Сустрэча з губернатарам Валагодскай вобласці Расіі Алегам Куўшыннікавым

  • 1
Беларусь пашырае ўзаемадзеянне з Валагодскай вобласцю Расіі ў сферы прамысловай кааперацыі і ў пастаўках аўтамабільнай і сельскагаспадарчай тэхнікі. Такія дамоўленасці дасягнуты ў час праведзенай 5 чэрвеня сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам Валагодскай вобласці Алегам Куўшыннікавым.

"Мы гатовы разам працаваць, толькі так, каб і вы былі зацікаўлены ў гэтым. Думаю, у нас добры вопыт. Мы можам стварыць не толькі сумесныя прадпрыемствы, але і з нуля распрацаваць вытворчасці, якія патрэбны будуць не толькі на Валагодчыне, але ва ўсёй Расіі, у Беларусі. Таму вельмі добра, што вы прыехалі ў гэты час у Беларусь", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь і Валагодская вобласць могуць ажыццявіць паспяховыя праекты як па вытворчасці тэхнікі, так і ў сельскай гаспадарцы. "Я інфармаваны аб зацікаўленасці Валагодчыны супрацоўнічаць з Беларуссю. Мне здаецца, што мы можам "склеіць" нешта добрае, асабліва на базе металургічнага завода, дзе мы ўжо сумесна вырабляем пэўную тэхніку. Ведаю аб вашых праектах, імкненні і жаданні выйсці на больш высокія рубяжы ў забеспячэнні прадуктамі харчавання", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У Валагодскай вобласці гатовы пачаць рэалізацыю значных праектаў з буйнейшымі беларускімі прадпрыемствамі. "Ідуць перагаворы. Мы рушылі наперад вельмі далёка па стварэнні праекта "Саюзны трактар". На сённяшні дзень у Валагодскай вобласці выпушчана больш за 6,5 тыс. сумесна вырабленых трактароў. Цяпер у Расіі кожны трэці колавы трактар вырабляецца менавіта ў Чарапаўцы, гэта сумеснае прадпрыемства", - расказаў Прэзідэнту Алег Куўшыннікаў.

Па выніках сустрэчы бакі дасягнулі шэрага канкрэтных дамоўленасцей. У прыватнасці, прынята рашэнне павялічыць ступень лакалізацыі вытворчасці беларускіх трактароў на Чарапавецкім ліцейна-механічным заводзе і падвоіць аб'ёмы вытворчасці гэтай тэхнікі.

Акрамя таго, Валагодская вобласць у бліжэйшы час закупіць у Мінскага аўтамабільнага завода больш за 120 нізкападлогавых аўтобусаў. У гэтым рэгіёне таксама адкрыецца сэрвісны цэнтр МАЗ.

Сваю прадукцыю ў Валагодскую вобласць будзе пастаўляць і Мінскі маторны завод. Яна будзе выкарыстоўвацца для сумеснай вытворчасці пагрузчыкаў і экскаватараў. Першая партыя беларускіх рухавікоў ужо адгружаецца на Чарапавецкі ліцейна-механічны завод.

Прадоўжыць пастаўкі сельскагаспадарчай тэхнікі ў Валагодскую вобласць "Амкадор". Акрамя таго, прадпрыемства ўпершыню пачне рэалізоўваць там лесанарыхтоўчую тэхніку.