Сустрэча з еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханесам Ханам

  • 1
Беларусь зацікаўлена ў тым, каб больш цесна супрацоўнічаць з Захадам па шэрагу напрамкаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 17 красавіка на сустрэчы з еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханесам Ханам.

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі і ЕС апошнім часам разгарнуўся інтэнсіўны дыялог, з'явіліся новыя напрамкі і інтарэсы двухбаковага ўзаемадзеяння.

У прыватнасці, паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь зацікаўлена ў больш цесным супрацоўніцтве з Еўрапейскім саюзам у галіне тэхналогій, перш за ўсё грамадзянскага прызначэння, у развіцці эканамічных кантактаў. На думку беларускага лідара, эканоміка павінна быць фундаментам любых адносін і супрацоўніцтва. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вельмі актуалізаваны апошнім часам такі напрамак, як бяспека, асабліва ва ўсходнім рэгіёне Еўропы. Акрамя таго, важным з'яўляецца ўзаемадзеянне па спыненні трансгранічнай злачыннасці. Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь уносіць значны ўклад у барацьбу з пранікненнем наркотыкаў, ядзерных рэчываў на тэрыторыю Еўропы. "Думаю, што гэты напрамак ужо ў бліжэйшы час будзе ўсё больш і больш актуальным", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт прапанаваў абмеркаваць бачанне Еўрасаюзам перспектыў супрацоўніцтва з Беларуссю. "Мяне гэта пытанне больш за ўсё цікавіць, каб адкарэкціраваць, а магчыма, і выбудаваць у будучым нашу палітыку адносна Еўрапейскага саюза", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што Еўрасаюзу трэба вызначыць некалькі напрамкаў супрацоўніцтва з Еўразійскім эканамічным саюзам.

"Калі нехта ў Еўропе лічыць, што гэта аб'яднанне можна не заўважаць, гэта няправільна, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Да гэтай структуры праяўляюць цікавасць многія дзяржавы свету, асабліва азіяцкія. Думаю, што Еўрапейскаму саюзу трэба было б ведаць аб асноўных тэндэнцыях, якія адбываюцца ў Еўразійскім эканамічным саюзе, а магчыма, і выбудоўваць ужо сёння адносіны з гэтым глабальным рынкам". Аляксандр Лукашэнка лічыць, што трэба рэалізаваць ініцыятыву аб глабальным супрацоўніцтве ад Лісабона да Уладзівастока.

"Думаю, што мы прыйдзем да таго, што і нашы ваенна-палітычныя блокі будуць неяк падтрымліваць кантакты, а магчыма, і супрацоўнічаць", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы, маючы на ўвазе НАТА і АДКБ.

"Думаю, што мы прыйдзем і да таго, што і нашы ваенна-палітычныя блокі будуць неяк падтрымліваць кантакты, а магчыма, і супрацоўнічаць", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы, маючы на ўвазе НАТА і АДКБ.

Што датычыцца ўдзелу Беларусі ў ініцыятыве "Усходняе партнёрства", то Прэзідэнт адзначыў, што ў краіне бачаць "партнёрства" ў перспектыве перафармаціраваным. "Хацелася б, каб яно было перафармаціравана са звычайнай палітыкі (напэўна, гэты этап пройдзены ўжо, ён быў, можа, і неабходны) да больш цеснага канкрэтнага супрацоўніцтва, заснаванага на вырашэнні эканамічных праблем", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"І трэба ўсяляк пазбягаць развіваць партнёрства супраць каго б там ні было", - адзначыў Прэзідэнт, растлумачыўшы, што мае на ўвазе адносіны з Расіяй, Кітайскай Народнай Рэспублікай. "Мы не для гэтага ствараем наша вымярэнне. Мы яго ствараем для таго, каб палепшыць жыццё людзей і засцерагчы ад небяспекі еўрапейскі кантынент", - дадаў беларускі лідар.