Сустрэча з генеральным пракурорам Вярхоўнай народнай пракуратуры Кітая, членам ЦК Кампартыі Кітая Цаа Цзяньмінам

  • 1

Беларусь і Кітай актывізуюць супрацоўніцтва ў барацьбе са злачыннасцю. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 красавіка на сустрэчы з генеральным пракурорам Вярхоўнай народнай пракуратуры Кітая, членам Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая Цаа Цзяньмінам.

"Мы маем намер актывізаваць наша супрацоўніцтва па напрамках барацьбы са злачыннасцю, каардынацыі гэтых дзеянняў. Думаю, што для Кітайскай Народнай Рэспублікі гэта таксама будзе патрэбна і карысна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што краіны ўстанавілі вельмі цесныя адносіны на ўзроўні не толькі кіраўнікоў дзяржаў, але і розных ведамстваў. "Гэта датычыцца і супрацоўніцтва нашых генеральных пракурораў. У нашых пракуратур вельмі добрыя адносіны, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - А калі ўлічваць аднатыпныя пазіцыі і задачы, якія вырашае пракуратура ў нас і ў вас, для нас набывае вельмі вялікае значэнне супрацоўніцтва з вамі, паколькі вы маеце вельмі багаты і рознабаковы вопыт. У вас каласальны вопыт назапашаны".

На сустрэчы было адзначана, што злачыннасць у свеце сёння мае шматпланавы і інтэрнацыянальны характар. У сувязі з гэтым праваахоўныя органы Беларусі і Кітая даўно наладзілі цеснае ўзаемадзеянне, рэгулярна абменьваюцца вопытам і візітамі. "Зразумела, на фоне ўсяго таго станоўчага, што ў нас ёсць, існуюць і адмоўныя факты. Што граху таіць, ёсць і правапарушэнні. Таму, хацелі б мы ці не, але нам давядзецца змагацца з гэтымі з'явамі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Арганізаваная злачыннасць і карупцыя маюць больш дасканалыя формы. Гэтыя з'явы муціруюць, калі можна так сказаць. А генеральныя пракуроры, пракуратура ў вас і ў нас з'яўляюцца органамі, якія каардынуюць дзейнасць праваахоўнікаў па ўсіх напрамках, у тым ліку і па гэтых".

У сваю чаргу Цаа Цзяньмін падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за магчымасць сустрэцца. "Мы вельмі ўдзячны за такі цёплы і сардэчны прыём беларускім калегам на цудоўнай беларускай зямлі", - сказаў ён.

Паводле яго слоў, у час візіту генпракуратуры Беларусі і Кітая дамовіліся паглыбляць міжведамаснае ўзаемадзеянне, у тым ліку з мэтай развіцця і пашырэння давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, якое ўстаноўлена паміж дзяржавамі.