Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Сустрэча з Дзяржаўным міністрам па справах Еўропы і Амерыкі МЗС Вялікабрытаніі Аланам Дунканам

26 верасня 2017 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе Вялікабрытаніі больш актыўна інвесціраваць у Беларусь. Аб гэтым ён заявіў 26 верасня на сустрэчы з Дзяржаўным міністрам па справах Еўропы і Амерыкі МЗС Вялікабрытаніі Аланам Дунканам.

"Ведаеце, аб чым я падумаў, заходзячы ў гэту залу на сустрэчу з вамі? Па-першае, нарэшце высокапастаўлены чалавек, член урада вельмі развітой краіны вырашыў прыехаць у Беларусь. Новы добры знак, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Па-другое (можа, вам гэта не спадабаецца), я падумаў, вельмі шкада, што Вялікабрытанія ў гэты момант выходзіць з Еўрапейскага саюза. У нас быў бы надзейны добры партнёр і сябар у Еўрасаюзе, які мог бы сказаць праўду пра Беларусь".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго чаканні ад візіту брытанскага міністра ў тым ліку звязаны з фарміраваннем аб'ектыўнага меркавання пра Беларусь. "Каб вы ўбачылі Беларусь і хаця б для сябе склалі пэўнае аб'ектыўнае меркаванне пра нашу краіну. Я хачу, каб вы ўбачылі ўсё тое, што так доўга "не заўважалі" заходнія палітыкі і дзяржаўныя дзеячы", - заявіў беларускі лідар.

"Давайце вызначым 3-4 салідныя пілотныя эканамічныя праекты (таму што эканоміка - база любых адносін) і рэалізуем іх, - прапанаваў Кіраўнік дзяржавы. - Давайце скажам па-народнаму, проста: у Вялікабрытаніі шмат свабодных грошай, якія павінны быць укладзены ў справу. Мы створым самыя зручныя і выгадныя ўмовы для бізнесу і некалькі - 2-3 сумесныя прадпрыемствы - пабудуем у Беларусі, якія будуць працаваць на дзве краіны".

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў магчымасць супрацоўніцтва Беларусі і Вялікабрытаніі ў сферы электратранспарту. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Вялікабрытанія прыняла вельмі цікавае рашэнне - з пэўнага года адмовіцца ад продажу і выкарыстання аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання. "Я вітаю і апладзірую такому рашэнню. Па вашым прыкладзе ў гэтым напрамку і мы вырашылі рухацца. І ў гэтым плане шукаем перадавых партнёраў у гэтай сферы", - сказаў ён.

"Давайце разам паспрабуем працаваць у Беларусі", - прапанаваў Прэзідэнт.


Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены ў наяўнасці многіх напрамкаў, па якіх Беларусь і Вялікабрытанія могуць працаваць разам з узаемнай выгадай. "Калі ваш візіт будзе нейкім штуршком у гэтым напрамку, першымі крокамі, то будзем лічыць, што мы не дарэмна з вамі правялі час і вы не дарэмна прыехалі ў Беларусь", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Алан Дункан адзначыў, што яму прыемна быць першым брытанскім міністрам, які наведаў Беларусь. "На жаль, гэта заняло вельмі шмат часу, у гэтым годзе мы адзначаем 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін", - сказаў ён.

Дзяржаўны міністр запэўніў, што, нягледзячы на выхад з ЕС, Вялікабрытанія застанецца ўключай у працэсы, якія адбываюцца як у сферы палітыкі, так і эканомікі, пры вырашэнні пытанняў бяспекі і стабільнасці. Ён пацікавіўся меркаваннем Прэзідэнта Беларусі, як можна дабіцца больш устойлівага ўрэгулявання сітуацыі ў рэгіёне, маючы на ўвазе падзеі ва Украіне.

Міністр таксама перадаў найлепшыя пажаданні ад Прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Тэрэзы Мэй.

Тэгі: Сустрэчы
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь