Сустрэча з губернатарам Санкт-Пецярбурга Георгіем Палтаўчанкам

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка канстатуе дадатную тэндэнцыю ў гандлі Беларусі і Санкт-Пецярбурга. На гэта Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на сустрэчы 27 лістапада з губернатарам Санкт-Пецярбурга Георгіем Палтаўчанкам.

    Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў, што па выніках 2013 года тавараабарот паміж Беларуссю і Санкт-Пецярбургам склаў $1,9 млрд. У гэтым годзе плануецца выйсці на аб'ём гандлю $2 млрд. Ужо за студзень-верасень адзначаецца прырост у гандлі 9 працэнтаў да ўзроўню 2013 года. "Гэта добрая тэндэнцыя, дай бог, каб яна была захавана", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    "Добра, што мы ад прамога гандлю перайшлі да стварэння сумесных праектаў, перш за ўсё ў сферы прамысловай кааперацыі. Гэта важны напрамак, і мы будзем яго падтрымліваць", - адзначыў Прэзідэнт. Ён дадаў, што размова ідзе аб праектах па стварэнні пасажырскай, дарожна-будаўнічай, камунальнай тэхнікі, а таксама пастаўках яе з Беларусі ў Санкт-Пецярбург, калі гэта патрэбна.

    Кіраўнік дзяржавы задаволены таксама супрацоўніцтвам у сферы АПК. Каля 40 працэнтаў удзельнай вагі беларускага экспарту ў Санкт-Пецярбург займаюць харчовыя тавары і сельскагаспадарчая сыравіна, што складае дзясятую частку ўсяго харчовага экспарту ў Расію.

    У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка выказаў недаўменне паводзінамі Расіі адносна да абмежавання паставак беларускай прадукцыі.

    "Мяне сёння паводзіны расійскіх улад не проста здзіўляюць, а засмучаюць. Калі ў бліжэйшы час не будзе нармалізаваны гандаль паміж дзвюма краінамі, мы вымушаны будзем рэагаваць. Што гэта за паводзіны такія?!" - адзначыў беларускі лідар.

    "І прытым, ведаеце, што крыўдзіць? Вось узнікнуць праблемы ў Казахстана, дапусцім, і Беларусі аднолькавыя - адзін званок, і ўсё добра з Казахстанам. У мяне ствараецца ўражанне, што на прыкладзе Беларусі чарговы раз, узяўшыся то за газавую трубу, то за нафтавую, а цяпер за харчовыя пытанні, хочуць паказаць камусьці або ўсяму свету, правучыць некага", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    "У нас ёсць закон, мытныя пагадненні, мы заўтра пачынаем работу ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Якія могуць быць перашкоды ў пастаўках тавараў?!" - сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што бакі дамовіліся, што павінна быць прамое бесперашкоднае перамяшчэнне тавараў, грузаў, рабочай сілы. "Мы фактычна адна краіна. Навошта вы гэта робіце?" - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

    "Калі вы лічыце, што мы нешта парушылі, мы ж без усялякіх скандалаў можам разабрацца ў гэтым", - дадаў беларускі лідар.

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўзяў гэтыя пытанні на кантроль. "Тры месяцы мы на гэта не рэагавалі - бачу, што пытанні не вырашаюцца, - адзначыў Прэзідэнт. - Не трэба нас прэсінгаваць. Мы былі вам надзейнымі сябрамі і будзем. Але калі вы нас пачняце шчаміць, вы ведаеце, што я цярпець не буду".

    "І потым, я не разумею: вы што, спецыяльна гэта робіце, каб узняць цэны ў Расійскай Федэрацыі? Мы ж пастаўляем вам прадукцыю па самых нізкіх цэнах. Але дэфіцыт тавараў, асабліва мясной прадукцыі на рынках Расіі, - гэта ж рост цэн. Навошта вы гэта робіце? Мне наогул гэта незразумела", - адзначыў Прэзідэнт.

    "Прытым нам гавораць адкрыта, што мы перапрацоўваем сыравіну, купляем нешта на Захадзе. Але мы дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі і з прэм'ерам, што гэта не ёсць парушэнне эмбарга. Пуцін гаворыць: вам ніхто не перашкаджае, перапрацоўвайце сыравіну, але прамога транзіту не павінна быць, - прадоўжыў беларускі лідар. - Што граху таіць, сёння, калі ў іх (на Захадзе) узніклі праблемы, асабліва ў суседзяў, яны гатовы па зніжаных цэнах гэту сыравіну аддаваць. І дзякуй. $100 млн заробіць Беларусь на працягу года - гэта што, грошы? І гэта што, дрэнна?" Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусі трэба вяртаць крэдыты Расіі.

    "Калі хтосьці з вашых хоча пагрэць рукі на сітуацыі, узняць цану, то гэта не наша пазіцыя. Мы народы павінны абараняць. Сёння расіянам нялёгка, цэны ўзнімаюцца кожны дзень, - адзначыў Прэзідэнт. - У Новасібірску ўзнікла праблема з грэчкай. Ёсць у нас магчымасць - 120 т у Новасібірск імгненна адправім. Мы стараемся вырашаць вашы праблемы, а вы пачынаеце нас душыць. Нельга так рабіць".

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь стараецца дапамагчы збіць цану на тавары ў Расіі, прапануючы больш танную беларускую прадукцыю. Ён параіў расійскаму боку разабрацца "з розным жуллём, якое на гэтым жыруе, з гандлярамі і іншымі".

    "Нам трэба ўстараняць усялякія бар'еры. Сяброў у нас у свеце вы ведаеце колькі. І вы ведаеце, якая пазіцыя ў іншых дзяржаў. Таму давайце не страчваць плячо адзін аднаго", - падкрэсліў беларускі лідар.

    "Не трэба думаць, што Беларусь меншая, чым Расія, і яна ні на што не здольная. Мы вельмі нават многае можам. І мы ніколі не кідалі Расію. Не кінем і ў гэтай сітуацыі. Мы на гэтым сабе карысць шукаць не маем намеру. Гэта наша Расія, і мы яе будзем абараняць, як сваю тэрыторыю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    Гаворачы аб супрацоўніцтве Беларусі з Санкт-Пецярбургам, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што супрацоўніцтва Беларусі з Санкт-Пецярбургам можа быць узорам для іншых расійскіх рэгіёнаў. "Хацелася б, каб наша супрацоўніцтва было прыкладам для ўсёй Расіі - і ў будаўнічай сферы, і ў культуры, і ў ахове здароўя", - сказаў беларускі лідар.

    "Беларусь і Ленінградская вобласць найбольш пацярпелі ў сваёй гісторыі. Няма больш падобных людзей. Зыходзячы з гэтага і будуюцца нашы адносіны", - падкрэсліў Прэзідэнт. У Беларусь пасля Вялікай Айчыннай вайны прыехала шмат спецыялістаў з гэтага рэгіёна дапамагаць аднаўляць разбураную краіну. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў ленінградцам за ўсё добрае, што яны робяць для Беларусі і сёння.

    У сваю чаргу Георгій Палтаўчанка звярнуў увагу на добрае стаўленне Беларусі да ветэранаў, якія ў тым ліку жывуць у Санкт-Пецярбургу.