Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Сустрэча з губернатарам Яраслаўскай вобласці Дзмітрыем Міронавым

12 красавіка 2018 года
Беларусь прапануе Яраслаўскай вобласці Расіі свой удзел у інфраструктурных праектах і дзяржпраграмах, якія рэалізуюцца на тэрыторыі рэгіёна. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 12 красавіка на сустрэчы з губернатарам Яраслаўскай вобласці Дзмітрыем Міронавым.

Аляксандр Лукашэнка цёпла вітаў губернатара і дэлегацыю Яраслаўскай вобласці. "І ўчарашнія нашы добрыя мерапрыемствы (таварыскі матч паміж хакейнай камандай Прэзідэнта Беларусі і ветэранамі яраслаўскага "Лакаматыва"), з якіх мы пачалі, і маючыя адбыцца перагаворы стануць добрым стымулам для актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва", - сказаў ён.

"Беларусь прапануе свой удзел у інфраструктурных праектах, дзяржаўных праграмах, якія вы рэалізуеце ў рэгіёне. Мы адкрыты для дыялогу па ўсіх пытаннях, якія вас цікавяць, і гатовы да прадметнай размовы па ўсіх напрамках", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Ваш рэгіён шмат у чым падобны да Беларусі па структуры эканомікі. Ён заўсёды быў важным гандлёвым партнёрам. Беларускія прадпрыемствы машынабудавання развіваюць дзелавыя кантакты з вытворцамі яраслаўскіх рухавікоў. У нас створаны тэхналагічныя ланцужкі ў станкабудаванні, нафтахіміі, іншых галінах, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Вытворчая кааперацыя нашых прадпрыемстваў мае ўзаемавыгадны характар. Мы разлічваем на вашу далейшую падтрымку сумесных вытворчасцей і падключэнне іх да расійскіх рэгіянальных праграм".

У прыватнасці, Прэзідэнт адзначыў, што, прытрымліваючыся агульнасусветных тэндэнцый, у Яраслаўскай вобласці плануецца перавод пасажырскага аўтапарку на выкарыстанне газаматорнага паліва. Тут можа быць карысны вопыт Беларусі. "У мінулым годзе мы нямала ў гэтым плане зрабілі, асабліва ў Маскве, Самары, і заказы прадаўжаюць паступаць. Таму калі ў вас ёсць жаданне і магчымасці, падключайцеся да гэтага праекта", - прапанаваў Кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу на магчымасці Беларусі ў вытворчасці грузавой, дарожнай, пасажырскай, камунальнай, будаўнічай тэхнікі. "Мы гатовы ствараць у вас сумесныя вытворчасці і гатовы да паставак тэхнікі ў ваш рэгіён", - сказаў Прэзідэнт.

Беларусь таксама гатова больш цесна падключыцца да праграмы развіцця сельскай гаспадаркі ў Яраслаўскай вобласці. "Ведаю, што вы нямала ў гэтых адносінах робіце. І нашы распрацоўкі ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, перапрацоўцы заслугоўваюць увагі. Мы вывучалі сусветны вопыт, знайшлі шмат карыснага", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.



Прадаўжаючы тэматыку ўзаемадзеяння ў АПК, Аляксандр Лукашэнка адзначыў планы па стварэнні ў Яраслаўскай вобласці сырнага кластара. І ў гэтым напрамку таксама можа быць карысны беларускі вопыт. "Тым больш, беларускія прадукты карыстаюцца высокім попытам у расійскіх спажыўцоў. І калі ёсць неабходнасць, мы гатовы павялічыць пастаўкі вам прадуктаў харчавання", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што Беларусь і Яраслаўскую вобласць звязваюць даўняя гісторыя адносін і многае родніць. Так, многія беларусы ратаваліся на тэрыторыі вобласці ад бедстваў Першай сусветнай вайны. "Народны паэт Беларусі Максім Багдановіч большую частку свайго творчага жыцця пражыў у Яраслаўлі, дзе шануюць яго памяць да гэтага часу. У пасёлку Някрасаўскім у гэтым годзе вы адкрылі спартыўны комплекс у памяць аб загінулых іграках і персанале хакейнага клуба "Лакаматыў". У гэтай жудаснай катастрофе загінулі і грамадзяне Беларусі", - сказаў беларускі лідар.

У сваю чаргу Дзмітрый Міронаў згадзіўся, што сувязі ў эканоміцы могуць быць яшчэ больш цеснымі і актыўней развівацца. "Я і ўсе члены дэлегацыі Яраслаўскай вобласці вельмі рады знаходзіцца ў гэтыя дні ў Мінску. Упэўнены, што візіт паслужыць умацаванню нашых традыцыйных сувязей", - сказаў ён.

Губернатар звярнуў увагу, што Яраслаўская вобласць яшчэ з савецкіх часоў з'яўляецца партнёрам Беларусі ў ажыццяўленні шэрага важнейшых праектаў. Цесныя кантакты склаліся ў Яраслаўля і Мінска ў сферы вышэйшай адукацыі і культуры.

"Яраслаўцы вельмі добра помняць ваш візіт у Яраслаўскую вобласць. Ён тады надаў дадатковы імпульс умацаванню саюза Беларусі і Расіі. Яраслаўцы ніколі не забудуць вечар памяці, праведзены хакеістамі мінскага "Дынама" з вашым удзелам пасля гібелі каманды "Лакаматыў", - сказаў Дзмітрый Міронаў.
Тэгі: Сустрэчы
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь