Сустрэча з кіраўніком Удмурцкай Рэспублікі Аляксандрам Салаўёвым

  • 1
Беларусі і Удмуртыі неабходна знайсці магчымасць для выхаду на больш высокую ступень супрацоўніцтва. Аб гэтым 27 лютага заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Удмурцкай Рэспублікі Аляксандрам Салаўёвым.

Прэзідэнт падкрэсліў неабходнасць выхаду на больш высокую ступень супрацоўніцтва для пераадолення негатыўных тэндэнцый зніжэння тавараабароту паміж Удмуртыяй і Беларуссю. “Агульных падыходаў вельмі шмат. Мы гатовы аператыўна разгледзець усе прапановы і выйсці на канкрэтныя дамоўленасці, якія забяспечаць пашырэнне двухбаковага супрацоўніцтва”, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы таксама гарантаваў, што беларускі бок зробіць ўсё для выканання раней дасягнутых дамоўленасцей.

Беларускі лідар канстатаваў, што апошнія гады аб'ём гандлю паміж Удмуртыяй і Беларуссю знізіўся, чаму, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, ёсць і аб'ектыўныя прычыны. "Але нас не павінна гэта задавольваць і, зразумела, не задавольвае. Тым больш што дадатковыя магчымасці для актывізацыі супрацоўніцтва прадастаўляе адзіны наш эканамічны саюз, які пачаў працаваць з 2015 года. Накіраваны ён на забеспячэнне максімальна спрыяльных умоў для развіцця супрацоўніцтва краін-удзельніц", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што Беларусі і Удмуртыі трэба сумеснымі намаганнямі пераадолець існуючую негатыўную тэндэнцыю ва ўзаемным гандлі. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў лепшыя часы тавараабарот быў у разы вышэйшы. "Трэба пастарацца замясціць прадукцыю, якой мы тады гандлявалі, гэта ў асноўным экспарт нафтапрадуктаў, прадукцыяй сельскай гаспадаркі, машынабудаўнічага комплексу, таварамі народнага спажывання. Мы гатовы да гэтага", - сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, Беларусь гатова нарошчваць пастаўкі шырокага спектра сельскагаспадарчай, аўтамабільнай, дарожна-будаўнічай, пасажырскай, камунальнай тэхнікі.

Акрамя таго, у Беларусі выпускаецца якасная прадукцыя лёгкай, харчовай прамысловасці, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт  выказаў упэўненасць, што ў час наведвання прадпрыемстваў у Беларусі дэлегацыя Удмурцкай Рэспублікі змагла ў гэтым пераканацца.

"Асаблівую ўвагу важна ўдзяліць развіццю вытворчай кааперацыі. Яна дазволіць выкарыстоўваць магчымасць нашага прамысловага, навукова-тэхнічнага, інтэлектуальнага патэнцыялу і дасць неабходны комплексны эфект", - сказаў Аляксандр Лукашэнка і дадаў, што сведчаннем таго з'яўляецца сумеснае прадпрыемства "Удмуртаграснаб", якое паспяхова працуе.

Прэзідэнт адзначыў, што і ў Беларусі, і ва Удмуртыі вялікая ўвага ўдзяляецца сельскай гаспадарцы. У выпадку зацікаўленасці ўдмурцкага боку Беларусь гатова падзяліцца адпаведным вопытам у сферы вырошчвання і перапрацоўкі шырокага спектра сельскагаспадарчай прадукцыі, у тым ліку лёну. Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што доўгатэрміновым павінна стаць супрацоўніцтва ў галіне транспарту, дарожнага будаўніцтва, камунальнай гаспадаркі, у гуманітарнай сферы.

У сваю чаргу Аляксандр Салаўёў адзначыў, што дэлегацыя Удмуртыі за час свайго знаходжання ў Беларусі паспела правесці шэраг паспяховых дзелавых сустрэч, што павінна станоўча адбіцца на дынаміцы двухбаковых адносін.