Сустрэча з кіраўніком Чачэнскай Рэспублікі Рамзанам Кадыравым

  • 1
  • 2:59

Развіццё вытворчай кааперацыі павінна стаць ключавой тэмай супрацоўніцтва Беларусі і Чачэнскай Рэспублікі Расійскай Федэрацыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 25 верасня на сустрэчы з кіраўніком Чачэнскай Рэспублікі Рамзанам Кадыравым.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь удзяляе важную ўвагу развіццю шматбаковага супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі. "Мы па-брацку будуем свае адносіны з прадстаўнікамі шматнацыянальнай Расіі. І на сённяшні дзень мы бачым вельмі сур'ёзныя тэндэнцыі да паглыблення нашых адносін", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы вельмі добра паінфармаваны аб развіцці Чачэнскай Рэспублікі, вельмі рады за гэта. Вы проста малайцы: узнялі з руін, з попелу свой кавалачак зямлі, усялілі ўпэўненасць у народ, - сказаў беларускі лідар. - Для нас Чачэнская Рэспубліка - вельмі перспектыўны, аўтарытэтны рэгіён. Што датычыцца эканамічных адносін, мы хацелі б не толькі супрацоўнічаць з Грозным, але з вамі разам працаваць і на Каўказе. Мы спакойна можам там будаваць сумесныя прадпрыемствы, ствараць сумесныя высокатэхналагічныя прадукты, гандляваць у вашым рэгіёне не толькі на поўдні, але і на поўначы".

Прэзідэнт упэўнены ў перспектыўнасці такога ўзаемадзеяння. "Але размова ідзе толькі аб высокатэхналагічным прадукце, які сёння запатрабаваны ў вашым рэгіёне і Расіі наогул", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ключавой тэмай двухбаковага ўзаемадзеяння павінна стаць вытворчая кааперацыя, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Гэта найбольш развітая, узаемавыгадная форма супрацоўніцтва, якая дае магчымасць забяспечыць патрэбнасці рэгіянальнага рынку, а таксама стварыць высокатэхналагічныя рабочыя месцы. "Я вельмі вас падтрымліваю, вы малайцы, што арыентаваны менавіта на высокія тэхналогіі - гэта заўтрашні дзень. Калі б вы арыентаваліся на сённяшні дзень - праз год-два былі б у хвасце, а так замахнуліся на вельмі сур'ёзныя праекты, і мы гатовы ўдзельнічаць, шукаць сваё месца ў іх", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў магчымасці пашырэння кааперацыі з улікам запуску ў Чачэнскай Рэспубліцы аўтамабільнай вытворчасці. "У нас ёсць прадпрыемствы, якія маюць вопыт супрацоўніцтва з Расіяй, дапусцім, "Аўтакампаненты". Мы можам супрацоўнічаць з вамі. Вядома, вы можаце гэтыя аўтакампаненты, шчыра кажучы, купіць у любой краіне, з любым бізнесменам дамовіцца. Але мы вам гарантуем не толькі якасць і цану, але і сур'ёзнейшую абавязковасць. У нас дзяржава адказвае за такія рэчы", - сказаў ён.


Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што наяўнасць абавязковага партнёра - немалаважнае пытанне. Напрыклад, Беларусь, супрацоўнічаючы з несумленнымі бізнесменамі, страціла сотні мільёнаў долараў. "З вамі ў нас няма праблем, таму што ў вас дзяржаўная структура мае моцную ўладу, вельмі моцны ўплыў на ўсе сектары. Гэтак жа і ў нас", - дадаў Прэзідэнт.

Ён прапанаваў развіваць узаемадзеянне ў машынабудаванні, у гэтай сферы Беларусь была вядучай рэспублікай яшчэ ў часы Савецкага Саюза. Перспектыўнай галіной з'яўляецца і нафтахімічная прамысловасць. "Можам прапанаваць свае паслугі, калі вы яшчэ глыбока займаецеся пытаннямі здабычы нафты, перапрацоўкі. Наша кампанія "Беларуснафта" працуе ў многіх частках свету", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Асаблівая ўвага была звернута на вытворчасць пасажырскай і камунальнай тэхнікі. "Паглядзіце - калі вам спадабаецца, паспрабуйце і ў сябе. Можам стварыць сумесную вытворчасць і з вамі вырабляць гэту тэхніку", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускія спецыялісты таксама могуць падключыцца да развіцця ў Чачэнскай Рэспубліцы сельскай гаспадаркі і вёскі ў цэлым. "Каўказ заўсёды славіўся ўзроўнем развіцця вёскі. Я ўпэўнены, на Каўказе вёска заўсёды будзе існаваць, будзе жыць. Можа, што-небудзь вы знойдзеце і ў нас карыснае", - дадаў Прэзідэнт.

Асобную ўвагу трэба ўдзяліць развіццю турызму, лічыць беларускі лідар.

"Мы для вас абсалютна адкрытыя: глядзіце, вывучайце. Нешта нам падкажаце, нешта мы вам падкажам. Але гэты візіт павінен быць пачаткам добрага супрацоўніцтва з вашым рэгіёнам", - падагульніў Кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Рамзан Кадыраў падкрэсліў цікавасць Чачэнскай Рэспублікі да развіцця адносін з Беларуссю і адзначыў наяўнасць вялікай павагі сярод жыхароў Каўказскага рэгіёна да беларускага лідара.

"Я, можна сказаць, марыў аб асабістай сустрэчы з вамі. Таму што ўсе гэтыя гады, як вы толькі што сказалі, мы адчувалі і адчуваем падтрымку. На Каўказе вас вельмі моцна паважаюць, любяць за вашу адназначную пазіцыю. За тое, што вы будуеце дзяржаву, абараняеце інтарэсы свайго народа на вышэйшым узроўні. Мы не абыякавыя да вашай краіны. І нашы краіны даўно звязваюць дружалюбныя, братэрскія адносіны", - канстатаваў ён.

Рамзан Кадыраў згадзіўся, што развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ўмацоўвае і беларуска-расійскія адносіны ў цэлым. "Мы некалькі гадоў вывучаем эканоміку вашай краіны. Наш урад працуе, ёсць узаемадзеянне. Упэўнены, што сённяшняя сустрэча паслужыць не на словах, а на справе развіццю нашых адносін у эканамічным, прамысловым, сельскагаспадарчым плане", - сказаў кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі.