Сустрэча з генеральным дырэктарам МАГАТЭ Юкія Амана

  • 1
  • 3:00

Бяспека з'яўляецца галоўным прыярытэтам пры будаўніцтве Беларускай АЭС. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 красавіка на сустрэчы з генеральным дырэктарам Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Юкія Амана.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў вялікае значэнне, якое ў Беларусі надаюць візіту гендырэктара МАГАТЭ, асабліва ў сувязі з развіццём у краіне сферы мірнага атама і будаўніцтва ўласнай АЭС. "Я быў бы вельмі зацікаўлены, каб вы асабіста пабывалі на будоўлі і пераканаліся ў тых прыярытэтах, якіх мы прытрымліваемся пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі. Гэта перш за ўсё бяспека АЭС. Усе краіны, якія маюць тэхналогіі па будаўніцтве атамных станцый, зрабілі адпаведныя вывады не толькі з вынікаў чарнобыльскай катастрофы, але і ў сувязі з катастрофай на АЭС "Фукусіма". Таму мы прытрымліваемся перш за ўсё гэтага прыярытэту (бяспекі) пры будаўніцтве", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што вялікую ўвагу Беларусь удзяляе падрыхтоўцы высокапрафесійнага персаналу для абслугоўвання АЭС. "Мы нямала зрабілі для гэтага. Мы іх навучалі, збіралі па ўсім свеце. Стварылі вельмі сучасны вучэбна-трэніровачны цэнтр. І мы гатовы і далей у самым цесным кантакце працаваць з вашай арганізацыяй, выконваючы ўсе вашы рэкамендацыі", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка гарантаваў і надзейнасць захавання ў Беларусі ядзерных матэрыялаў. "Мы будзем рабіць усё для таго, каб была іх поўная абароненасць, каб некаму нават у галаву не прыйшло, што можна завалодаць такімі ядзернымі матэрыяламі ў мэтах нейкай тэрарыстычнай дзейнасці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Вы можаце быць абсалютна ўпэўнены ў нашай надзейнасці".

Прэзідэнт таксама ў цэлым выказаў задаволенасць беларускага боку ўзроўнем супрацоўніцтва з МАГАТЭ і асабіста з гендырэктарам агенцтва Юкія Амана. "Мы зробім усё для таго, каб ваша актыўная дзейнасць прадаўжалася на карысць усяго чалавецтва", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Юкія Амана падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца каштоўным партнёрам для МАГАТЭ. Паміж бакамі наладжана актыўнае тэхнічнае супрацоўніцтва, асабліва што датычыцца рэалізацыі праекта па будаўніцтве Беларускай АЭС.

Гендырэктар МАГАТЭ адзначыў, што мінулы раз наведваў Беларусь у 2012 годзе, калі будаўніцтва атамнай станцыі яшчэ не пачалося. "Я добра помню сустрэчу з вамі, а таксама наведванне рэабілітацыйных цэнтраў, дзе праходзілі лячэнне людзі, якія пацярпелі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З таго часу я вельмі хацеў зноў наведаць вашу краіну, каб паглядзець за прагрэсам, які адбыўся за апошнія чатыры гады", - сказаў ён.

У час сустрэчы Юкія Амана падзякаваў беларускаму боку за рэгулярнае запрашэнне ацэначных місій МАГАТЭ ў Беларусь для назірання за ходам будаўніцтва АЭС. Агенцтва гатова і далей аказваць усю неабходную дапамогу і садзейнічанне ў забеспячэнні бяспекі будучай станцыі.

Гендырэктар МАГАТЭ таксама адзначыў важнасць арганізацыі пастаяннага працэсу падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў, якія будуць працаваць на АЭС.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў Юкія Амана, што Беларусь будзе і ў далейшым няўхільна прытрымлівацца ўсіх рэкамендацый МАГАТЭ і выступае за тое, каб пытанне будаўніцтва АЭС не палітызавалася.