Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча з кіраўніком часовай адміністрацыі ААТ "Белгазпрамбанк" Надзеяй Ермаковай

1 жніўня 2020 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 жніўня абмеркаваў з кіраўніком часовай адміністрацыі ААТ "Белгазпрамбанк" Надзеяй Ермаковай сітуацыю ў банку і падзякаваў за праведзеную работу.

"Я, Надзея Андрэеўна, чаму запрасіў вас публічна (збіраўся даўно, але хапала работы тут): перш за ўсё, хачу табе падзякаваць, што ў цяжкі момант адгукнулася і фактычна выратавала банк і працоўны калектыў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што Надзея Ермакова добра ведае сітуацыю ў банку. "Вельмі прасіў бы, каб парадак быў у банку, банк губіць нельга. Гэта банк, які, калі "Газпрам" ад яго адмовіцца, гасподзь з імі. Працоўны калектыў ёсць, навыкі ёсць, магчымасці будуць. Мы Нацыянальным банкам будзем падтрымліваць гэты банк: там жа нашы людзі і нашы прадпрыемствы. Так, трапілі ў складаную сітуацыю з-за гэтых карупцыйных праяў, але ў нас ёсць вопыт утрымання не проста на плаву банкаў, але і нармальнага іх функцыянавання", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што, як дакладваў яму Старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Тэртэль, няма катастрофы ў банку. "Вам удалося з Лядніцкай (Ілона Лядніцкая - намеснік Старшыні Нацыянальнага банка. - Заўвага) стабілізаваць сітуацыю. Я таксама вельмі ўдзячны ёй, перадайце маю ўдзячнасць. Я зраблю ўсё для таго, каб і людзі, якія ўклалі свае грошы, і нашы прадпрыемствы нічога не страцілі. З нашага боку, з боку дзяржавы мы зробім усё неабходнае", - запэўніў Прэзідэнт.

"Асаблівай зацікаўленасці газпрамаўскай я не бачу, хаця, калі мы размаўлялі з Прэзідэнтам Расіі, ён мне таксама рэкамендаваў: гаворыць, што банк можа працаваць, не бедныя ў яго ўласнікі - даслоўна. Таму, калі табе патрэбны гэты банк, ён мне сказаў, значыць, пастарайцеся спрацаваць так, каб гэты банк працаваў. Я кажу: мы толькі за, мы супраць не будзем, але ён павінен працаваць па нашых законах. Таму яшчэ раз удзячны за тое, што зроблена за гэты час у гэтым банку", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Тэгі: Сустрэчы
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь