Сустрэча з генеральным дырэктарам дзяржкарпарацыі "Раскосмас" Дзмітрыем Рагозіным

  • 1
  • 2:21

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 21 студзеня сустрэчу з генеральным дырэктарам дзяржкарпарацыі "Раскосмас" Дзмітрыем Рагозіным. Бакі абмеркавалі рэалізацыю сумесных беларуска-расійскіх праектаў у касмічнай сферы.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў разгледзець розныя напрамкі беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў касмічнай сферы, у тым ліку ў кантэксце нацыянальных праграм. "У вас праграма велізарная, і мы разглядаем удзел у ёй, мы гэта не ўтойваем. Шмат было задум, многія рэалізаваны. Але мы робім не тое што першыя крокі ў космасе, а магчымыя крокі. Дарагая рэч, але развіццё космасу - адзін з прыярытэтаў у нас, таму што гэта высокія тэхналогіі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі стараюцца развіваць сферу высокіх тэхналогій па ўсіх напрамках, па многіх з іх Расія займае лідзіруючыя пазіцыі ў свеце. "Стаўка на развіццё высокіх тэхналогій у Беларусі - прыярытэт нумар адзін, паколькі мы не збалаваныя прыроднымі рэсурсамі. Беларусь заўсёды зарабляла за кошт мазгоў і рук людзей, іх кампетэнцый, кваліфікацыі. Космас - гэта лакмусавая паперка для таго, каб ацаніць магчымасці і здольнасці той ці іншай дзяржавы, народа", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі і Расіі склалася добрая аснова для супрацоўніцтва ў гэтай сферы. Ён заявіў, што беларускі бок гатовы абмеркаваць любыя прапановы расійскіх партнёраў.

Дзмітрый Рагозін таксама лічыць, што супрацоўніцтва паміж краінамі ў касмічнай сферы развіваецца вельмі паспяхова. "Мы цесна ўзаемадзейнічаем з Акадэміяй навук Рэспублікі Беларусь, з прадпрыемствамі, - сказаў ён. - З пункту гледжання асваення рынку касмічных паслуг, я думаю, у беларускіх прадпрыемстваў ёсць велізарны патэнцыял у супрацоўніцтве з нашымі".

У час сустрэчы кіраўнік "Раскосмасу" ўручыў Аляксандру Лукашэнку невялікі сувенір - пальчатку касманаўта, які нядаўна пабываў у космасе. "Потым па сакрэце скажу, якога касманаўта, каб іншыя не зайздросцілі", - дадаў Дзмітрый Рагозін.

"Гэта ў мяне першы такі легендарны падарунак", - падзякаваў Кіраўнік дзяржавы.

Вынікі сустрэчы, якая выбілася з прэзідэнцкага графіка і прадаўжалася амаль тры гадзіны, Аляксандр Лукашэнка агучыў ўжо на наступнай нарадзе. Паводле яго слоў, бакі дамовіліся развіваць кантакты ў касмічнай сферы. "Будаўніцтва атамнай станцыі, ІТ-парк, космас - гэта будучыня, гэта высокія тэхналогіі. Таму размова ішла аб развіцці сумесна з буйнейшай касмічнай дзяржавай кантактаў па ракетна-касмічным супрацоўніцтве. Нашы многія прадпрыемствы ўжо арыентаваны на гэта. Нам вельмі важны не толькі расійскі рынак, але і кантакты ў навукова-прамысловай сферы", - адзначыў ён.

Беларусь накіравала расійскім партнёрам свае прапановы, і цяпер яны павінны прапрацаваць іх. "Удалося шмат аб чым дамовіцца. Гэта былі вельмі важныя пытанні. Так атрымалася, што мы не ўклаліся ў адведзены час", - дадаў Прэзідэнт.