Сустрэча з кіраўнікамі ўрадаў дзяржаў - членаў Еўразійскага эканамічнага саюза

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 лістапада на сустрэчы з кіраўнікамі ўрадаў дзяржаў - членаў Еўразійскага эканамічнага саюза заявіў аб неабходнасці надаць імпульс рабоце па барацьбе з перашкодамі на ўнутраным рынку ЕАЭС.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што заканчваецца чацвёрты год дзеяння Дагавора аб ЕАЭС з дзесяці адведзеных для зняцця ўсіх перашкод на шляху руху тавараў, паслуг, капіталаў і рабочай сілы, фарміравання агульных галіновых рынкаў.

"Што тут граху таіць: не ўсё мы зрабілі, што планавалі, таму і лёс у вас цяжкі. Асноўныя праблемы вядомы, таму я хацеў бы заклікаць вас і папрасіць яшчэ раз уважліва абмеркаваць іх і прыняць вывераныя рашэнні, неабходныя для станаўлення паўнацэннага эканамічнага саюза. Гэта асабліва востра гучыць у наш час, і часу ў нас практычна не застаецца для таго, каб расслабляцца, трэба рухацца наперад, маючы на ўвазе тое, што адбываецца на міжнародных гандлёвых рынках. Перш за ўсё трэба надаць імпульс рабоце па барацьбе з перашкодамі на ўнутраным рынку, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Галоўнае, што мы ведаем, у якім напрамку рухацца, веды і вопыт ужо вялікія ёсць. Але марудна мы вырашаем гэтыя пытанні, а гэтыя бар'еры павінны быць зняты".

Больш таго, адзначыў Прэзідэнт, былі выпадкі, калі адны бар'еры ўстараняліся, а на іх месцы тут жа ўзводзіліся іншыя. Напрыклад, заканчваецца вызначаны Дагаворам аб ЕАЭС двухгадовы перыяд дзеяння выключэнняў з нацыянальнага рэжыму ў сферы дзяржзакупак, першапачаткова задуманы як выключная мера. І тыя ж выключэнні зноў устанаўліваюцца на чарговы двухгадовы перыяд, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

"Заканамернае пытанне: да чаго мы ў такім выпадку імкнёмся - да адзінай эканамічнай прасторы або да выкарыстання прававых пралазаў для нацыянальнага пратэкцыянізму? Мы ўсе павінны дакладна разумець: саюз будзе ўяўляць каштоўнасць для нашых эканомік і знешніх партнёраў, толькі калі ён стане прадказальнай арганізацыяй, якая будзе іграць па вызначаных намі ж правілах", - сказаў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ключавым элементам з'яўляецца стварэнне агульных энергетычных рынкаў. Пры гэтым беларускі бок не разумее, чаму ў інтарэсах справядлівай канкурэнцыі ўсе прызнаюць неабходнасць адзіных тарыфаў на чыгуначныя перавозкі, але не ўсе згодныя з сіметрычным падыходам у пытаннях транспарціроўкі газу.

"Суб'екты гаспадарання чакаюць, што праз дзесяць дзён у Піцеры кіраўнікі дзяржаў паставяць нарэшце свае подпісы пад праграмамі фарміравання агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў - аб чым мы дамаўляліся. Такім чынам, будзе зроблены крок да з'яўлення стабільнай паліўна-сыравіннай асновы саюза. Але для гэтага сёння ў Мінску трэба вырашыць праблемы, якія застаюцца", - канстатаваў Прэзідэнт.

Усё больш важным аспектам сумеснай работы ў ЕАЭС становіцца лічбавы парадак дня, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Краіны падвялі добрую тэарэтычную і прававую базу. Цяпер асноўная задача - вызначыць першачарговыя лічбавыя рашэнні, якія здольны забяспечыць значны эфект для трансгранічнага і міжгаліновага ўзаемадзеяння. "Мінск гатовы да паўнацэннага ўдзелу ў рэалізацыі гэтых ініцыятыў. Мы гатовы ўнесці добры ўклад у рэалізацыю гэтых прапаноў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў вырашэнні гэтых пытанняў неабходна больш актыўная роля Еўразійскай эканамічнай камісіі, якая ўжо не раз звярталася з прапановамі пашырыць свае паўнамоцтвы. "Я асабіста падтрымліваю гэта. Але трэба разумець, што больш паўнамоцтваў - гэта больш адказнасці", - заўважыў беларускі лідар.

Прэзідэнт выказаў удзячнасць расійскаму старшынству за намаганні па далейшым пашырэнні інтэграцыі, а таксама ўключэнне ў інтэграцыйную тэматыку новых напрамкаў супрацоўніцтва.

"На самай справе, у нас засталіся не ахопленыя дагаворам даволі важныя тэмы, такія як экалогія, аднаўляльная энергетыка, якая ўжо стукае ў дзверы, космас, медыцына, спорт і турызм, супрацоўніцтва па якіх унясе дадатковы ўклад у развіццё нашага саюза. Разам з тым пашырэнне парадку дня павінна быць прадуманым і не наносіць шкоды вырашэнню бягучых задач Еўразійскага эканамічнага саюза. Таму мы, зразумела, чакаем ад урадаў узважаных прапаноў наконт гэтага", - сказаў на заканчэнне Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама заявіў, што Беларусь не падтрымае прапанову чарговы раз прадоўжыць тэрміны дзеючых нарматываў размеркавання сум увазных мытных пошлін. "Па-ранейшаму адкрыта пытанне разліку нарматываў размеркавання сум увазных мытных пошлін. Гэта тэма доўга абмяркоўвалася на Вышэйшым савеце 14 мая ў Сочы. Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся, што міністры фінансаў, а затым і вы да снежня папрацуеце над методыкай размеркавання пошлін і даложыце аб выніках. Прапанова чарговы раз прадоўжыць тэрміны дзеючых нарматываў (мы пра гэта часта гаворым, справядліва адзначаем, зыходзячы з ужо напрацаванага вопыту) абсалютна нявыгадная для Беларусі. Вядома, мы падтрымаць, як інфармуе мяне наш Урад, не можам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што ў адваротным выпадку Беларусь адразу будзе пастаўлена ў няроўныя ўмовы. Таму, на яго думку, неабходна прыкласці максімум намаганняў для выхаду на справядлівае рашэнне. "Яно ўсім зразумелае. І тут, напэўна, менш павінна быць палітыкі, а ўсё ж такі больш эканомікі", - перакананы Прэзідэнт.