Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча з губернатарам Свярдлоўскай вобласці Яўгенам Куйвашавым

21 кастрычніка 2019 года
Сустрэча з губернатарам Свярдлоўскай вобласці Яўгенам Куйвашавым
глядзіце таксама: відэа
21 кастрычніка 2019 года
Сустрэча з губернатарам Свярдлоўскай вобласці Яўгенам Куйвашавым

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Свярдлоўскай вобласці Яўгенам Куйвашавым 21 кастрычніка прапанаваў пашырыць вытворчую кааперацыю ў машынабудаўнічай галіне.

Кіраўнік дзяржавы цёпла вітаў расійскага губернатара на беларускай зямлі. "Я заўсёды гавару: гэта і ваша зямля. Беларусь неаддзельная ад славянскіх народаў. Так ужо здарылася апошнім часам, што Беларусь стала самай славянскай краінай, уносячы прыкметны ўклад у збліжэнне нашых народаў. Мы разглядаем развіццё супрацоўніцтва з вамі, з усімі расійскімі рэгіёнамі ў якасці аднаго з ключавых напрамкаў. Я часта таксама гавару аб тым, што ў свой час, калі паміж Расіяй і Беларуссю былі не лепшыя часы (бывалі і такія), менавіта супрацоўніцтва рэгіёнаў з Беларуссю выратавала Саюз Беларусі і Расіі", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што раней і сам бываў у Екацярынбургу. "Мне вельмі спадабаўся гэты моцны рабочы горад. Менавіта моцны. Я паехаў тады з такім уражаннем, - падкрэсліў ён. - Было шмат снегу. Мне спадабаўся Екацярынбург, я параўнаў з Беларуссю, і ў нас такое надвор'е бывае. Там жывуць па-сапраўднаму моцныя людзі".

Свярдлоўская вобласць, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, традыцыйна з'яўляецца надзейным партнёрам для Беларусі. "Ва ўральскім рэгіёне мы працуем даўно і паспяхова", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Жыхары вобласці добра знаёмы з беларускімі прадуктамі харчавання, абуткам, тэкстылем, бытавой тэхнікай, мэбляй.

"Значную долю ў аб'ёмах узаемнага гандлю займаюць сумесныя праекты ў галіне энергетыкі. На Урале выраблена 60% турбін, якія мы выкарыстоўваем у Беларусі, - адзначыў Прэзідэнт. - Вялікі патэнцыял для пашырэння вытворчай кааперацыі ёсць у машынабудаўнічай галіне. Напрыклад, "Белкамунмаш" можа арганізаваць у вас усю лінейку мадэрнізацыі трамваяў, прытым цэны будуць ніжэйшыя ў параўнанні з расійскімі кампаніямі".

Інтарэс для Беларусі ўяўляе арганізацыя зборкі дызельных рухавікоў для самазвалаў БелАЗ разам з кампаніяй "Сінара - Транспартныя машыны".

"Для абнаўлення рухомага саставу горада Екацярынбурга і вобласці можам прапанаваць шырокі спектр пасажырскай тэхнікі, уключаючы такі інавацыйны і экалагічны транспарт, як электробусы, - сказаў беларускі лідар. - У нас таксама ёсць напрацоўкі па стварэнні сістэмы дыспетчарызацыі рэгулярных гарадскіх транспартных зносін".

Беларусь гатова прыняць удзел у забеспячэнні рэгіёна сельскагаспадарчай, аўтамабільнай, дарожна-будаўнічай, камунальнай тэхнікай. "Вы ведаеце, што Беларусь - гэта машынабудаўнічая краіна, і ў любым сегменце мы маем добрыя не проста напрацоўкі, але тавары. У нас ёсць магчымасці для развіцця новых напрамкаў супрацоўніцтва, у тым ліку і ў навуцы, сельскай гаспадарцы. У мэтах паспяховай рэалізацыі сумесных праектаў у гэтых перспектыўных сферах неабходна задзейнічаць увесь навукова-тэхналагічны і кадравы патэнцыял", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прапанаваў інжынірынгавыя паслугі беларускіх спецыялістаў пры будаўніцтве сацыяльных аб'ектаў, аўтадарог, мастоў, смеццеперапрацоўчых комплексаў. "Я ведаю, вы шмат будуеце, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Вы адзін з вядучых рэгіёнаў па будаўніцтве. Калі вам патрэбна будзе наша падтрымка і дапамога будаўнікамі, калі ласка, пад ключ, калі трэба. Асабліва гэта актуальна пры падрыхтоўцы да Сусветнай летняй універсіяды, якая адбудзецца ў 2023 годзе. У нас ёсць пэўны ў гэтым плане вопыт, таму што мы ў бягучым годзе правялі маштабныя Еўрапейскія гульні і матч "Еўропа-ЗША".



"Адным з напрамкаў супрацоўніцтва, зразумела, важным для Свярдлоўскай вобласці, нягледзячы на тое, што гэта паўночны край, з'яўляецца сельская гаспадарка. Мы маем пэўны вопыт у гэтым плане", - падкрэсліў Прэзідэнт. У якасці прыкладу ён прывёў рэалізаваны беларускімі спецыялістамі маштабны праект на Сахаліне.

Шырокае поле для супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Свярдлоўскай вобласцю ёсць у гуманітарнай сферы. Агульнавядома, што легендарны беларускі музыкант Уладзімір Мулявін быў родам з Урала. У Мінску дзякуючы дапамозе Урада Свярдлоўскай вобласці і асабістай падтрымцы губернатара быў устаноўлены помнік гэтаму артысту. "Ваш падарунак - помнік - дарагога каштуе. Мы ўважліва ставімся да памяці Уладзіміра Мулявіна, падтрымліваем усю яго творчасць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта наш агульны гонар - Валодзя Мулявін, якога я вельмі добра ведаў, з якім быў вельмі дружны. Пасля нацыяналістычнага запалу (некалькі гадоў у Беларусі і гэта было) мне давялося яго як нашага, рускага чалавека, узнімаць на вышыню. Я адкрыта беларусам сказаў, што гэты рускі расіянін навучыў нас размаўляць на беларускай мове".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь адкрыта для дыялогу па любых пытаннях, якія цікавяць. "Мы настроены максімальна хутка выйсці на канкрэтныя дамоўленасці. Ведайце, калі мы аб нечым дамовімся, па выкананні ніколі не будзе ніякіх затрымак", - дадаў ён.

"Думаю, што ў бліжэйшы час зможам перасягнуць той рэкордны тавараабарот у памеры прыкладна $600 млн, які быў у 2012 годзе", - сказаў Прэзідэнт, выказаўшы ўпэўненасць у тым, што прыезд губернатара будзе садзейнічаць развіццю не толькі тавараабароту, але і ўмацаванню дружалюбных сувязей паміж Беларуссю і Свярдлоўскай вобласцю.

Яўген Куйвашаў у сваю чаргу таксама абазначыў зацікаўленасць у развіцці вытворчай кааперацыі ў машынабудаванні. Паводле яго слоў, гэта асаблівы напрамак для Свярдлоўскай вобласці, паколькі яна з'яўляецца прамысловым рэгіёнам. "Мы актыўна развіваем нашы кампетэнцыі ў прамысловасці, энергетыцы. Для нас Беларусь - стратэгічны партнёр, - падкрэсліў расійскі губернатар. - Упэўнены, што сённяшняя сустрэча адкрые перад намі новыя гарызонты супрацоўніцтва".

У склад дэлегацыі Свярдлоўскай вобласці ўвайшлі кіраўнікі заканадаўчых органаў і міністэрстваў, прадстаўнікі прадпрыемстваў і дзелавой супольнасці, дадаў Яўген Куйвашаў. "Мы прывезлі вялікую колькасць нашых прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, якія правялі папярэднія перагаворы з беларускімі партнёрамі па паглыбленні супрацоўніцтва. Адносіны Свярдлоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі і Беларусі заўсёды былі прыкладам шчырай дружбы і руху насустрач адзін аднаму", - заявіў ён.


Тэгі: Сустрэчы
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь