Сустрэча з кіраўніком прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на садзейнічанне Еўрапейскага саюза стабілізацыі сітуацыі ва Украіне. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 22 ліпеня на сустрэчы з кіраўніком прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын.

"У нас ёсць з вамі агульная праблема, можна сказаць, бяда - Украіна. Я вельмі добра ведаю ўкраінскі народ і ўсё тое, што сёння адбываецца ва Украіне, гэты народ таго не заслужыў. Прайшлі прэзідэнцкія, парламенцкія выбары, важнае пытанне так ці інакш там вырашана - пытанне ўлады. У свой час Еўрапейскі саюз даў шмат абнадзейлівых сігналаў для гэтай брацкай для нас краіны і брацкага для нас народа. Я вас вельмі прасіў бы аказаць усялякае садзейнічанне стабілізацыі сітуацыі ва Украіне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што разлічвае на гэта не толькі таму, што асабіста суперажывае ўкраінскаму народу. "Справа ў тым, што гэта праблема наша з вамі - мы, украінцы і вы жывём у адным рэгіёне. Гэты нарыў, гэты галаўны боль для Еўрапейскага саюза трэба як мага хутчэй зняць. Таму я пераканаўча прашу вас, як бы ні было складана вам цяпер, едучы ў іншую краіну, перадаць гэты сігнал Еўрапейскаму саюзу: Украіна мае патрэбу ў падтрымцы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, ЕС нясе поўную адказнасць за падзеі, якія адбываюцца ва Украіне, бо ён у свой час прапанаваў ёй альтэрнатыву - пайсці на збліжэнне з Еўропай. "Украіна пайшла і арыентуецца на Еўропу, напэўна, цяпер больш, чым на Расію, Беларусь, ЕАЭС. Еўрапейскі саюз сказаў А, павінен сказаць Б, калі гаварыць адкрыта. Трэба дапамагчы ўкраінскаму народу", - рэзюмаваў ён.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што Беларусь гатова да ўзмацнення палітычнага дыялогу з Еўрапейскім саюзам. "Няма сёння перашкод для таго, каб узмацняць дыялог не толькі па эканамічных, але і палітычных пытаннях. Беларусь да гэтага гатова. Давайце будзем у гэтым напрамку рухацца, не чакаючы якіх бы там ні было падзей: парламенцкіх гэта, ці прэзідэнцкіх выбараў. Думаю, нашы адносіны важнейшыя за ўсялякія палітычныя кампаніі ў вас або ў нас", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў вялікі ўклад Андрэа Віктарын у развіццё адносін паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, падкрэсліўшы, што апошнія гады яны развіваюцца найбольш эфектыўна. "Я вам удзячны ад імя беларускага народа за гэты прамежак часу, які вы адпрацавалі і які быў вельмі пазітыўны ў нашых адносінах з Еўрасаюзам, - сказаў Прэзідэнт. - Я вельмі спадзяюся, што на замену вам прыедзе дастойны чалавек. Я хачу пажадаць вам усялякіх поспехаў у Арменіі. Гэта дружалюбная Беларусі краіна, у нечым вельмі падобная, таму вам лёгка будзе ўвайсці ў курс справы ў Арменіі. І не забывайце, што чатыры гады - гэта ўсё ж такі пэўны тэрмін у вашым жыцці, і ён звязаны з Беларуссю. Мы заўсёды будзем рады бачыць вам, тым больш для вас візы не патрэбны".

Асобную ўдзячнасць Аляксандр Лукашэнка выказаў за фінансавую падтрымку, якую ЕС аказвае праектам у Беларусі, у тым ліку па развіцці інфраструктуры. "Гэта трэба будзе не толькі беларусам, але і еўрапейцам", - падкрэсліў ён.

Андрэа Віктарын у сваю чаргу дадала, што за апошнія некалькі гадоў Беларусі і Еўрапейскаму саюзу ўдалося пабудаваць даверныя адносіны адзін з адным. "Паміж намі адбываецца адкрыты дыялог як па палітычных тэмах, так і па эканамічных, а таксама па спецыфічных, асобных пытаннях, такіх як гандаль, мытныя пытанні і гэтак далей", - адзначыла яна.