Сустрэча з губернатарам Хабараўскага краяРасіі Вячаславам Шпортам

  • 1

Беларусі неабходна паглыбляць супрацоўніцтва з Хабараўскім краем. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 21 ліпеня на сустрэчы з губернатарам Хабараўскага края Вячаславам Шпортам.

"Ваш край перажывае няпросты час, асабліва з улікам паводкі ў мінулым годзе, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Будзе няпроста пераадолець гэтыя прыродныя бедствы, і вы павінны быць упэўнены, што мы зробім усё магчымае, каб вас падтрымаць".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Хабараўскі край штогод імпартуе прадукцыі ў аб'ёме амаль $1 млрд, а доля беларускіх паставак пры гэтым складае толькі каля 1 працэнта, што вельмі мала. "Думаю, што ў бліжэйшы час мы павінны сур'ёзна заняцца аналізам працэсаў, звязаных з гандлем з Хабараўскім краем, і ўнесці свой дастойны ўклад у яго развіццё, у пераадоленне наступстваў паводкі мінулага года", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што гатовы разгледзець любыя прапановы і пытанні развіцця двухбаковых сувязей. "Мы ведаем магчымасці адзін аднаго, у нас вялікі інтарэс да вас, а ў вас - да нас, - заўважыў Прэзідэнт. - У нас узаемадапаўняльная эканоміка, а гэта аснова супрацоўніцтва". 

На сустрэчы сярод іншых тэм абмяркоўвалася магчымасць больш актыўнага супрацоўніцтва ў абароннай прамысловасці, у тым ліку ўдзелу Беларусі ў рабоце авія-суднабудаўнічага кластара на тэрыторыі Хабараўскага края. Размова ў прыватнасці вялася аб супрацоўніцтве з авіярамонтным заводам у Баранавічах. "Сапраўды, у нас гэты завод вельмі прыстойна працуе. Больш таго, яны паступова пераходзяць ад простага рамонту авіятэхнікі да стварэння для яе асобных камплектуючых. Я быў нядаўна на гэтым заводзе і пастаўлена задача, каб мы, не забываючы, вядома, аб рамонце, выходзілі на вытворчасць нейкай тэхнікі. Адным нам, вядома, няма сэнсу і цяжка гэта зрабіць, а з расіянамі мы проста можам выйсці на больш глыбокае супрацоўніцтва", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт асабліва падкрэсліў, што прамыя кантакты Беларусі з расійскімі рэгіёнамі традыцыйна з'яўляюцца асновай у супрацоўніцтве дзвюх краін.

"Нам трэба арыентавацца, перш за ўсё, на свае сілы, на ўнутраныя рэзервы. У нас вялікі рынак. Мы многае можам зрабіць, і трэба, перш за ўсё, арыентавацца на сябе, - падкрэсліў беларускі лідар. - Моцных паважаюць, слабых - ніколі. А наша сіла гэта эканоміка і, вядома, абарона. Таму мы гатовы ў гэтым напрамку з вамі дзейнічаць у адзіным ключы".

"Чым раней мы зразумеем, што ніхто нічым нам не дапаможа, і з намі супрацоўнічаць будуць толькі для таго, каб узяць у нас, тым хутчэй мы пяройдзем да таго, каб сябе забяспечваць самім. Мы можам гэта зрабіць", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт даў даручэнне Ураду аказаць максімальнае садзейнічанне дэлегацыі Хабараўскага края ў наведванні прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Беларусі з мэтай выхаду на канкрэтныя дамоўленасці па пастаўках тавараў і паслуг, арганізацыі вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі.