца. "За апошнія дзесяць гадоў мы стварылі матэрыяльны
фундамент і аснову нашых адносін, у тры разы павялічылі тавараабарот. Больш
таго, мы намецілі сур'ёзную дарожную карту развіцця нашых адносін. І гэта
ставіць В'етнам у рад самых прыярытэтных, асноўных нашых партнёраў у
Паўднёва-Усходняй Азіі", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што адным з галоўных фактараў
бурнага развіцця В'етнама з'яўляецца стабільнасць і бяспека ў дзяржаве, задача
па забеспячэнні якіх у тым ліку ляжыць на праваахоўных органах. "Хачу запэўніць
вас, што мы будзем рабіць усё для таго, каб В'етнам быў стабільным і бяспечным.
Мы гатовы свой вопыт перадаваць сваім сябрам у В'етнаме. Вы павінны ведаць, што
ў гэтых адносінах будзе выключна падтрымка і на маім, і на ўрадавым узроўні", -
сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы
падкрэсліў важнасць падрыхтоўкі прафесійных кадраў. "Калі вас задавольвае тая
сістэма падрыхтоўкі кадраў, якая існуе ў Беларусі, мы гатовы зрабіць усё для
таго, каб у цэлым сістэму або ж яе элементы перанесці на в'етнамскую глебу", -
запэўніў Прэзідэнт.
Аляксандр
Лукашэнка лічыць важным забяспечыць свабоднае перамяшчэнне людзей з В'етнама ў
Беларусь і наадварот. "Але ў той жа час мы павінны разам паставіць заслону
розным дрэнным людзям і аб'яднаць нашы намаганні ў барацьбе са злачыннасцю,
наркатрафікам, тэрарызмам. У нас ёсць пэўны вопыт. Калі ён вам патрэбны, мы
гатовы ім падзяліцца", - сказаў ён.
Прэзідэнт асабліва адзначыў той факт, што цяперашняя сустрэча
праходзіць напярэдадні 100-гадовага юбілею беларускай міліцыі. "У нас з вамі
ёсць добры фундамент адносін. Мы вельмі многае перажылі разам з В'етнамам, разам
змагаліся за свабоду і незалежнасць вашага народа. Мы зрабілі нямала для
станаўлення вашай дзяржавы. У гэтым радзе савецкіх грамадзян вялікае месца
займалі беларусы", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Вы знаходзіцеся ў сваіх сяброў, будзьце як дома і ведайце, што
мы заўсёды гатовы падставіць сваё плячо там, дзе трэба, в'етнамскаму народу і
вам асабіста", - дадаў беларускі лідар.
У сваю чаргу То Лам падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за магчымасць сустрэчы і перадаў словы прывітання ад кіраўніцтва В'етнама. Ён таксама падкрэсліў, што краіны ў гэтым годзе святкуюць 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін і адзначыў той імпульс, які надалі развіццю супрацоўніцтва праведзеныя раней візіты на вышэйшым узроўні.