Сустрэча з Дзяржсакратаром Савета Бяспекі Станіславам Засем

  • 1
Вынікі работы сілавога блока краіны за паўгоддзе абмеркаваны 7 ліпеня ў ходзе сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з Дзяржсакратаром Савета Бяспекі Станіславам Засем.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся бягучай сітуацыяй у рабоце сілавых ведамстваў і тымі праблемамі, якія існуюць: "Хацеў бы, каб Вы праінфармавалі аб пытаннях функцыянавання ўсёй сілавой сістэмы дзяржавы, аб тым, што насцярожвае, на што трэба звярнуць увагу". У прыватнасці, Прэзідэнт спытаў аб выніках нядаўна праведзенай сістэмнай праверкі ў пагранічных войсках, у ходзе якой былі адзначаны не толькі станоўчыя моманты, але і выяўлены недахопы: "Якія тут вашы прапановы? Што адбываецца ў іншых падраздзяленнях, напрыклад, Міністэрстве абароны?"

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся меркаваннем Дзяржсакратарыята наконт аптымізацыі сілавога блока краіны. Прэзідэнт у якасці прыкладу прывёў Узброеныя Сілы: "Мы дамаўляліся, што там будзе не больш як 65 тыс. чалавек. Тое, што мы абяцалі, трэба рабіць, пры гэтым не сумнявацца, што абараназдольнасць у нас павінна быць на адпаведным узроўні".

Прэзідэнту былі даложаны асноўныя вынікі работы сілавых ведамстваў. У цэлым сілавыя структуры забяспечылі неабходныя ўмовы для ўстойлівага функцыянавання дзяржаўных, грамадскіх інстытутаў, а таксама правапарадак, абарону інтарэсаў і правоў грамадзян краіны.

У ходзе сустрэчы вялікая ўвага была ўдзелена забеспячэнню бяспекі грамадзян і абароне іх ад небяспекі тэхнагеннага, прыроднага характару, што асабліва актуальна з улікам умоў надвор'я ў апошнія месяцы. Як далажыў Дзяржсакратар, дасягнуты станоўчыя вынікі па ўсіх асноўных напрамках дзейнасці - гэта датычыцца забеспячэння правапарадку, недапушчэння росту злачыннасці (ідзе яе зніжэнне), бяспекі на дарогах і абароны людзей ад пажараў, на вадаёмах.

Кіраўнік дзяржавы ў цэлым станоўча ацаніў вынікі работы сілавых структур за паўгоддзе. Пры гэтым прынята рашэнне, што вынікі праверкі пагранведамства будуць разгледжаны на асобнай нарадзе з удзелам Прэзідэнта.