Сустрэча з генеральным сакратаром АБСЕ Томасам Грэмінгерам

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымлівае ідэю аб наданні АБСЕ большай ролі ў вырашэнні міжнародных праблем. Аб гэтым ён заявіў 9 кастрычніка на сустрэчы з генеральным сакратаром Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) Томасам Грэмінгерам.

"Вы можаце разлічваць на нашу дапамогу і падтрымку ў правядзенні любых мерапрыемстваў па лініі АБСЕ тут у Мінску. Я абсалютна падтрымліваю вашу асабістую накіраванасць на рэфармаванне арганізацыі і наданне ёй большай ролі ў вырашэнні міжнародных праблем. Гэта абсалютна сугучна з нашым меркаваннем, нашымі ацэнкамі ролі і месца АБСЕ ў сучасным свеце", - заявіў беларускі лідар.

"Беларусь, як вы ведаеце, і вы гэта ацанілі, заўсёды выступала і выступае за дыялог. У гэтым складаным і супярэчлівым свеце дыялог з'яўляецца галоўным сродкам зносін паміж народамі, лідарамі дзяржаў, дзяржавамі наогул. І тое, што мы сёння сабраліся ў Мінску на антытэрарыстычную канферэнцыю, - гэта вельмі моцны сігнал для нашага рэгіёна. Мы зробім усё для таго, каб гэта канферэнцыя, якая праходзіць у Беларусі ўпершыню, стала знакавай падзеяй і заняла дастойнае месца ў гісторыі развіцця не толькі АБСЕ", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў важнасць тэматыкі праводзімай у Мінску пад эгідай АБСЕ міжнароднай канферэнцыі, якая прысвечана прадухіленню і барацьбе з тэрарызмам у лічбавую эпоху. "Мы сабраліся для абмеркавання важнейшай праблемы, якая сёння стаіць перад чалавецтвам. Тое, што мы гэта мерапрыемства праводзім тут, - гэта перш за ўсё ваша заслуга і вашага сакратарыята. І я вам за гэта ўдзячны. Тэрарызм, кіберзлачыннасць, гандаль людзьмі, нелегальная міграцыя - гэта ўсё тое, што сёння вельмі непакоіць краіны свету, і асабліва краіны нашага рэгіёна. Яны перш за ўсё церпяць ад праяў такіх нечалавечых дзеянняў", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў бліжэйшы час Беларусь таксама будзе прымаць сустрэчу Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. "Я буду рады бачыць вас тут, у Мінску, каб у рамках гэтай уплывовай канферэнцыі вы змаглі выказаць сваё меркаванне, а таксама выслухаць меркаванне многіх экспертаў і людзей высокага ўзроўню па нашых агульных праблемах. Хачу вас запэўніць, што мы, як і раней, будзем заўсёды імкнуцца да таго, каб адыграць вялікую ролю ва ўрэгуляванні канфліктаў, якія, на жаль, прысутнічаюць на нашым Еўразійскім кантыненце", - сказаў беларускі лідар.

"Дзверы нашай Беларусі і яе сталіцы для вас заўсёды адкрыты. Гаварыце, што мы павінны зрабіць. Мы гатовы зрабіць больш для бяспекі на нашым кантыненце", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

Томас Грэмінгер у сваю чаргу падзякаваў кіраўніцтву Беларусі за велізарны ўклад у работу АБСЕ. Ён адзначыў, што Беларусь з'яўляецца пляцоўкай для сустрэч Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны. "Вы прадастаўляеце арганізацыйную падтрымку пасяджэнням гэтага важнага фармату, але вы таксама аказваеце вельмі важную палітычную падтрымку", - сказаў Генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер.

"Беларусь адносіцца да рэдкай групы краін, якая займаецца будаўніцтвам мастоў. І гэта асабліва важна цяпер, калі рознагалоссі паміж Усходам і Захадам толькі ўзмацняюцца", - дадаў ён.