Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча з Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Ігарам Сергяенкам і Дзяржсакратаром Савета Бяспекі Андрэем Раўковым

16 сакавіка 2020 года
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 16 сакавіка сустрэчу з Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Ігарам Сергяенкам і Дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі Андрэем Раўковым.

У цэнтры ўвагі была сітуацыя з закрыццём Расіяй сваёй граніцы з Беларуссю з-за каранавіруса. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што яна не тое што выклікае вельмі вялікае хваляванне, але патрабуе ўвагі. "Тэма варта таго, каб падумаць, як нам дзейнічаць адпаведна і адэкватна, - сказаў Прэзідэнт. - Дзіўна, што ў расійскім Урадзе ніхто не ведае, што ў Беларусі і Расіі граніцы няма, яна не дэлімітавана і не дэмаркіравана. У нас няма граніцы, таму закрываць няма чаго. Напэўна, яны ў сябе ўжо ўстанавілі гэту граніцу. Гэта іх справа".

У той жа час Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на саму фармулёўку расійскага боку: было заяўлена не проста аб увядзенні кантролю, а менавіта аб закрыцці граніцы. "Я са свайго вопыту хачу некаторым гарачым галовам у Расіі параіць думаць, перш чым гаварыць. Справа ў тым, што закрыць, як і пачаць якую-небудзь вайну, заўсёды прасцей, чым потым з гэтай сітуацыі выходзіць. Таму што пасля закрыцця настане перыяд, калі трэба будзе адкрываць. А я ведаю, як гэта - адкрываць: я помню, як з Барысам Мікалаевічам Ельцыным і Віктарам Сцяпанавічам Чарнамырдзіным (царства ім нябеснае, яны, напэўна, не ўяўляюць, але бачаць адтуль, што мы робім)... Яны ведаюць, як адкрываць потым. Гэта ўсё вельмі няпроста. Але мне давялося гэты перыяд у сваім жыцці перажыць, і я асабіста не хацеў бы, каб гэта паўтарылася. Але людзі, якія прыйшлі да ўлады Расіі, відаць, гэтага не разумеюць", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Расія растлумачыла закрыццё граніцы барацьбой з каранавірусам. Аднак, звярнуў увагу Прэзідэнт, з такім захворваннем тэрытарыяльна змагацца немагчыма - пра гэта гавораць і вірусолагі. "Калі прытрымлівацца расійскай логікі, то ёй граніцы трэба пазакрываць рэгіянальна: аддзяліць Далёкі Усход, Сібір, па Урале прайсціся, Каўказ выдзеліць, па поўначы еўрапейскай часткі Расіі таксама граніцу недзе правесці. Расія вялікая, паўсвету. Навошта ж адрэзалі Беларусь ад Расіі, не падумаўшы аб наступствах. Мне здаецца, што там больш заклапочаны, як Маскву нейкім плотам абгарадзіць, і думаюць: не дай бог, Урад Расійскай Федэрацыі заразіцца. Што будзе? А не дай бог, з Мішусціным нешта здарыцца... Напэўна, больш за ўсё аб гэтым думаюць і пачалі здалёк", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што з вірусамі трэба змагацца па сутнасці: прафесійна і кропкава.

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што Расія прапаноўвала накіраваць у Беларусь 3 тыс. тэстаў на выяўленне каранавіруса. "Мы проста разгубіліся: адкуль такая дабрыня з боку Расіі. То лыжку нафты не маглі падзяліць, а тут калі ласка", - адзначыў ён. Аказалася, што ў Расіі заўважылі паспяховы вопыт беларускіх медыкаў на заходнім напрамку і вырашылі "праспансіраваць".

"Значыць прызналі, што мы гэта робім правільна. Таму Расійскай Федэрацыі трэба было ў гэтай сітуацыі не закрываць граніцу, а на нашай сумеснай граніцы Саюзнай дзяржавы пад Брэстам дапамагчы нам - і матэрыяльна, і людскімі рэсурсамі (у нас школа адна, і вірусолагі адны і тыя ж). Мы прынялі б гэту дапамогу і там бы гэта кантралявалі", - заявіў Прэзідэнт.

Параўноўваючы маштабы дзвюх краін, Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што гэта Беларусі, магчыма, варта было б баяцца, каб велізарная Расія не "завірусіла" яе. "Як учора сказаў прэм'ер Расіі, у іх пажар: не ўсё ў СМІ давалі. У іх цяжкая сітуацыя. Дык нам трэба баяцца гэтай сітуацыі, вы ж чаго баіцеся Беларусі? Прытым пры такім нашым кантролі і стаўленні да гэтай праблемы. Давайце разам гэта рабіць - не, закрылі. Што ж, гэта іх справа", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў існуючай сітуацыі галоўнае, каб не пацярпелі людзі і эканоміка. "А што думае Урад Расіі ў гэтай сітуацыі? За год 110 млн т грузу перамясцілася транзітам. Яны што праз Украіну дамовіліся вазіць? Дык Украіна даўно закрылася. Праз Прыбалтыку? Яна таксама закрылася. Як яны будуць наогул гэтыя грузы перамяшчаць? Можа, нам падумаць, а раптам вірус у трубе з нафтай або з прыродным газам? 70 млн т нафты транспартуюць па нафтаправодзе "Дружба". Вось чым думалі людзі, калі прымалі такія рашэнні?" - задаўся пытаннямі Прэзідэнт.

Таксама ён выказаў неразуменне, а што будуць рабіць беларускія і расійскія грамадзяне, якія працуюць або вучацца ў іншай краіне. "Як можна прымаць такія рашэнні? Не параіўшыся, паставіць перад фактам. Гэта для мяне незразумела. І самае цікавае: калі ўжо закрываць граніцу - гэта, напэўна, не Урада справа. Гэта рашэнне павінен прымаць Прэзідэнт краіны", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што пакуль не звязваўся з расійскім лідарам, але тэлефонная размова паміж прэзідэнтамі запланавана. "Можа, яны па новай Канстытуцыі ўжо жывуць? Хто яго ведае", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў расійскі бок і жыхароў дзвюх краін не ствараць паніку. "Не трэба залішніх рухаў, якія ўскладнілі б і так няпростыя на сённяшні дзень адносіны паміж дзвюма дзяржавамі", - сказаў ён.

Прэзідэнт пацікавіўся, што ў гэтай сітуацыі прапануюць зрабіць у Беларусі. Ён адзначыў, што калі краіна пойдзе на меры ў адказ, то "да Крамля фуры будуць стаяць у чарзе, а людзі будуць раз'юшаныя". "Нам трэба, зрабіўшы вывады, дакладна вызначыцца, як будзем дзейнічаць далей. Адзінае, папрашу (я ўчора і Прэм'ер-міністру даручыў): не павінны пацярпець людзі. Нам не трэба закрываць ні ад палякаў, ні ад расіян, ні ад украінцаў. Яны хочуць - няхай закрываюцца. Нам не трэба гэтага рабіць, таму што гэта пустое. Закрывацца ўсё роўна мы не зможам, гэта немагчыма. Асабліва там, дзе няма граніцы з Расіяй: там людзі стагоддзямі хадзілі і будуць хадзіць, і калі, не дай бог, ужо нейкая чума, то мы яе тэрытарыяльна не пераможам. Трэба дзейнічаць так, як мы дзейнічаем цяпер: найменшае падазрэнне - мы правяраем чалавека, трэба на каранцін - калі ласка, давайце на каранцін. Менавіта кропкава, прафесійна трэба дзейнічаць, а не тэрытарыяльна: перакрылі, закрылі", - упэўнены беларускі лідар.
Тэгі: Сустрэчы
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь