Сустрэча з кіраўніком місіі МВФ па Беларусі Пітэрам Долманам

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 17 лістапада абмеркаваў з кіраўніком місіі Міжнароднага валютнага фонду па Беларусі Пітэрам Долманам прапановы МВФ наконт перспектыў узаемадзеяння і асноўных момантаў будучай праграмы.

Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы адзначыў, што ні адзін пункт, які прапануецца, не выклікае ў яго ніякага непрымання, алергіі. Прапановы фонду грунтуюцца на абсалютна аб'ектыўных законах эканомікі, жыцця, лічыць Кіраўнік дзяржавы. "Формула адна: атрымліваеш паслугу - плаці за гэту паслугу ў поўным аб'ёме", - сказаў ён.

Прэзідэнт з задавальненнем адзначыў, што Беларусь і МВФ дакладна выконваюць дамоўленасць па прапрацоўцы праграмы, якая павінна паслужыць асновай супрацоўніцтва. Пытанне, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, толькі ў тэрмінах. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што у гэтым выпадку ў бакоў не будзе вельмі вялікай разбежкі "ў разуменні гэтых тэрмінаў наогул". Беларускі бок нацэлены на тое, каб прапановы, выпрацаваныя сумесна з фондам, рэалізаваліся ў гранічна кароткі час.

У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што ў Беларусі, падабаецца гэта фонду або не, не маюць намеру ламаць выпрацаваную схему сацыяльнай дзяржавы. "Проста сэнс у тым, што мы не можам кінуць ніводнае дзіця, ніводнага старога, інваліда без дапамогі нашага грамадства, дзяржавы, - падкрэсліў Прэзідэнт. - У гэтым сэнс сацыяльнай дзяржавы. Мы не можам іх проста выкінуць на абочыну дарогі, па якой мы ідзём".

Усе астатнія прапановы фонду, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, абсалютна рэалізуемыя ў Беларусі.

У сваю чаргу Пітэр Долман адзначыў, што ў МВФ і беларускага боку адны мэты па пабудове эфектыўнай эканомікі Беларусі. Пітэр Долман падзякаваў Прэзідэнту за адкрытасць, якую ён прадэманстраваў у час сустрэчы. Паводле слоў кіраўніка місіі МВФ, гэта служыць знакам вельмі прадукцыйнага ўзаемадзеяння, якое развіваецца паміж фондам і Беларуссю.