Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Сустрэча з ігракамі і трэнерскім складам клуба "Дынама-Мінск"

25 жніўня 2017 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка матывуе хакеістаў "Дынама-Мінск" на відовішчную і рэзультатыўную гульню, падкрэсліваючы важную ролю гэтага віду гульнявога спорту. Аб гэтым ён заявіў 25 жніўня на сустрэчы з ігракамі і трэнерскім складам клуба.

Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу расказаў аб прычынах гэтай сустрэчы. "Яна амаль не мае нічога агульнага з мінулай вашай пасрэднай гульнёй. Я думаю, вы самі сабе далі ацэнку за гэту гульню. Калі гаварыць наконт вашага старту ў Кантынентальнай хакейнай лізе, я асабліва не хвалююся. Я разумею, што сабраліся вы зусім нядаўна. Можна сказаць, што перадсезонная падрыхтоўка не склалася па розных прычынах. Таму будзем чакаць вашых добрых гульняў.  Думаю, што, маючы тыя кандыцыі фізічныя, якія на сённяшні дзень прысутнічаюць, вы зможаце ў бліжэйшыя 2-3 гульні арганізавацца і паказваць дастойны хакей. Прынамсі, усё ў вас для гэтага ёсць", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, месяц-паўтара таму, калі ішло фарміраванне каманды, ён абяцаў трэнерам клуба, што абавязкова знойдзе час для такой сустрэчы. Аднак абставіны склаліся так, што давялося сустрэцца менавіта ў дзень матчу. "Кажуць, што гэта не вельмі нармальна і карысна для каманды. Але, маючы невялікія адносіны да хакея і крыху разбіраючыся ў ім, я ўсё ж такі раблю стаўку на тое, што мы ж мужыкі ў рэшце рэшт", - заўважыў Прэзідэнт. Пры гэтым выказаў упэўненасць, што невялікі час, праведзены ў Нацыянальным алімпійскім камітэце, не паўплывае на зладжанасць і якасць маючай адбыцца гульні.

Пра ролю хакея

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое месца, якое хакей займае ў сістэме беларускага спорту. І справа не ў тым, што Прэзідэнт сам гуляе ў хакей. "Я хачу, каб вы добра разумелі - я не пазіцыяную сябе хакеістам. Калі гаварыць пра маё спартыўнае крэда, я зусім не хакеіст, а футбаліст. Але так склаўся лёс, што, атрымаўшы траўму калена, мне давялося займацца хакеем", - адзначыў беларускі лідар.

Ён расказаў, што ў дзяцінстве, вядома, гуляў у хакей, як і ўсе вясковыя рабяты. "Толькі не так, як вы. А спачатку ў маразы, заліваючы недзе пляцоўку на беразе рэчкі. Спачатку вёдрамі, потым помпай проціпажарнай. Рабілі гэты кавалачак лёду. І там, на этым лёдзе, ваявалі адзін супраць аднаго. Такі быў тады хакей. Пачынаў я з варатара. Але калі падрос ужо, я пачынаў гуляць нападаючым. Потым стаў футбалістам. Вось там і траўміраваўся, - падзяліўся ўспамінамі Аляксандр Лукашэнка. - Таму вярнуўся да свайго дзяцінства і крыху гуляю ў хакей для таго, каб прыцягнуць малышоў, падцягнуць неяк дзяцей. Усё ж такі нам удалося арганізаваць нейкую масавасць хакея".  

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што хакей у Беларусі цэняць яшчэ і таму, што гэта калектыўная гульня. "Хакей - гэта азарт, гэта мужчынскі від спорту, хоць ужо і жанчыны пачалі ў яго гуляць, - заўважыў Прэзідэнт. - Хакей - гэта вялікая ідэалогія. Спорт наогул ідэалогія. І вышэй, чым спорт, цяжка прыдумаць нейкія ідэалагічныя мерапрыемствы. Таму што спартыўныя спаборніцтвы глядзяць мільярды людзей у свеце. І калі каманда выйграе, дастойна выступае, не трэба народ агітаваць на штосьці. Дух узнімаецца. У савецкія часы падлічвалі, што прадукцыйнасць працы пасля таго, як савецкія спартсмены выйгравалі, узнімалася значна. Вось сутнасць спорту".

Пра фінансы і настроі балельшчыкаў

Усе цудоўна разумеюць, што на хакей трацяцца немалыя грошы, сказаў Аляксандр Лукашэнка. "І самыя вялікія грошы мы трацім на ўтрыманне хакейнай каманды "Дынама", - нагадаў ён. - Наколькі я разумею, што спонсары дынамаўскага клуба і каманды (з прыватнікаў, якія гатовы са сваёй кішэні плаціць грошы) - гэта мізэр. У асноўным гэта дзяржаўныя грошы. І мы цяпер вызначаемся, дзе знайсці тыя грошы, каб забяспечваць дастойна каманду, каб не было паўтарэння канца мінулага сезона, калі не ўсім своечасова змаглі выплаціць заработную плату".

"Не галоўнае тут грошы. Галоўнае - гэта людзі, балельшчыкі, якія прыходзяць на вашы гульні, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Думаю, не трэба вам расказваць, з якім настроем яны адыходзяць, калі вы прайграяце. А яшчэ горш, калі вы не паказваеце нармальнай гульні, калі вы выходзіце на лёд для таго, каб пакатацца, размяцца, можа, у хакей пагуляць. Але вы не змагаецеся".

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што сёння спорт - гэта не барацьба, а вайна, якая з чыста спартыўнага набыла характар вялікай палітыкі. "Хочаце вы гэтага ці не, але вы становіцеся вельмі моцнымі палітычнымі ігракамі. Вось гэта галоўнае, што я хацеў данесці да вас. І я вас вельмі прасіў бы, каб вы цанілі настроі, той боль, які перажываюць вашы сапраўдныя фанаты, балельшчыкі, калі вы дрэнна гуляеце. Людзі - гэта галоўнае, і вы іх падвесці не можаце", - заклікаў беларускі лідар.

"Трэба самааддана паводзіць сябе на пляцоўцы. Не бойцеся гуляць, лішні раз кінуць па варотах, - параіў Кіраўнік дзяржавы. - І я асабіста, і ўвесь беларускі народ чакае ад вас добрай зладжанай гульні. Усё будзе залежаць ад вас. Будзеце гуляць добра, будзеце перамагаць, радаваць народ, з майго боку будзе адпаведнае стаўленне да вас. Мы нічога не пашкадуем для каманды, калі яна будзе дастойна выступаць і выконваць дадзеныя абяцанні".

Пра каманду і псіхалогію

"Каманды пакуль, на жаль, няма. І тут маё меркаванне супадае з меркаваннем нашага галоўнага трэнера. Няма пакуль каманды, няма каманднай гульні. Ёсць аб'ектыўныя прычыны таго. Ёсць і суб'ектыўная. Сказаць, што вы наогул бяздарныя і нічога не можаце, я не магу. У вас няроўная гульня. Вы пачалі незразумела як першы перыяд, куча выдаленняў. Закінуўшы шайбу, вы ўспыхнулі і паказалі сапраўдную гульню. Але гэта была толькі ўспышка. Потым з-за недысцыплінаванасці і гульнявой і іншай вы прапусцілі яшчэ пяць шайбаў і ў выніку вядомы лік. Вы можаце гуляць, але гульня абсалютна няроўная, не камандная", - сказаў Прэзідэнт.

На яго думку, ігракі былі не гатовы проста псіхалагічна. "Я вас прашу як калега, каб вы запомнілі адну простую ісціну: калі вы выходзіце супраць кагосьці гуляць, вы не павінны на іх глядзець знізу ўверх (ах, яны вялікія!). Яны такія, як вы. Яны - людзі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Я ўжо вашым трэнерам гаварыў: калі вы не можаце перагуляць іх па класу, не давайце ім гуляць. І вы гэта можаце, асабліва моладзь. Выходзячы на пляцоўку, вы павінны ім глядзець у твар, вы ўпоравень павінны быць з імі. І нават зверху. Гэта псіхалагічны націск. У вас гэта адсутнічае. Выходзьце і гуляйце! Не ўступайце ні на адным квадратным метры", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб асаблівых патрабаваннях

"Галоўнае, што я хацеў сёння данесці, - гэта некаторыя мае патрабаванні да вашага калектыву, да нашай каманды. Гэта датычыцца ад генерала да кіраўніка клуба. Галоўнае звяно каманды - гэта трэнеры. І побач ігракі. Ігрок і трэнер, усё астатняе, як вакол сонца круцяцца планеты, павінна круціцца вакол іх. Ніякіх залішніх рухаў, патрабаванняў да трэнераў з боку функцыянераў клуба і чыноўнікаў быць не павінна", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

"Калі ідзе трэніроўка, калі вы ў раздзявалцы, - там месца толькі спартсменам і трэнерам. Калі трэнеры кагосьці запросяць, ён мае права выйсці на лёд або зайсці ў раздзявалку. Не дай бог я толькі даведаюся, што гэта маё жалезнае правіла будзе парушана, - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. - Мяне інфармавалі аб тым, што нават на лёд нехта, хто там не павінен быць, выходзіць як гаспадар, насуперак пажаданням трэнераў".

Яшчэ адно прынцыповае патрабаванне заключаецца ў неабходнасці калектыўнага абмеркавання праблем гульні. "У гэтым сутнасць дэмакратыі ў камандзе. Але рашэнне канчатковае прымае трэнерскі штаб. Калі яны не могуць дамовіцца, галоўны трэнер прымае рашэнне і бярэ на сябе адказнасць. Я хачу, каб у вас не было прынцыпу "я начальнік - ты дурань". Ігракі павінны на роўных з трэнерам быць уключаны ў абмеркаванне праблем гульні каманды. Гэта павінна варыцца разам. Трэнеры выслухаюць, прымуць рашэнне. Ігрок не нямы нейкі выканаўца, а партнёр трэнера, усіх хакеістаў. Калі гэта не будзе захавана, вы ніколі не будзеце камандай", - сказаў Прэзідэнт.

Пра зарплаты

Аляксандр Лукашэнка даручыў дакладна ўрэгуляваць пытанне грашовых выплат спартсменам і трэнерам з прывязкай да канкрэтнага выніку. "Мы выбудавалі сістэму матэрыяльнага і грашовага забеспячэння хакеістаў. Гэта будзе ў любым відзе спорту, гульнявых перш за ўсё", - заявіў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, калі гаварыць канкрэтна пра хакей, то асноўныя кантракты і зарплата будуць у "Дынама-Мінск" і нацыянальнай зборнай. "Там будуць даволі вялікія грошы. Усе астатнія павінны зарабляць у клубах столькі, каб нармальна працаваць, таму што спорт - гэта праца, і нармальна жыць, таму што сем'і ёсць. Але не $19 тыс. у месяц, як некаторыя трэнеры мелі сярэднюю зарплату па мінулым сезоне, не займаючы першага месца", - адзначыў беларускі лідар.

"Таму, як у Канадзе, як у ЗША, у ніжэйшай лізе будуць атрымліваць невялікія грошы, каб у хакеістаў было імкненне падняцца наверх - заваяваць месца ў "Дынама", у зборных камандах (маладзёжнай, юнацкай, асноўнай). Там будуць нармальныя грошы, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Таму ніякіх шалёных грошай больш не будзе".

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што некаторыя трэнеры, кіраўнікі клубаў, атрымліваючы вялікія грошы, жылі ў некалькі разоў лепш, чым міністры. "Гэта што, нармальна? Не даючы ніякіх рэзультатаў, ніякай эфектыўнасці, ніякай менеджарскай работы, - адзначыў беларускі лідар. - Гэтаму разбою трэба пакласці канец".

Прэзідэнт растлумачыў, што па новай сістэме, калі хакеіст у экстралізе заняў першае месца, то яго гадавая зарплата павінна, напрыклад, падвоіцца. "За першае месца 100% павелічэнне. За другое, дапусцім, 80%. За трэцяе месца - 60% і гэтак далей. Але ўсё будзе нацэлена на рэзультат. Нельга плаціць усім пароўну. Гэта крыўдзіць лепшых спартсменаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Грошы трэба зарабляць і адпрацоўваць. Такі мой прынцыповы падыход. А канкрэтныя рэчы выпрацавалі ва ўрадзе", - адзначыў ён.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што калі грошы зароблены за кошт нейкіх іншых відаў дзейнасці, спонсарскіх сродкаў, то яны будуць належаць выключна клубу і іх можна будзе накіроўваць у тым ліку на матэрыяльнае стымуляванне. "Гэта вашы грошы, і вы, калі ласка, аддайце камандзе. І падзяліце паміж сабой. Гэта вашы грошы, ніхто да іх не дакранецца. Я вам публічна аб гэтым гавару", - сказаў Прэзідэнт.

"Пра грошы можаце не хвалявацца, калі вы выконваеце свае абавязацельствы і добра гуляеце, - падкрэсліў беларускі лідар. - І далей мы будзем толькі ўзмацняць гэтыя патрабаванні. Мы пастараемся плаціць добраму іграку, які змагаецца на пляцоўцы, многа, каб паказаць іншым, як трэба гуляць. А тыя, хто не дае рэзультату, так і атрымаюць".

"Усе, кто працуе ў камандзе і на каманду, не павінны быць пакрыўджаны", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

Аб прыярытэтах пры выдзяленні сродкаў на спартыўныя мэты

Прэзідэнт расставіў прыярытэты ў выдзяленні сродкаў на спартыўныя мэты, падкрэсліўшы недапушчальнасць расходавання залішніх сродкаў на розныя паездкі спартыўных функцыянераў і мерапрыемствы, не звязаныя непасрэдна з дасягненнем спартыўных рэзультатаў.
"Яшчэ нехта крыўдзіцца, што НАК не дае грошы. Гэта не НАК. Гэта я забараніў выдзяляць грошы на паездкі, раз'езды, пераезды, піяраўшчыну розную. Грошы вы можаце і ад НАК атрымаць - яны ёсць - толькі на спартсмена і трэнера. І іншым часам на мерапрыемствы. Дапусцім, на турнір трэба кудысьці выехаць. Мы дапаможам. Але ні на якіх чыноўнікаў, ніякія камандзіроўкі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дадатковыя сродкі ў спорце, у прыватнасці ў хакеі, будуць выдзяляцца за канкрэтны рэзультат. "Рэзультату няма - будзеце сядзець на голым акладзе. Вось вам мужчынскі адказ", - сказаў ён.

У гэтым жа ключы будзе разглядацца і пытанне фінансавай падтрымкі спартыўных арганізацый на мясцовым узроўні, заявіў Прэзідэнт. Магчымы пэўныя карэкціроўкі нарматыўнай базы, каб не дапускаць неабгрунтаваных трат бюджэтных сродкаў.

Кіраўнік дзяржавы таксама ўказаў на неабходнасць прааналізаваць узаемадзеянне хакейнага клуба "Дынама-Мінск" з БФСТ "Дынама" на прадмет магчымай аптымізацыі ў рабоце і кадравага забеспячэння. "Мне яшчэ трэба ў гэтым разабрацца. У вас ёсць цэлае таварыства "Дынама". Там у вас людзі. Яны займаюцца многімі відамі спорту. Няхай яны забяспечваюць каманду. Вы ж сэканоміце грошы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Клуб - гэта ж усё роўна як падраздзяленне вашага таварыства. Ён аўтаномны, але ён фактычна пад вамі".

"Гэта не таму, што вы не атрымаеце грошай. Вы заўсёды атрымаеце грошы. Пытанне - якія. Гэта залежыць ад вас. Будуць рэзультаты, вы ніколі не ўспомніце пра грошы", - дадаў Прэзідэнт.

Пра замежнага трэнера і легіянераў 

"Я са скрыпам пагадзіўся на замежнага трэнера. Адкрыю вам сакрэт: калі мне далажылі аб нашым сённяшнім дастойным чалавеку (галоўны трэнер "Дынама-Мінск" Дуаер Гордзі), апошні быў аргумент - тое, што я сказаў Шуневічу (старшыня наглядальнага савета ХК "Дынама-Мінск"), - калі трэнерскі штаб дапаможа нам яшчэ падкарэкціраваць беларускі хакей, накіраваць яго ў рэчышча, па якім рухаецца сусветны хакей у Канадзе, у ЗША, я згодны", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, калі новы трэнер сябе добра пакажа, то зможа і далей пры жаданні прадаўжаць работу на гэтай пасадзе, у тым ліку з вялікім грашовым забеспячэннем. "Калі ён сапраўды пакажа сябе трэнерам. Калі не атрымаецца - толькі беларускія трэнеры і толькі беларускія спартсмены", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт на сустрэчы канстатаваў, што беларускі хакей адстаў у развіцці. "Сёння на ступень ніжэй, чым у Расіі, і, як ад космасу, адсталі ад Канады і ЗША. Яны сёння гуляюць у зусім іншы хакей. Мы адсталі. Дай бог, каб не назаўсёды. І мы толькі за кошт фізічнай падрыхтоўкі і характару можам з імі гуляць", - лічыць беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся за скарачэнне колькасці легіянераў у беларускім хакеі, у тым ліку ў клубе "Дынама-Мінск". "У нас застанецца 3, максімум 4 ігракі-легіянеры на будучы год. Гэта маё строгае патрабаванне. Мы не можам плаціць грошы немаведама каму, хто не гуляе за нацыянальную зборную. Таму што гэта галоўнае - нацыянальная зборная і дынамаўскі клуб", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Адначасова ён адзначыў, што калі цяперашнія замежныя ігракі пакажуць сябе добра, то змогуць застацца ў камандзе, і іх паслугі будуць запатрабаваны. "Мы іх ніколі з каманды не выкінем. Яны ў нас застануцца. Калі хто-небудзь з іх захоча выступіць за зборную Беларусі на Алімпіядзе, мы разгледзім гэта пытанне. Але на будучае мы возьмем гэты крэн (на карысць ігракоў з Беларусі), каб нашы хлопцы пачыналі гуляць, каб яны не былі ў дадатак да некага, каб яны на пляцоўцы адчувалі сябе асноўнымі ігракамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта не датычыцца хлопцаў, якія да нас прыехалі сёння гуляць са Швецыі, Канады і гэтак далей. Гэта на сённяшні дзень нашы хлопцы. Будуць гуляць па-сапраўднаму, будуць вядучымі ў камандзе, мы да іх будзем ставіцца як да сваіх. Нават яшчэ больш. Таму што яны прыехалі здалёк, каб гуляць за Беларусь. Проста гэта тэндэнцыя. Вы павінны гэта ведаць", - яшчэ раз акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.

Пра бясплатны лёд

"З ільдом праблем, я разумею, ніколі не было і не павінна быць. У любы час, колькі вам трэба лёду, вы яго атрымаеце. Прытым мы разглядаем пытанне, каб лёд быў для каманд бясплатным. Гэта будзе падарунак дзяржавы. Для спартшкол дзіцячых, каманд. Любых каманд, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ёсць скаргі, што занадта ўжо шмат дзяруць за гэты лёд. За трэніроўку, за гульню. Таму я прыняў рашэнне. У нас палацы спорту дзяржаўныя. Мы вам прадаставім бясплатны лёд. Для вас і зборных каманд - у любым месцы колькі трэба. Хочаце ў Раўбічах жыць і трэніравацца - мы вас адправім у Раўбічы, там ёсць пляцоўка".

"У каманды будзе лёд у любы час. Калі вам не падабаецца дынамаўскі лёд тут на арэне, мы прадаставім іншы. Літаральна праз год-паўтара пабудуем побач (ідзе будаўніцтва) "Алімпік парк". Там будуць два кавалкі выдатнага лёду. Адна еўрапейская пляцоўка, другая - паўночнаамерыканская. Спецыяльна будуем. Калі вы захочаце там трэніравацца, вы атрымаеце гэту пляцоўку, хоць павінны там, дзе будзе гульня", - дадаў Прэзідэнт, звяртаючыся да кіраўніцтва клуба.

Пасля сустрэчы з хакеістамі Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з прапановамі і ўзорамі параднай формы для беларускіх спартсменаў і ўдзельнікаў зімовых Алімпійскіх гульняў-2018, якія пройдуць у Пхёнчхане (Рэспубліка Карэя).


Тэгі: Сустрэчы
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь