Сустрэча з Міністрам абароны Кітайскай Народнай Рэспублікі Вэй Фэнхэ

  • 1
Кітай адыграў вырашальную ролю ва ўзмацненні абараназдольнасці Беларусі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 красавіка на сустрэчы з членам Цэнтральнага ваеннага савета, членам Дзяржсавета, Міністрам абароны Кітайскай Народнай Рэспублікі Вэй Фэнхэ.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рады гэтай сустрэчы і магчымасці абмеркаваць далейшае супрацоўніцтва. "Перш за ўсё хачу павіншаваць вас з паспяховым завяршэннем усіх палітычных кампаній і баталій у КНР і канстатаваць факт стабільнасці ў палітычных і сацыяльных адносінах у Кітайскай Народнай Рэспубліцы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі папрасіў яшчэ раз асабіста перадаць Старшыні КНР Сі Цзіньпіну самыя добрыя віншаванні і пажаданні.

Аляксандр Лукашэнка таксама павіншаваў Вэй Фэнхэ з назначэннем на найвышэйшую пасаду не толькі ва ўрадзе Кітая, але і з тым, што ён стаў на чале адной з магутнейшых армій свету.

"Хачу падзякаваць у вашай асобе кіраўніцтву КНР за тую неацэнную эканамічную, фінансавую падтрымку, якую вы аказваеце Беларусі. Асаблівая ўдзячнасць вам за тое ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, якое склалася паміж нашымі краінамі", - сказаў беларускі лідар.

"У наш час вы адыгралі вырашальную ролю ва ўзмацненні абараназдольнасці Беларусі. Вы дапамаглі нам стварыць самыя сучасныя касмічныя падраздзяленні, адправіць на арбіту самы сучасны спадарожнік. Мы з вамі стварылі ў Беларусі самы сучасны цэнтр кіравання палётамі. Вы дапамаглі нам стварыць самае сучаснае ракетнае ўзбраенне для беларускай арміі. На падставе гэтага, я думаю, мы стварылі больш сучасныя ўзоры ракетнага ўзбраення, якія зацікавяць ужо і вашу армію. Я ўдзячны вам за тую бязвыплатную дапамогу, якую вы аказваеце нашай арміі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь у даўгу не застанецца. "Вы гэта павінны ведаць, і ўсё кіраўніцтва Кітая павінна аб гэтым ведаць", - сказаў ён.

"Вы нам падставілі плячо ў самы складаны час, калі ўвесь Захад увёў санкцыі супраць Беларусі. Мы гэта помніць будзем доўга. У вас ёсць тут надзейныя сябры", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу кітайскі міністр адзначыў вялікія поспехі Беларусі на шляху дзяржаўнага будаўніцтва. "Вы ўнеслі важкі ўклад у развіццё двухбаковай дружбы. Нашы краіны з'яўляюцца добрымі сябрамі і партнёрамі. І пад вашым са Старшынёй Сі Цзіньпінам кіраўніцтвам нашы краіны ўжо сталі жалезнымі братамі", - сказаў Вэй Фэнхэ.

Ён падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэчы і перадаў прывітанне і добрыя пажаданні ад імя Старшыні КНР Сі Цзіньпіна.