Сустрэча з губернатарам Арэнбургскай вобласці Расійскай Федэрацыі Юрыем Бергам

  • 6
Беларусь і Расія ў рэгіянальным узаемадзеянні павінны актыўна шукаць новыя агульныя падыходы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 сакавіка на сустрэчы з губернатарам Арэнбургскай вобласці Расійскай Федэрацыі Юрыем Бергам.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што гэты візіт дэлегацыі Арэнбургскай вобласці дасць яшчэ адзін імпульс развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што ў 2013 годзе ў гандлі быў дасягнуты добры вынік: тавараабарот Беларусі з гэтым расійскім рэгіёнам перавысіў $1 млрд. Аднак у 2014 годзе ён скараціўся ў два разы. На думку Кіраўніка беларускай дзяржавы, такая сітуацыя патрабуе прыняцця аператыўных мер па аднаўленні дадатнай дынамікі двухбаковых адносін.

"Лічу, што ў цяперашніх няпростых умовах актыўны пошук новых агульных падыходаў у рамках рэгіянальнага ўзаемадзеяння з'яўляецца важным складнікам беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў цэлым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь пастаўляе ў Арэнбургскую вобласць разнастайную тэхніку і абсталяванне, імпартуючы тавары, неабходныя для дзейнасці прадпрыемстваў. У Арэнбургскай вобласці створаны дзве зборачныя вытворчасці беларускай тэхнікі - жняярак вытворчага аб'яднання "Гомсельмаш" і трактароў МТЗ. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што бакам не трэба абмяжоўвацца гэтымі праектамі, трэба прапрацоўваць новыя варыянты супрацоўніцтва, больш актыўна выкарыстоўваць вытворчы, навукова-тэхналагічны і кадравы патэнцыял бакоў.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь гатова забяспечваць сваіх партнёраў усім спектрам выпускаемай тэхнікі. "Упэўнены, што ў час наведвання машынабудаўнічых прадпрыемстваў вы пераканаецеся, што гэту тэхніку можна купляць", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, вельмі важным у рэгіянальным узаемадзеянні з'яўляецца супрацоўніцтва ў сельскагаспадарчай сферы. І ў Беларусі, і ў Арэнбургскай вобласці гэта галіна інтэнсіўна развіваецца.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што перспектыўным з'яўляецца ўзаемадзеянне ў будаўніцтве і навукова-тэхнічнай сферы. "Беларуская тэхніка, абсталяванне, тэхналогіі, праектныя і інжынірынгавыя паслугі, будаўнічыя матэрыялы - на ўсё вы можаце разлічваць пры неабходнасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці Беларусі максімальна аператыўна рэагаваць на ўсе заўвагі і прапановы партнёраў і выказаў упэўненасць, што па выніках візіту губернатара будуць прыняты канкрэтныя дамоўленасці, якія значна пашыраць супрацоўніцтва з Арэнбургскай вобласцю.