Сустрэча з Кіраўніком Рэспублікі Карэлія Артурам Парфенчыкавым

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 снежня на сустрэчы з Кіраўніком Рэспублікі Карэлія Расійскай Федэрацыі Артурам Парфенчыкавым заявіў аб гатоўнасці беларускага боку пастаўляць у гэты расійскі рэгіён неабходную ў розных галінах тэхніку, прадукты харчавання, а таксама развіваць узаемадзеянне ў аграпрамысловым комплексе.

Прэзідэнт падкрэсліў, што супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі з'яўляецца адной з асноў стратэгічных адносін паміж Беларуссю і Расіяй, ключавым складнікам гандлёва-эканамічных сувязей. Рэспубліку Карэлія кіраўнік дзяржавы назваў важным партнёрам у Паўночна-Заходняй федэральнай акрузе і адзначыў, што Беларусь зацікаўлена ў далейшым нарошчванні тэмпаў гандлю, пашырэнні дзелавых ініцыятыў і пошуку новых кропак росту.

У якасці перспектыўнага праекта Беларусь разглядае стварэнне сумеснай з Карэліяй зборачнай вытворчасці лесанарыхтоўчай тэхнікі "Амкадор". "Гэта буйны і важны праект, і мы вельмі разлічваем у далейшым на вашу падтрымку пры яго рэалізацыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адным напрамкам супрацоўніцтва з'яўляецца пастаўка беларускіх кар'ерных і грузавых аўтамабіляў для горназдабыўных прадпрыемстваў, тэхнікі для лесапрамысловага комплексу, пасажырскага транспарту, а таксама забеспячэнне іх запаснымі часткамі. "Пры гэтым мы можам прапанаваць узаемавыгадныя экспартныя фінансавыя інструменты, уключаючы лізінг і льготнае крэдытаванне. Гэтыя праграмы ў нас дзейнічаюць ужо не першы год", - адзначыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, у сувязі з гэтым БелАЗ гатовы падключыцца да праграмы перааснашчэння парку велікагрузных машын у Карэліі, а МАЗ і "Белкамунмаш" - да праграмы абнаўлення пасажырскага транспарту.

Беларусь можа аказаць дапамогу і ў развіцці сельскай гаспадаркі Карэліі, у тым ліку пашырыць экспарт прадукцыі айчыннага машынабудавання для гэтых мэт. "Вопыт вялікі - ад Венесуэлы да Сахаліна, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Аб'ехаўшы ўвесь свет, выпрабаваўшы розныя тэхналогіі, мы прыйшлі да пэўнай высновы, у якім напрамку павінна развівацца сельская гаспадарка. Мы можам, калі вы будзеце будаваць сабе малочнатаварныя комплексы, аснасціць іх поўнасцю нашымі камплектуючымі. Яны прайшлі ўжо апрабацыю. Пачыналі мы ствараць па самых высокіх еўрапейскіх стандартах, з імі (еўрапейскімі партнёрамі. - Заўвага) многае рабілі. Цяпер мы цалкам лакалізавалі вытворчасць". Аляксандр Лукашэнка бачыць магчымасці і ў больш актыўным супрацоўніцтве па лініі вучоных-аграрыяў.

Акрамя таго, Беларусь гатова і ў далейшым пастаўляць на рынак Карэліі прадукты харчавання. "Мы пастаўляем у Карэлію нямала прадуктаў харчавання. Калі вас гэта задавольвае, гаварыце - колькі, якія, і мы заўсёды выканаем па вашым пажаданні адпаведныя заказы", - прапанаваў Прэзідэнт.

У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць падтрымання ўзаемавыгадных і партнёрскіх адносін у пытанні ўзаемнага гандлю з Расіяй. "Нам ваш рынак выгадны. Таму што ён побач. Гэты рынак, можна нават сказаць, прэміяльны. І мы гатовы з вамі супрацоўнічаць. Але такім чынам, каб устаноўлены ў вас баланс не парушаць. Больш таго, мы вам дапамагаем і будзем дапамагаць, калі ў гэтым ёсць неабходнасць, разумеючы, што мы сабе канкурэнцыю ствараем. Але ў брацкіх дзяржаў не павінна быць такога падыходу. Мы павінны дапамагаць", - сказаў беларускі лідар.

"Я абсалютна ўпэўнены, калі не будзе перашкод, нам расійскага рынку назаўсёды хопіць. Таму што Расіі ёсць што вырабляць, што карыстаецца попытам на сусветных рынках. Таму трэба замяшчаць гэту прадукцыю", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прывёў прыклад, што Кітай адмовіўся ад соі з ЗША, у сувязі з чым ёсць магчымасць для пашырэння экспартных паставак з Расіі. "Расія ўвесь свой экспарт можа забяспечыць за кошт Кітая. І па добрых цэнах. Якраз з Прэзідэнтам абмяркоўвалі гэту тэму. Давайце тады мы зоймемся якім-небудзь іншым прадуктам для сябе і для Расіі. Гэта значыць, разумна трэба падысці і збалансаваць усе гэтыя патокі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы гэта балансавалі, дагаворы заключалі, але не заўсёды выконвалі. Думаю, гэта пытанне перагавораў, і мы ўладзім гэтыя адносіны".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам часта можна чуць пра тое, што Расія закрывае пастаўкі той ці іншай беларускай прадукцыі. "Звычайная канкурэнцыя", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён дадаў, што Беларусь часам папракаюць і ў дэмпінгу на расійскім рынку - пастаўках больш таннай прадукцыі. "Я часта кіраўнікам Расіі гавару: вы скажыце, стварыце кампанію якую-небудзь буйную, і мы праз яе будзем пастаўляць на ўсю Расію. Мы вам пастаўляем за рубель, а вы прадавайце за 10, калі лічаце, што расіяне вельмі багатыя. Гэта значыць, тут проста ідзе нядобрасумленная канкурэнцыя. Справа абсалютна не ў якасці", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт у сувязі з гэтым адзначыў, што ў Беларусі з савецкага часу захаваны і нават узмоцнены ДАСТы. "Мы пачалі развіваць, цярпелі. Таму што ў вас былі нейкія тэхнічныя рэгламенты, а ў нас - ДАСТы, у нас натуральнае, а ў вас - з дабаўкамі. У вас танней з-за гэтага, а ў нас даражэй. І мы не маглі канкурыраваць пасля распаду Саюза на гэтых рынках, таму што насельніцтва было небагатае. Нам цяжка было канкурыраваць, таму што натуральнае даражэй каштавала, - расказаў Прэзідэнт. - Але я тады жорстка паставіў задачу: будзем цярпець, пагледзіце - праз два-тры гады сітуацыя зменіцца. Людзі не будуць увесь час беднымі і будуць схільныя нават за апошнія грошы купляць натуральнае. Так і адбылося".

Аляксандр Лукашэнка разам з гэтым звярнуў увагу, што раз ідзе атака адносна беларускай прадукцыі, пастаўлена задача дыверсіфікаваць рынкі. "Гэта аксіёма для любой дзяржавы. Нельга замыкацца нават на самую дружалюбную і брацкую дзяржаву - адзін рынак, не маючы іншых", - лічыць беларускі лідар.

У гэтым плане Беларусь імкнецца збалансаваць свой экспарт, каб пастаўляць прыкладна па трэці аб'ёмаў на расійскі рынак, у Еўрасаюз, іншыя краіны. "Калі Расія далей будзе праводзіць такую палітыку, мы, вядома, пойдзем  на іншыя рынкі", - заявіў Прэзідэнт.

Прадаўжаючы тэму перспектыўных напрамкаў для развіцця супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Карэліяй, Аляксандр Лукашэнка адзначыў узаемны інтарэс і ва ўзаемадзеянні ў рыбаводчай галіне, паколькі Карэлія з'яўляецца бясспрэчным лідарам у Расіі па вытворчасці азёрнай фарэлі.

"Упэўнены, што сённяшняя сустрэча дасць магчымасць умацаваць сувязі, якімі мы даражым. Наша мэта - максімальная практычная эфектыўнасць супрацоўніцтва. Сумеснымі намаганнямі мы зможам дабіцца вынікаў, якія плануем", - дадаў беларускі лідар.

"Усё, аб чым гаварылі, уяўляе наш вялікі ўзаемны інтарэс. Думаю, што мы ў любым выпадку павінны знаходзіць узаемавыгадны вынік. У нас толькі такі падыход", - сказаў Артур Парфенчыкаў.

Паводле яго слоў, у ходзе візіту дэлегацыі гэтага расійскага рэгіёна ў Беларусь быў складзены новы план трохгадовага ўзаемадзеяння, які разлічаны на павелічэнне аб'ёмаў супрацоўніцтва як у гандлі, так і па іншых напрамках.

Артур Парфенчыкаў падкрэсліў, што супрацоўніцтва паміж Карэліяй і Беларуссю ахоплівае не толькі гандлёва-эканамічныя пытанні, але і галіны культуры, гуманітарных сувязей. Гэта абумоўлена тым, што ў Карэліі пражывае вельмі вялікая беларуская дыяспара, створана нацыянальна-культурная аўтаномія, ды і сам Кіраўнік Карэліі мае беларускія карані.