Сустрэча з Кіраўніком спраў Прэзідэнта Віктарам Шэйманам

  • 1

Пашырэнне беларуска-афрыканскага супрацоўніцтва і развіццё Аршанскага раёна 31 жніўня сталі галоўнымі тэмамі рабочай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Кіраўніком спраў Прэзідэнта Віктарам Шэйманам.

Кіраўнік дзяржавы спытаў у Віктара Шэймана, які курыруе супрацоўніцтва з афрыканскім кантынентам, як Беларусь развівае адносіны з краінамі гэтага рэгіёна. У прыватнасці, Прэзідэнт цікавіўся вынікамі асваення новых рынкаў і паглыблення ўзаемадзеяння з існуючымі партнёрамі.

"З Егіптам мы традыцыйна супрацоўнічаем. Судан мы выбралі ў Цэнтральнай, Усходняй Афрыцы - мы на яго будзем абапірацца, каб працаваць у гэтай частцы кантынента, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы дагаворваліся, што паўднёвы захад, поўдзень Афрыкі вы прапрацуеце і ўнесяце прапановы, на якія краіны нам абаперціся, дзе, магчыма, мы будзем патрэбны".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Беларусі не хопіць магчымасцей развіваць супрацоўніцтва адразу з усім кантынентам, таму неабходна вызначыць краіны, якія змогуць стаць для яе надзейнымі кропкамі апоры ў афрыканскім рэгіёне.

Яшчэ адной тэмай сустрэчы стаў стан спраў у Аршанскім раёне. "Што там адбываецца? У бліжэйшы час усе члены ўрада, якія там задзейнічаны, будуць даваць справаздачу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Было адзначана, што Аршанскі раён павінен стаць прыкладам таго, як у Беларусі будуць развіваць усе раённыя цэнтры.