Сустрэча з Кіраўніком спраў Прэзідэнта Віктарам Шэйманам і памочнікам Прэзідэнта па агульных пытаннях Мікалаем Корбутам

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў да канца года істотна палепшыць сітуацыю ў Аршанскім раёне. Такую задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў 22 мая ў час сустрэчы з Кіраўніком спраў Прэзідэнта Віктарам Шэйманам і памочнікам Прэзідэнта па агульных пытаннях Мікалаем Корбутам.

    Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Аршанскаму раёну да гэтага часу ўдзялялася недастаткова ўвагі, а праблемы ёсць і іх неабходна вырашаць. "Ураду даручана высветліць усе нюансы і прывесці гэты горад на працягу года-паўтара ў адпаведнасць з нармальным функцыянаваннем", - сказаў Прэзідэнт.

    Перш за ўсё, падкрэсліў ён, неабходна сканцэнтраваць намаганні на развіцці гарадскіх прадпрыемстваў, паколькі Орша - магутны прамысловы цэнтр. "Яны ўсе павінны быць адноўлены, і людзі павінны там працаваць. Яны ўсім нам патрэбны, яны ўсе выпускаюць прадукцыю, якая нам патрэбна. Урад павінен прыняць рашэнне і ажыццявіць гэтыя меры, на працягу года (максімум паўтара) іх завяршыць. Але ў бягучым годзе істотна палепшыць сітуацыю ў Оршы. Гэта прывядзе да вырашэння трох асноўных сацыяльных пытанняў: занятасці, заработнай платы, яшчэ паўплывае на цэнаўтварэнне", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    У аднаўленні маюць патрэбу і іншыя населеныя пункты раёна, у прыватнасці, Барань і Балбасава. Тут таксама неабходна прывесці ў парадак прадпрыемствы і даць людзям магчымасць працаваць, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

    Віктару Шэйману было даручана ўзяць гэтыя пытанні на асабісты кантроль. "Гэта не значыць, што вы кагосьці павінны падмяняць - вырашаць пытанні павінен Урад. Да канца года прадпрыемствы павінны быць прыведзены ў парадак, і людзі павінны прыходзіць туды на работу з добрым настроем. Ужо не гавару пра зарплату, занятасць і гэтак далей - вы гэта ведаеце. З вашага боку павінен быць жорсткі, генеральскі кантроль. Не тое, што мы пашумім, пашумім і ўсё так і застанецца. Не застанецца. У канцы года вы мне асабіста даложыце па Оршы там, на месцы", - папярэдзіў Прэзідэнт.

    На сустрэчы былі таксама абмеркаваны стварэнне на базе Аршанскага раёна сельскагаспадарчага холдынга і мадэрнізацыя ў сувязі з гэтым пасёлка Копысь. Гэтыя пытанні будуць зонай адказнасці Мікалая Корбута. "Усё павінна быць там рэалізавана згодна з задумай. Копысь трэба ператварыць у цэнтр, дзе будзе сканцэнтравана ўся перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта будучыня нашай вёскі".