Сустрэча з Дзяржаўным сакратаром Ватыкана кардыналам П'етра Паралінам

  • 6

У Беларусі ўдаецца захоўваць міжканфесійны мір і ўзаемаразуменне. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 13 сакавіка на сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Ватыкана кардыналам П'етра Паралінам.

"Мая палітыка ў гэтых адносінах, палітыка ўсёй нашай дзяржавы грунтуецца на адным тэзісе: кожны чалавек мае права знайсці сваю дарогу да Бога, да храма, да якога ён лічыць патрэбным прыйсці. Гэта яго святое права, ніхто не мае права гэтаму процідзейнічаць. Мы спыняем усякія спробы стварыць перавагу той ці іншай канфесіі за кошт другой і гэтым самым дэстабілізаваць міжканфесійную абстаноўку ў Беларусі", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў плане міжканфесійнага супрацоўніцтва сітуацыя ў Беларусі характарызуецца абсалютным мірам і ўзаемаразуменнем. "І што граху таіць, мы гэтым ганарымся", - адзначыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, у Беларусі жывуць прадстаўнікі амаль 30 канфесій, буйнейшымі з якіх з'яўляюцца праваслаўная і каталіцкая. "І ад іх у многім залежыць той міжканфесійны мір і супрацоўніцтва, якія існуюць у Беларусі, іх роля неацэнная", - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы.

За апошнія 20 гадоў у Беларусі колькасць каталіцкіх прыходаў павялічылася амаль у чатыры разы, дзяржава перадала больш за 300 будынкаў і культавых збудаванняў. Паводле слоў Прэзідэнта, забяспечанасць католікаў культавымі будынкамі ў Беларусі складае 98 %. "Такой забяспечанасцю культавымі будынкамі ніводная іншая канфесія ў Беларусі не валодае, і за мяжой, напэўна, у Ватыкана такі паказчык цяжка знайсці", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на такі момант, як падрыхтоўка каталіцкіх свяшчэннаслужыцеляў, адзначыўшы жаданне мець у Беларусі больш мясцовых каталіцкіх свяшчэннаслужыцеляў. "Мы не пераводзім вырашэнне гэтай праблемы ў плоскасць выключна Ватыкана. Мы разумеем, каб мець свяшчэннаслужыцеляў - католікаў беларускага паходжання, трэба іх проста рыхтаваць у Беларусі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што яго ініцыятывай было будаўніцтва ў Беларусі адукацыйнай акадэміі.

"Ёсць шэраг пытанняў, але не праблем, якія мы можам вырашыць нават сёння, і гэта будзе на карысць усёй каталіцкай абшчыне і беларускаму грамадству", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У сваю чаргу Дзяржаўны сакратар Ватыкана кардынал П'етра Паралін перадаў прывітанне Папы Рымскага. Дзяржсакратар адзначыў, што мэтай яго візіту з'яўляецца развіццё кантактаў з органамі дзяржаўнага кіравання Беларусі. "Рады чуць словы высокай ацэнкі ролі каталіцкай абшчыны, якую яна адыгрывае ў жыцці краіны", - сказаў кардынал.

Аляксандр Лукашэнка перадаў у дар Папе Рымскаму Францыску рукатворны абраз "Беззаганнае сэрца Марыі". Абраз выкананы па беларускай тэхналогіі сожскай скані. Прэзідэнт Беларусі адзначыў: каштоўнасць абраза ў тым, што ён зроблены звычайнымі людзьмі. "Гэта сведчанне нашага міжканфесійнага міру і згоды", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.