Сустрэча з лідарамі камуністычных партый Расіі і Украіны Генадзем Зюганавым і Пятром Сіманенкам

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў Захаду прымальны варыянт урэгулявання сітуацыі ва Украіне. Аб гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў 8 жніўня на сустрэчы з лідарамі камуністычных партый Расіі і Украіны Генадзем Зюганавым і Пятром Сіманенкам.

    "На жаль, мір ва Украіне нікому не патрэбны. Я ў свой час прапанаваў варыянт, і з ім Захад згадзіўся - тыя, хто са мной размаўляў, што гэта нармальны варыянт, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Але я ім сказаў: майце на ўвазе - гэта для вас лакмусавая паперка, і калі вы хочаце, каб ва Украіне быў мір, вы з гэтым планам згодзіцеся. Тым больш ад іх не патрэбна было ніякіх затрат".

    "І тады я лішні раз зразумеў, і аб гэтым гаварыў сваім калегам прэзідэнтам, што нас проста ўцягваюць у гэту бойню, і чым больш, тым лепш", - адзначыў беларускі лідар.

    "Хто б калі-небудзь мог падумаць, што сярод трох дзяржаў, славянскіх, самых блізкіх і родных народаў можа ўзнікнуць такая каша на поўдні нашай, не пабаюся гэтага слова, Айчыны", - са шкадаваннем заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

    "У бліжэйшы час мы плануем - прэзідэнты Беларусі, Расіі, Казахстана, Украіны (калі Украіна на гэта пойдзе) - правесці шэраг сустрэч для таго, каб прынцыпова абмеркаваць, што ж адбываецца тут у нас", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

    "Зразумела імкненне амерыканцаў, еўрапейцаў. Я яшчэ ў самым пачатку сказаў, што нам трэба апасацца, нас будуць уцягваць у гэту бойню, як у варонку, каб стварыць тут не проста ачаг напружанасці, а тое, што адбываецца цяпер, - спарадзіць новую вайну. І гэта будзе вайна вельмі небяспечная. На гэта ўвагу тады ніхто не звярнуў. І паглядзіце, што адбываецца", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

    Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для яго вельмі важна пачуць альтэрнатыўны пункт гледжання як з Масквы, так і з Кіева наконт развіцця сітуацыі.

    У сваю чаргу Генадзь Зюганаў падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэчы. "Для нас яна мае вельмі прынцыповы характар, таму што разгараецца пажар вайны, які балюча ўдарыць па ўсіх нашых народах", - сказаў ён.

    Лідар расійскай кампартыі падкрэсліў, што беларускі, расійскі і ўкраінскі народы цесна звязаны паміж сабой роднаснымі сувязямі, разам змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку пры вызваленні Беларусі і Украіны, Крыма і Севастопаля, пры зняцці блакады Ленінграда.

    "Мы вельмі спадзяёмся на Вашы пасрэдніцкія намаганні, ведаем, наколькі Вы аўтарытэтныя, у тым ліку і ў многіх колах Украіны, і максімальна будзем садзейнічаць прымірэнню і вырашэнню гэтай праблемы", - сказаў Генадзь Зюганаў.

    У размове з Аляксандрам Лукашэнкам лідар КПРФ таксама расказаў аб планах наведаць у Мінску новы музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што музей з'яўляецца важным сімвалам і ў першую чаргу прызначаны садзейнічаць таму, каб новыя пакаленні памяталі аб Вялікай Перамозе. "Апошнім часам не проста хочуць сказіць гісторыю, а наўмысна хочуць забраць Перамогу ў нашага народа. Моладзь паціху ўжо не тое што забываць стала, але неяк адыходзіць ад гэтага", - адзначыў беларускі лідар.

    "Яны нас прэсуюць ужо некалькі гадоў - заходнікі, амерыканцы і еўрапейцы - і санкцыямі, і іншым. Я заўсёды гавару: за подзвіг Беларусі ў той страшнай вайне вы павінны на каленях стаяць і дзякаваць беларусам", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.