Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча з кіраўнікамі місіі АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі

20 снежня 2016 года

Сесія Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, якая ў 2017 годзе пройдзе ў Мінску, павінна стаць важным крокам па далейшым забеспячэнні стабільнасці і бяспекі ў Еўрапейскім рэгіёне. Такі пункт гледжання выказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 20 снежня на сустрэчы з кіраўнікамі місіі АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі.

Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць і актуальнасць тэмы бяспекі: "Пытанне бяспекі і супрацоўніцтва павінна гучаць менавіта ва ўзаемасувязі - бяспекі не можа быць без супрацоўніцтва. Калі мы не будзем супрацоўнічаць і будзем, як раней, размаўляць праз агароджу, то ні аб якой бяспецы ў гэтым рэгіёне размовы быць не можа".

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што неабходна зрабіць усё для таго, каб засцерагчы ад небяспекі рэгіён. "Вы не горш за мяне ведаеце, што адбываецца ў свеце, вы гэта бачыце: кожны дзень - дзень напружанасці ў міжнародных адносінах, і мы з вамі павінны цаніць наш рэгіён, вашу радзіму і Беларусь як бяспечныя, добрыя краіны, дзе можна спакойна жыць і больш-менш нармальна працаваць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, у час сустрэчы абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з падагульняючай справаздачай БДІПЧ АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі.

"У нас прайшлі прэзідэнцкія, потым парламенцкія выбары. Вы, вашы прадстаўнікі і наглядальнікі прысутнічалі на гэтых выбарах. Мы вельмі шмат абмяркоўвалі гэтыя пытанні, вы рабілі свае заключэнні. Не скажу, што яны нас вельмі ўжо расчаравалі, але і не вельмі ўзрадавалі, - адзначыў Прэзідэнт. - Думаю, што нам трэба шчыра і сур'ёзна пагаварыць з вамі на тэму выбараў, але такім чынам, каб не было ў вас залішніх чаканняў адносна Беларусі, а ў нас не было залішніх надзей".

Кіраўнік дзяржавы лічыць: "Нам трэба сумленна і адкрыта сказаць, якім чынам мы будзем дзейнічаць у гэтыя вострыя перыяды перадвыбарнай, выбарнай кампаній, а таксама ў якім напрамку будзем удасканальваць наша заканадаўства па выбарах. А вы, я спадзяюся, скажаце сваё меркаванне наконт выбараў. Думаю, я знайду важныя аргумент-два, якія вас пераканаюць, што ў нас сітуацыя па выбарах не горшая, чым у іншых краінах, гэта па-першае. А па-другое, выбары - гэта вельмі сур'ёзная рэч, і да іх трэба ставіцца вельмі сур'ёзна".

Спецыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновых наглядальнікаў АБСЕ на выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, намеснік старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ, кіраўнік дэлегацыі парламента Швецыі ў ПА АБСЕ Кент Харстэд падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за магчымасць сустрэцца: "Гэта з'яўляецца вельмі важным сігналам, што нам выпала такая магчымасць абмеркаваць усё дэталёва". Кент Харстэд выказаў меркаванне, што АБСЕ спрабуе быць вельмі канструктыўным партнёрам Беларусі.

Тэгі: Сустрэчы
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь