Сустрэча з Маршалкам Сената Польшчы Станіславам Карчэўскім

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на пачатак самага актыўнага дыялогу паміж Беларуссю і Польшчай. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 5 снежня на сустрэчы з Маршалкам Сената Польшчы Станіславам Карчэўскім.

"Вельмі спадзяюся і амаль упэўнены, што Ваш візіт у Беларусь будзе пачаткам самага актыўнага дыялогу паміж нашымі краінамі, - заявіў беларускі лідар. - Пры ўсіх інтарэсах Польшчы і Беларусі, згадзіцеся, дзяліць нам няма чаго. Мы заўсёды жылі ў дружбе і згодзе. У нас вельмі блізкая, а часам агульная гісторыя. І паколькі часам узнікаюць пытанні з боку Польшчы, можа, у нас у часткі насельніцтва, адносна нашай агульнай гісторыі, я вас хачу запэўніць, што мы заўсёды будзем адкрыты. Мы гатовы адказваць заўсёды на пытанні і запыты польскага боку".

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў практычна падобныя падыходы адносна гісторыі. "Гісторыя не павінна мяняцца пад палітыку і палітычных дзеячаў. Гісторыю нельга мяняць пад кан'юнктуру падзей. І наша галоўная задача - максімальна дакладна яе ведаць і дзейнічаць так, каб у наш адрас потым не сказалі, што мы не ўлічваем гістарычнае мінулае і ўрокі гісторыі", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што апошнім часам паміж краінамі актывізаваўся палітычны дыялог, адбыўся шэраг візітаў на розных узроўнях. Пры гэтым паміж Беларуссю і Польшчай устанавіўся даволі высокі ўзровень гандлёва-эканамічных адносін. "Але гэта абсалютна не адпавядае нашым магчымасцям. Думаю, што нам тут ёсць над чым працаваць. Вы абсалютна можаце разлічваць на тое, што закрытых тэм і сфер у нашых адносінах быць не можа. Мы заўсёды будзем адкрыты, гатовы абмяркоўваць любую праблему", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што Беларусі і Польшчы неабходна ўзнімаць палітычныя адносіны на ўзровень эканамічных. "Без народнай дыпламатыі, без парламенцкага вымярэння ў сучасным свеце вельмі цяжка выбудоўваць і палітычныя, і эканамічныя адносіны. Таму Ваш візіт яшчэ важны і таму, што ён будзе садзейнічаць нармалізацыі нашых адносін і выхаду на высокі ўзровень супрацоўніцтва", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Маршалак Сената Польшчы Станіслаў Карчэўскі падкрэсліў, што міжпарламенцкае супрацоўніцтва вельмі важна, таму што яно ўплывае на паляпшэнне самой атмасферы адносін паміж краінамі.

На сустрэчы таксама абмяркоўваліся перспектывы развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Польшчы. Адным з эфектыўных інструментаў у гэтым пытанні можа стаць правядзенне маштабных мерапрыемстваў з удзелам прадстаўнікоў рэгіянальных улад і бізнесу. Польскія дзелавыя колы таксама гатовы нарошчваць узаемадзеянне з беларускімі партнёрамі ў інвестыцыйнай сферы.

Значны патэнцыял хаваецца і ў сумесным удзеле Беларусі і Польшчы ў шэрагу інфраструктурных праектаў. Гэта асабліва актуальна з улікам рэалізацыі канцэпцыі эканамічнага пояса Шаўковага шляху.

Як было адзначана на сустрэчы, інтарэс польскага боку да развіцця супрацоўніцтва прадыктаваны яшчэ і тым, што Беларусь праводзіць палітыку спакою і раўнавагі як у міжнародных адносінах, так і ва ўнутрыдзяржаўных пытаннях.