Сустрэча з Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Наталляй Качанавай

  • 1

Падрыхтоўка маштабных мерапрыемстваў з удзелам Прэзідэнта, кадравыя пытанні, перафармаціраванне ў спартыўнай галіне, работа па дэбюракратызацыі, планы па далейшай аптымізацыі ў дзяржапараце і іншыя пытанні абмеркаваны 22 мая ў час рабочай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Наталляй Качанавай.

"Мы па ЖКГ павінны на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы разгледзець пытанні і кропку паставіць, вярнуцца яшчэ раз да пытанняў будаўніцтва, па вёсцы павінны правесці вялікае мерапрыемства, па адукацыі. Гэта значыць пяць-шэсць мерапрыемстваў з вялікім удзелам людзей на ўзроўні Прэзідэнта мы павінны правесці, дзе расставіць усе кропкі над "і", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, таксама наперадзе і іншыя мерапрыемствы, у тым ліку ў менш шырокім фармаце. Яны будуць датычыцца сферы спорту, разняволення дзелавой актыўнасці. "Гэта таксама будзе. З меншай колькасцю людзей, але мы публічна павінны паставіць кропкі над "і" і ў гэтых працэсах", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён асобна пацікавіўся, калі будуць падрыхтаваны матэрыялы па пытаннях разняволення прадпрымальніцкіх і іншых структур, паляпшэння дзелавога клімату. "Я так разумею, працэс абмеркавання ўжо завяршыўся", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на тэму дэбюракратызацыі. "Адпаведны дэкрэт павінен быць на кантролі ў Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Гэта працэс не павінны ўпускаць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кадравыя пытанні - галоўны напрамак у рабоце Адміністрацыі Прэзідэнта.

"Нядаўна выбралі Сямёна Шапіру кіраўніком федэрацыі. Яму трэба пачынаць працаваць з першых дзён. Вельмі вялікую работу давядзецца правесці. Я прасіў, каб яго папярэдзілі, што ў нагрузку мы яму дадзім буйное дзяржаўнае даручэнне. Нейкі вылучым блок для кантролю. Вопыт яго трэба выкарыстоўваць", - сказаў Прэзідэнт.

"Узнікаюць кадравыя пытанні па назначэнні губернатара, можа, і губернатараў нейкіх. Гэта бесперапынны працэс - кадравы - мы спыняцца тут не павінны. Я хацеў бы, каб Вы мне коратка далажылі па гэтым пытанні", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Пытанне перафармаціравання спорту. Асабліва кадраў. Прытым не толькі федэрацый, але і дзяржаўных структур, Мінспорту і гэтак далей. Тут калі мы завершым? - абазначыў Аляксандр Лукашэнка адну з тэм сустрэчы. - Пажадана, каб мы да 30 мая завяршылі гэты працэс. Таму што на гэты дзень, як я разумею, назначаны Алімпійскі сход".

Прэзідэнт даручыў, каб да гэтага маштабнага мерапрыемства быў падрыхтаваны глыбокі і ўсебаковы аналіз працэсаў, якія адбываюцца ў спартыўнай галіне. "Я гэта пытанне Вам даручаю для кантролю, таму што гэта галоўнае ідэалагічнае пытанне. Мы ніколі гэтага не ўтойвалі. Самая галоўная ідэалогія - гэта спорт, - перакананы Аляксандр Лукашэнка. - Спаборніцтвы спартыўныя глядзяць мільёны. Гэта ўздзеянне на людзей. І калі дрэнна гуляе каманда, такі настрой і ў людзей, добра - гэта натхняе".

Што датычыцца далейшай аптымізацыі ў дзяржапараце, Прэзідэнт папярэдзіў: "Да аптымізацыі ніякага павышэння зарплаты ні на ёту быць не павінна і не будзе. Мы аб гэтым дамовіліся".

Наталля Качанава адзначыла, што Адміністрацыя Прэзідэнта працуе ўжо ў новым фармаце і новым складам. Гэтыя мерапрыемствы праведзены ва ўстаноўленыя тэрміны.

Цяпер Урадам прыняты ўсе нарматыўныя прававыя акты, неабходныя для прадаўжэння гэтай работы ў іншых дзяржаўных структурах. "Прыняты пастановы, зацверджаны графік, у адпаведнасці з якім будзе праводзіцца аптымізацыя. І да 1 снежня мы Вам поўнасцю даложым аб ходзе выканання аптымізацыі ў 2017 годзе", - сказала Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.