Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча з Дзяржсакратаром Савета Бяспекі Станіславам Засем і Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Наталляй Качанавай

29 лістапада 2019 года
Пытанні далейшага функцыянавання Дзяржсакратарыята Савета Бяспекі Беларусі Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў 29 лістапада з Дзяржсакратаром Станіславам Засем і Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Наталляй Качанавай.

"Наступныя тры-чатыры гады на плячах у нас увесь Савецкі Саюз: і эканамічны складнік (у 2020 годзе Беларусь пачынае старшынстваваць у ЕАЭС. - Заўвага), і сілавая абарона ў АДКБ, і ў Саюзнай дзяржаве Вышэйшы дзяржсавет цяперашні Прэзідэнт Беларусі ўзначальвае. З аднаго боку, пачэсна, з іншага - адказна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Станіслаў Зась зойме пасаду Генеральнага сакратара АДКБ з 1 студзеня, але ўжо фактычна працуе там, адзначыў Прэзідэнт. Напярэдадні ён разам з лідарамі краін - членаў арганізацыі прыняў удзел у закрытай частцы саміту АДКБ. "Вы ўбачылі ўсю гэту "кухню", цесна пазнаёміліся з усімі прэзідэнтамі, убачылі іх пазіцыі, што датычыцца нашага абарончага саюза. Даваць наказ вам няма сэнсу, таму хацеў з вамі абмеркаваць пытанні далейшага функцыянавання Дзяржсакратарыята", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, каго прапануецца назначыць на пасаду Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі, ці ёсць цяпер у гэтым органе якія-небудзь праблемы або неабходнасць у рэфармаванні. "Мяне цяпер больш цікавіць тэма будучай работы сакратарыята Савета Бяспекі Беларусі. Ды і вам давядзецца вялікі прамежак часу гэтым займацца, пакуль новы чалавек не ўвойдзе ў курс справы. Думаю, у вас нейкі час у Маскве для гэтага знойдзецца", - дадаў Прэзідэнт.
Тэгі: Сустрэчы
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь