Сустрэча з еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханесам Ханам

  • 1

Беларусь і Еўрапейскі саюз гатовы далей рухацца ў развіцці ўзаемнага супрацоўніцтва. Аб стане і перспектывах гэтых адносін ішла размова 21 чэрвеня на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і еўракамісара па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханеса Хана.

Кіраўнік дзяржавы высока ацаніў ролю еўракамісара ў нармалізацыі адносін Беларусі і Еўрасаюза і падзякаваў Ёханесу Хану за ўдзел у палітычным, эканамічным развіцці Беларусі. "Ваша роля значная, перш за ўсё таму, што асноўныя нашы партнёры - Еўрапейскі саюз і Расія, - сказаў Прэзідэнт. - У тым, што ў нас прадаўжаецца нармалізацыя адносін, і, напэўна, яны выйшлі на нейкі ўзровень стабільнасці - велізарная ваша заслуга".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць таго, што ЕС - бліжэйшы сусед Беларусі. "А з суседзямі, паколькі яны ад бога, трэба сябраваць, выбудоўваць партнёрскія адносіны. Дык вось, мы ні ў якім разе не спяшаліся, не абяцалі вам таго, чаго мы не можам зрабіць. Вы прыглядаліся да нас, мы прыглядаліся да Еўрапейскага саюза, - прадоўжыў ён. - І ў выніку трансфармацый, што адбываюцца і ў нас, і ў вас, мы прынялі рашэнне ісці насустрач адзін аднаму, аднаўляць дружалюбныя, партнёрскія адносіны".

"Мы не прасіліся ў Еўрасаюз, але мы хацелі б, каб у нас з ЕС былі такія адносіны, якім бы, можа, зайздросцілі нават члены Еўрапейскага саюза. І калі ЕС на гэта гатовы, мы свой шлях гатовы прайсці", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Закранаючы тэму падпісання дакументаў, што рыхтуюцца, аб партнёрстве паміж Беларуссю і ЕС, Прэзідэнт адзначыў, што іх асновай павінны быць менавіта гандлёва-эканамічныя адносіны. "Размовы аб дэмакратыі, свабодзе слова, палітзняволеных, адмене смяротнай кары - гэта само сабой зразумела, мы не знімаем гэта з парадку дня, мы смела і адкрыта пра гэта гаворым. Але асновай з'яўляюцца нашы гандлёва-эканамічныя, фінансавыя адносіны", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

"Калі мы будзем бачыць у адносінах з ЕС гэта, мы можам смялей ісці і на трансфармацыю, рэфармаванне нашага палітычнага ладу. У адваротным выпадку паўторым лёс Савецкага Саюза, калі не бачылі эканомікі, не бачылі людзей, не разумелі, чым жывуць людзі, а пачалі ламаць палітычную сістэму. Паламалі, разбурылі краіну. Мы робім пэўныя высновы, атрымліваем урокі з гэтага", - дадаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што "калі трансфармаваць, то трансфармаваць трэба ўсё: паступова, планава, не забываючы пра эканоміку і жыццё людзей". "Гэта павінна быць у аснове", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

"Выбудоўваючы адносіны з той ці іншай краінай, аб'яднаннем, мы з вамі як вопытныя палітыкі цудоўна разумеем, што лепш апярэджваць нейкія падзеі, лепш самім аднаўляць і ўстанаўліваць цесныя і добрыя адносіны. Горш, калі гэта адбываецца пад націскам якія-небудзь акалічнасцей, падзей. Таму нам трэба мэтанакіравана, смела і адкрыта ісці насустрач адзін аднаму, без націску акалічнасцей", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама заўважыў, што Беларусь, "нягледзячы на пэўныя цяжкасці, часам нават вельмі складаныя, ніколі не была перашкодай для вашага руху на Усход, у Расію, Кітайскую Народную Рэспубліку, можа, нават у Японію". "Мы заўсёды былі добрым транзітным акном для Еўрапейскага саюза, ніколі не забаранялі вашаму бізнесу рух вашых тавараў, рабочай сілы, капіталу ў Беларусь і цераз Беларусь", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Разам з гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: "На жаль, спадар Хан, мы гэтага не бачым з боку Еўрапейскага саюза. Я хачу, каб вы разумелі: мы будзем настойваць на тым, каб Еўрапейскі саюз гэтак жа адкрываўся для нас, як мы адкрыты для вас. Гэта галоўная праблема і галоўнае пытанне. Таму што гандлёва-эканамічныя адносіны, свабода, аб якой Еўрасаюз дбае (у шырокім сэнсе гэтага слова - свабода для бізнесу, грамадзян) - гэта асноватворныя прынцыпы, на якіх грунтуецца тая ці іншая дзяржава".

Аляксандр Лукашэнка на перагаворах закрануў і тэму ўдзелу Беларусі ва "Усходнім партнёрстве". Ён лічыць, што "Усходняе партнёрства" з'яўляецца добрым прыкладам нацэленасці Беларусі на эканамічнае супрацоўніцтва з Еўрасаюзам.

"Мы строга прытрымліваемся лініі дамоўленасцей ва "Усходнім партнёрстве", - запэўніў беларускі лідар. Пры гэтым ён растлумачыў, чаму Беларусь развівае супрацоўніцтва ў рамках гэтай ініцыятывы: "Мы прапануем канкрэтныя рэгіянальныя эканамічныя праекты, якія вельмі патрэбны як Еўрапейскаму саюзу, Беларусі, так і ўсходнім суседзям - нашым і вашым. Гэта аснова, мы ідзём ад жыцця".

Ёханес Хан у сваю чаргу адзначыў, што Беларусі і ЕС у апошнія гады ўдалося выбудаваць даверныя адносіны.

"Перш за ўсё дазвольце згадзіцца з вашымі словамі, што за апошнія некалькі гадоў нам удалося выбудаваць узаемадаверныя адносіны, - сказаў ён. - Таму што толькі на такой аснове мы зможам дасягнуць чагосьці канкрэтнага ў інтарэсах грамадзян. І маё бачанне - гэта стварэнне пояса дабрыбыту ў рамках Еўрапейскага саюза і еўрапейскага партнёрства. Менавіта гэта будзе служыць найлепшай гарантыяй для нашай бяспекі і стабільнасці".

Як падкрэсліў Ёханес Хан, гэтага можна дасягнуць толькі пры паляпшэнні эканамічнай сітуацыі. На яго думку, развіццё эканомікі заўсёды азначае і развіццё грамадства, і развіццё краіны.

"Мы па-ранейшаму бачым, што існуе значная розніца паміж узроўнем эканомікі ў ЕС і ўзроўнем эканомікі ў дзяржавах-суседзях. І гэта тое пытанне, якое мы хацелі б вырашыць, і гэтым трэба займацца", - рэзюмаваў еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС.