Сустрэча з кіраўнікамі дэлегацый 40-га пасяджэння Савета кіраўнікоў органаў бяспекі і спецыяльных службаў дзяржаў - удзельніц СНД

  • 1

Асноўныя пагрозы бяспецы, з якімі сутыкаецца Садружнасць Незалежных Дзяржаў, і крокі для больш эфектыўнага процістаяння гэтым выклікам абмяркоўваліся 19 мая на сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі дэлегацый 40-га пасяджэння Савета кіраўнікоў органаў бяспекі і спецыяльных службаў дзяржаў - удзельніц СНД.

Удзельнікі сустрэчы закранулі праблему ўзмацнення міжнароднай напружанасці, нарошчвання ваеннай прысутнасці НАТА на тэрыторыі Усходняй Еўропы, у тым ліку ля граніц Беларусі. "Вобласць нестабільнасці вакол нас, на жаль, пашыраецца. Даводзіцца канстатаваць размыванне механізмаў забеспячэння як міжнароднай, так і рэгіянальнай бяспекі. Асобныя знешнія палітычныя сілы дэманструюць вяртанне да блокавага мыслення часоў "халоднай вайны". У наяўнасці спробы ўцягвання цэлых рэгіёнаў у процістаянне і новую гонку ўзбраенняў. Для нас гэта абсалютна непрымальна", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Абмяркоўваўся таксама міграцыйны крызіс у Еўропе, якая з-за нестабільнасці на Блізкім Усходзе перажывае сапраўдную гуманітарную катастрофу. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што праблему нелегальнай міграцыі Беларусь адна вырашае не менш як 10 гадоў. "Мы з гэтай праблемай знаёмы даўно, у нас ёсць пэўны вопыт работы ў такім напрамку, але адна Беларусь, у тым ліку і матэрыяльна, справіцца не можа", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. У час сустрэчы выказвалася заклапочанасць, што ў сувязі з узмацненнем міграцыйнага кантролю на граніцах ЕС нагрузка на Беларусь можа яшчэ больш узрасці.

У СНД усведамляюць рэальную пагрозу, якую ўяўляюць для яе краін міграцыйная абстаноўка ў Еўропе, што пагаршаецца, крызісныя з'явы ў сусветнай эканоміцы, барацьба за энергетычныя, водныя, іншыя рэсурсы. "На гэтай глебе ўзнімае галаву радыкальны экстрэмізм, нарастаюць пагрозы з боку міжнародных тэрарыстычных структур. Таксама на парадку дня праблемы транснацыянальнай злачыннасці, наркатрафіку, гандлю людзьмі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Усё гэта ўскладае асаблівую адказнасць на органы дзяржаўнай бяспекі і спецыяльныя службы дзяржаў Садружнасці.

Разам з тым Кіраўнік дзяржавы заклікаў больш адкрыта абмяркоўваць вострыя ўнутраныя праблемы СНД: сітуацыю ў Прыднястроўі, Нагорным Карабаху, Украіне. "Калі мы іх не будзем бачыць, лячыць гэтыя хваробы, мы загонім іх углыб", - перасцярог Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што СНД неабходна імкнуцца да дыялогу па гэтых і іншых актуальных пытаннях. "Трэба дамаўляцца. Мы нікуды не дзенемся, мы ў адной лодцы, ніхто нас асабліва там, на іншых берагах, не чакае. Трэба ўладкоўваць сваё жыццё", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Палітыка Беларусі ў галіне бяспекі сёння такая, каб трымаць порах сухім, абапіраючыся на партнёраў. Удзельнікі сустрэчы сышліся на думцы, што такой сёння павінна быць агульная пазіцыя.

Закранаючы тэму мадэрнізацыі СНД, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць развіцця Садружнасці як унікальнай інтэграцыйнай і перагаворнай пляцоўкі. Тым больш што за гады яе існавання было нямала зроблена і ў эканамічнай, і ў сацыяльна-гуманітарнай сферы. Па меры мадэрнізацыі Садружнасць Незалежных Дзяржаў павінна станавіцца ўсё больш прывабнай для дзяржаў-удзельніц, мяркуе беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што лічыць магчымым вяртанне Грузіі і Украіны да ўзаемадзеяння ў рамках Садружнасці. "Я ўпэўнены, што Украіна не сёння-заўтра прыйдзе да нас. У яе вельмі шмат тут інтарэсаў. Думаю, што і Грузія", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Трэба зрабіць так, каб яны вярнуліся. Вельмі шмат там людзей, якія гатовы з намі супрацоўнічаць", - дадаў Прэзідэнт. Пры гэтым, на думку Кіраўніка дзяржавы, неабходна "не тое каб іх прымушаць, а клікаць да сябе". "Не павінны мы страчваць гэтыя рэспублікі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У час сустрэчы быў закрануты шэраг іншых тэм, актуальных для органаў бяспекі і спецслужбаў СНД. У тым ліку меры па процідзеянні міжнароднаму тэрарызму і экстрэмізму, арганізацыі сумеснай сістэмнай работы па гэтым і астатніх напрамках узаемадзеяння.