Сустрэча з кіраўніцтвам Дубайскага міжнароднага фінансавага цэнтра

  • 1
Беларусь зацікаўлена ў вопыце Дубайскага МФЦ пры стварэнні ўласнага міжнароднага фінцэнтра. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 18 красавіка на сустрэчы з кіраўніцтвам Дубайскага міжнароднага фінансавага цэнтра.

На сустрэчы прысутнічалі кіраўнік Дубайскага міжнароднага фінансавага цэнтра Эса Абдулфатах Казім і выканаўчы дырэктар гэтага цэнтра Арыф Аміры.

"Дзякую вам за добрыя словы, пачынанні і тую дапамогу, якую вы аказваеце нам. Думаю, што вы ўжо знаёмы з нашымі марамі: стварыць нешта накшталт вашага цэнтра ў Беларусі. І я буду вам вельмі ўдзячны, калі вы прадоўжыце сваю дабрачынную дзейнасць у Беларусі ў плане падтрымкі гэтага праекта і кансультатыўнай дапамогі нам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў велізарны і неацэнны вопыт Дубайскага МФЦ у стварэнні такіх міжнародных фінансавых цэнтраў. "Ведаю, што ваш цэнтр праяўляе вялікую цікавасць у супрацоўніцтве ў галіне ІТ-тэхналогій, вы шмат удзяляеце ўвагі лічбавай эканоміцы. Мы таксама гэтым сур'ёзна займаемся. Думаю, калі б мы змаглі знайсці агульны інтарэс, то гэта спалучэнне было б толькі на карысць развіццю лічбавай эканомікі. Калі вы палічыце, што ў Беларусі ёсць вопыт высокіх тэхналогій, мы да вашых паслуг і гатовы працаваць разам", - падкрэсліў беларускі лідар.

У сваю чаргу кіраўнік Дубайскага МФЦ адзначыў, што і Урад Дубая, і сам цэнтр абавязуюцца падтрымліваць праект у Беларусі. "З мінулага лета пасля атрымання першых дакументаў наконт гэтага мы прынялі рашэнне падтрымліваць супрацоўніцтва ў гэтай галіне. Не думаю, што гэта проста мара. Гэта нешта, што мы вельмі хутка рэалізуем. Мы прыехалі, каб падзяліцца вопытам, мы гатовы да гэтага, асабліва што датычыцца стварэння і развіцця фінансавага цэнтра. І мы поўнасцю гатовы ўносіць уклад у развіццё адносін паміж дзвюма дзяржавамі, асабліва ў ІТ-сектары", - заявіў Эса Абдулфатах Казім.