Сустрэча з губернатарам Архангельскай вобласці Расіі Ігарам Арловым

  • 1

Беларусь захоўвае вялікі інтарэс да прамых кантактаў з расійскімі рэгіёнамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 лютага на сустрэчы з губернатарам Архангельскай вобласці Расіі Ігарам Арловым.

"Мы захоўваем вельмі вялікі інтарэс да прамых кантактаў з расійскімі рэгіёнамі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Вы для нас наогул родны чалавек, мы жывём на поўначы, у нас шмат задач, якія трэба вырашаць". Паводле яго слоў, Беларусь валодае дастатковымі аб'ёмамі прамысловай прадукцыі, тавараў народнага спажывання для гандлю з расійскім рэгіёнам.

Прэзідэнт адзначыў, што адна са сфер, дзе ёсць перспектывы для нарошчвання ўзаемадзеяння, - гэта будаўніцтва. "Калі вы нам даручыце які-небудзь квартал па жыллі зрабіць пад ключ, праектаваць, праводзіць даследаванні і будаваць, як мы звычайна ў расійскіх губернях робім, - калі ласка, мы можам паказаць нашы магчымасці. Калі вам спадабаецца, будзеце нас запрашаць", - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама абазначыў магчымасць аснашчэння дамоў у Архангельскай вобласці сучаснымі беларускімі ліфтамі. "Мы значна мадэрнізавалі свае заводы па вытворчасці ліфтавага абсталявання і можам ліфты рабіць хоць для касмадрома, хоць для самалётаў, верталётаў і звычайных жылых дамоў", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Беларусь таксама мае вялікі вопыт машынабудавання ад транспарціроўкі грузаў да лесанарыхтовак. "Стварылі практычна ўсю лінейку лясной тэхнікі, вучыліся па ўсім свеце і зрабілі не горш. Там, дзе вузлы складаныя і мы яшчэ не ўмеем так якасна вырабляць, мы іх купляем у еўрапейцаў", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці Беларусі падзяліцца з Архангельскай вобласцю сваім вопытам па развіцці сельскай гаспадаркі. "Мы з вамі знаходзімся ў зоне рызыкоўнага земляробства, - адзначыў ён. - Мы можам вам дапамагчы і ў племянной справе, і ў вырошчванні агароднінных культур, уладкаванні малочнатаварных ферм, цяплічных комплексаў". У якасці прыкладу Кіраўнік дзяржавы прывёў эфектыўнае супрацоўніцтва з Егіптам, дзе Беларусь будуе і аснашчае цяпліцы. "Мы дамовіліся (у час нядаўняга візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Егіпет. - Заўвага), што больш будзем будаваць цяпліц, таму што там яны могуць зімой вырасціць тое, чаго няма ў нас, і нам прадаць, дапусцім, клубніцы", - сказаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, менавіта развіццё эфектыўнай цяплічнай гаспадаркі дае магчымасць Беларусі вырошчваць агароднінную прадукцыю, якая канкурэнтная ў тым ліку і на расійскім рынку. "Хоць розніца па цэнах на прыродны газ у нас з вамі амаль у два разы, а па нафце на 50% у нас цэны вышэйшыя, чым у Расіі. Нават у гэтай сітуацыі мы канкурэнтныя на вашым рынку па агурках, перцах, баклажанах, памідорах", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на высокую якасць беларускіх прадуктаў харчавання, якія пастаўляюцца ў розныя рэгіёны свету. "Мы гандлюем не толькі ў Расіі, ужо вельмі шмат і ў Еўрасаюзе, але яшчэ больш з Кітаем, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Таму Данкверту (Сяргей Данкверт - кіраўнік Рассельгаснагляду. - Заўвага) трэба сказаць, каб пераставаў нас даймаць, а то мы пойдзем проста на кітайскі рынак".

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў арганізаваць сумесныя прадпрыемствы па асваенні тарфяных радовішчаў, якімі багата Архангельская вобласць.

"Усё, аб чым вы тут дамовіліся, я вам гарантую, мы гэта рэалізуем. Мы вельмі абавязковыя людзі, - запэўніў Прэзідэнт Беларусі расійскага губернатара. - Мы ад гэтага маем даход, вядома, не такі, як у Расіі ад нафты і прыроднага газу. З гэтага жыве ўся Беларусь. Работа з вамі - гэта не дабрачыннасць. Гэта наша жыццё, наша работа, ад якой мы атрымліваем хоць невялікі, але прыбытак".

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў падрабязнасці тэлефоннай размовы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, якая адбылася непасрэдна перад сустрэчай з губернатарам.

Кіраўнікі дзяржаў, у прыватнасці, абмяркоўвалі пастаўкі энергарэсурсаў - нафты.

"Прэзідэнт Расіі патэлефанаваў (вы ведаеце, што ў нас часам узнікаюць спрэчкі па асобных пытаннях). Ён унёс прапанову, каб мы над ёй падумалі, у тым ліку і па пастаўках нафты ў Беларусь. Мы, вядома, цяпер (гэта нечаканая была прапанова) спрабуем падлічыць яе. Але гэта, напэўна, не мае значэння. Таму што тавар расійскі. Расія можа прадаваць яго па справядлівых цэнах, можа прадаваць не па справядлівых. Таму што манапаліст. Мы ні ад каго больш нафту не атрымлівалі. Тое ж самае і па газу", - сказаў Прэзідэнт.

"Дарэчы, Уладзімір Пуцін прапанаваў формулу палічыць, колькі мы ад змяншэння мытнай пошліны ў 2020 годзе страцім да ўзроўню мінулага года", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Калі мы атрымлівалі ў мінулым годзе ад пошліны $1 млрд, дапусцім, а ў гэтым годзе за кошт зніжэння гэтай самай пошліны (яна ж увесь час зніжаецца) атрымаем $700 млн. Ён сказаў: мы $300 млн кампенсуем. У тым ліку за кошт прэмій кампаніям", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.


"Такая прапанова. Гэта хоць нейкі шлях да развязкі спрэчак. Па нафце пытанне стаіць так, што Расія гатова нам захаваць фінансавы ўзровень па нафце мінулага года. Хоць нейкі рух наперад. Мы цяпер палічым гэта ўсё. Але падлік гэты практычна не мае ніякага значэння. Таму што іншага варыянту пакуль няма з боку Расіі. Прасілі, каб мы гандлявалі нафту па сусветнай цане. Але кампаніі на гэта не згаджаліся. Да сусветнай цаны яны яшчэ прасілі дабавіць $12 прэміі. Таму што ў нас, бачыце, маржынальныя рынкі - Еўропы, Украіны, беларускі рынак", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, ён наконт гэтага сказаў Прэзідэнту Расіі: "Гэта наша перавага ўжо (маржынальныя рынкі. - Заўвага). А ў вас перавага, што ў вас нафта ёсць".

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што даручыў Прэм'ер-міністру, каб усё было разлічана і, нарэшце, дасягнута пагадненне па далейшай рабоце ў гэтай сферы.

Прэзідэнт расказаў, што яны з Уладзімірам Пуціным таксама абмеркавалі магчымасць сумеснага з Расіяй будаўніцтва АЭС у Егіпце.

"Мы шмат гаварылі пра Егіпет. Там і мы, і Расія працуе. І мы вельмі дружныя з Прэзідэнтам Егіпта. Добрыя адносіны ў Прэзідэнта Расіі з аль-Сісі - Прэзідэнтам Егіпта. У нас, напэўна, там будзе агульная будоўля. Расія, відаць, 4 блокі атамнай станцыі будзе будаваць у Егіпце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў "Расатаме" вельмі задаволены беларускімі будаўнікамі. "І мы абмяркоўвалі пытанне сумеснага будаўніцтва. Гэта было, дарэчы, да будаўніцтва беларускай станцыі. Каб мы атрымалі тут вопыт будаўніцтва разам з расіянамі", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, кіраўнікі дзяржаў узнімалі і пытанні будаўніцтва беларускай АЭС.

"Абмеркавалі пытанні крэдытных нашых пагадненняў, абавязацельстваў і крэдытавання Беларусі, беларускай эканомікі, пытанні працэнтных ставак, асабліва па атамнай станцыі, каб хутчэй скончылі ў пакеце. Як мы ў Сочы абмяркоўвалі, каб хутчэй скончылі гэтыя дамоўленасці і каб не было нейкіх абцяжваючых абставін", - сказаў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён і Уладзімір Пуцін прыйшлі да высновы, што БелАЭС будзе лепшай станцыяй. "І па такім тыпе яны будуць будаваць ва ўсім свеце, і мы будзем падстаўляць плячо дзе трэба", - адзначыў ён.

У размове таксама абмяркоўвалася тэма дапамогі Расіі ў завяршэнні будаўніцтва касмадрома "Усходні".

"Я яму (Уладзіміру Пуціну. - Заўвага) расказаў аб сустрэчы з Рагозіным і будаўніцтве касмадрома "Усходні". Гавару Прэзідэнту: гэта твая будоўля, кантралюеш пастаянна. Таму май на ўвазе, што наш міністр туды з Рагозіным (генеральны дырэктар дзяржкарпарацыі "Раскосмас". - Заўвага) паляцелі або паляцяць. І "Усходні", вядома, трэба аператыўна дабудоўваць. І Дзмітрый Рагозін, знаходзячыся тут, вельмі мяне прасіў, каб мы дапамаглі спецыялістамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што перавага Беларусі ў тым, што ў краіне не разбурылі створаныя з савецкіх часоў вялікія будаўнічыя кампаніі. "Не раздрабнілі на маленькія кампаніі, дзеля нейкай рыначнай канкурэнцыі. І гэта нас выратоўвае", - сказаў ён.

"Цяпер, калі мы дамовімся па "Усходнім", можам перакінуць туды 2-3 трэсты, якія могуць працаваць пад ключ - жыллё, прамысловыя аб'екты. Напэўна, трэба. Таму што Прэзідэнт сказаў, што вельмі трэба дапамагчы і аператыўна пабудаваць "Усходні". Кажа, там яшчэ і другая, трэцяя чэргі будуць", - расказаў беларускі лідар.

У сваю чаргу Ігар Арлоў падзякаваў Кіраўніку дзяржавы за магчымасць наведаць Беларусь. Ён назваў свой візіт "не парадным, а насычаным практычнымі справамі і рашэннямі". "Па выніках візіту я чарговы раз пераканаўся, што нашаму ўзаемадзеянню наканаваны поспех на ўсіх узроўнях, я ніколькі ў гэтым не сумняваюся. Узровень адносін, блізкасці агульначалавечых, гістарычных каштоўнасцей вельмі высокі", - падкрэсліў ён.