Сустрэча з кіраўніком прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майрай Морай

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў нашай краіне Майра Мора ў час сустрэчы 24 жніўня адзначылі паляпшэнне адносін паміж ЕС і Беларуссю.

Перагаворы прайшлі ў сувязі з завяршэннем дыпламатычнай місіі Майры Моры ў Беларусі, і Прэзідэнт высока ацаніў яе дзейнасць. "Вы зрабілі нямала для таго, каб мы не толькі пачалі размаўляць з вялікай Еўропай, але і ў нечым разумець адзін аднаго, наладжваць нашы адносіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што нягледзячы на ад'езд Майры Моры з Беларусі, яна застанецца шчырым сябрам краіны. Ён запрасіў яе ў любы зручны час наведваць Беларусь. "Дзе б вы ні жылі, калі захочаце сюды прыехаць, тут вам заўсёды рады", - сказаў Прэзідэнт.

Адзначаючы ўклад кіраўніка прадстаўніцтва ў развіццё адносін паміж Беларуссю і ЕС, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што яна рабіла гэта шчыра. "Мы ведаем, што вы рабілі вельмі многае шчыра, а што не маглі зрабіць, маўчалі, і мы разумелі гэта маўчанне", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён яшчэ раз падзякаваў Майры Моры за яе шчырую пазіцыю і пажадаў ёй поспехаў на новым полі дзейнасці. "У Беларусі ў вас застануцца надзейныя сябры", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама сказаў, што сустракаецца далёка не з усімі пасламі, якія завяршаюць сваю дыпламатычную місію. І факт гэтай сустрэчы гаворыць сам за сябе. "Гэта прызнанне нашай краіны перад чалавекам, які прысвяціў сябе таму, каб палепшыць адносіны, а не разарваць, не пагоршыць, як гэта часам бывае", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, работа Майры Моры з'яўляецца своеасаблівым "узорам паводзін пасла ў краіне знаходжання". "Пасол павінен склейваць, аб'ядноўваць, але ні ў якім разе не рваць і не раз'ядноўваць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу кіраўнік прадстаўніцтва ЕС сказала, што пакідае Беларусь на хвалі паляпшэння адносін з Еўрасаюзам. "Жадаю, каб адносіны такімі заставаліся і ў далейшым, таму што мы суседзі і павінны жыць у міры і згодзе", - сказала Майра Мора.

Яна падзякавала Прэзідэнту Беларусі за высокую ацэнку яе дыпламатычнай дзейнасці. Адносна сваёй пераемніцы Майра Мора падкрэсліла: "Я пакідаю сваю любімую Беларусь у вельмі добрых руках".

Майра Мора лічыць падарункам лёсу той факт, што ёй двойчы давялося працаваць у Беларусі: першапачаткова паслом Латвіі, а потым кіраўніком прадстаўніцтва ЕС. "Я бачыла розную Беларусь і ў розныя часы была ў Беларусі", - адзначыла яна.

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС лічыць важным, што цяпер адносіны Беларусі і ЕС паляпшаюцца. "Мая прафесія - дыпламат. Размовы, кантакты - гэта наша зброя. Трэба не адгароджвацца, а, наадварот, абмяркоўваць усё, нават вострыя пытанні, што я гэтыя гады і рабіла", - сказала Майра Мора.

На сустрэчы абмеркаваны актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня. Акрамя таго, была адзначана роля Беларусі як важнага звяна падтрымання стабільнасці і бяспекі ў цэлым у Еўропе.