Сустрэча з Міністрам абароны Рэспублікі Інданезія Рыямізардам Рыякуду

  • 1

Беларусь прапануе Інданезіі ствараць сумесныя прадпрыемствы для работы на рынку Азіяцкага рэгіёна. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 красавіка на сустрэчы з Міністрам абароны Інданезіі Рыямізардам Рыякуду.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што закрытых тэм у супрацоўніцтве паміж краінамі няма. Беларусь мае намер развіваць узаемадзеянне з Інданезіяй не толькі ў ваенна-тэхнічнай, але і ў грамадзянскіх сферах эканомікі.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатова як пастаўляць прадукцыю на рынак Інданезіі, так і адкрыта дзяліцца тэхналогіямі, ствараючы сумесныя прадпрыемствы. "Што немалаважна і прынцыпова для Інданезіі і Беларусі: мы можам пайсці на стварэнне сумесных прадпрыемстваў на інданезійскай зямлі, каб атрымліваць гатовы прадукт і прадаваць яго ў трэціх краінах у тым рэгіёне", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы аднавіў сваё запрашэнне Прэзідэнту Інданезіі наведаць Беларусь. У ходзе візіту бакі змогуць вызначыць стратэгію далейшага развіцця адносін паміж дзяржавамі на бліжэйшую перспектыву.

У сваю чаргу Рыямізард Рыякуду адзначыў, што яго краіна зацікаўлена ў прадукцыі беларускай прамысловасці. Перспектыўным таксама бачыцца і супрацоўніцтва ў сферы высокіх тэхналогій.

На сустрэчы ўзнімалася пытанне аб актывізацыі работы Беларуска-Інданезійскай міжурадавай камісіі. Бакі сышліся на тым, што неабходна распрацаваць дарожную карту супрацоўніцтва, вызначыць некалькі канкрэтных напрамкаў сумеснай работы і пачаць рэалізоўваць іх. Для гэтага ў бліжэйшы час створаць некалькі рабочых груп. Адным з напрамкаў супрацоўніцтва паміж краінамі стане ўзаемадзеянне ў ваенна-тэхнічнай сферы.