Сустрэча з дзеючым старшынёй АБСЕ, першым намеснікам прэм'ер-міністра - міністрам замежных спраў Сербіі Івіцам Дачычам

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка лічыць даўно наспелай праблему рэфармавання міжнародных арганізацый. Аб гэтым ён заявіў 21 ліпеня на сустрэчы з дзеючым старшынёй АБСЕ, першым намеснікам прэм'ер-міністра - міністрам замежных спраў Сербіі Івіцам Дачычам.

"Згадзіцеся, што роля не толькі АБСЕ, але і іншых міжнародных арганізацый настолькі прыніжана, што далей ужо няма куды", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. На яго думку, рэфармаванне ААН, АБСЕ і іншых арганізацый "ужо не проста наспела, а пераспела". "У адваротным выпадку гэтыя арганізацыі стануць проста маргінальнымі структурамі, якія ні на што не будуць уплываць", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

"Магчыма, Сербіі ўдасца нешта ў гэтым напрамку зрабіць, - адзначыў беларускі лідар. - Калі вы замахняцеся хоць у нейкай частцы на вырашэнне гэтай праблемы, вы можаце разлічваць на наш удзел".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго адносіны да АБСЕ дваістыя. На яго думку, з аднаго боку, гэта вельмі патрэбная арганізацыя. "Вельмі актуальна гэта сёння, калі ў Еўропе фактычна разгарэўся ваенны канфлікт, фактычна ідзе вайна паміж проціборствуючымі бакамі.  І ў гэтай сітуацыі, вядома, АБСЕ магла б адыгрываць вялікую ролю", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. "З аднаго боку, патрэбная арганізацыя, якая павінна адыгрываць значную ролю менавіта ў забеспячэнні бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе, з іншага боку - недастатковая роля", - сказаў беларускі лідар. На яго думку, у гэтым віна самой арганізацыі і перш за ўсё кіраўнікоў дзяржаў.

"Калі ўжо вайна, то, напэўна, у тэрміновым парадку павінны былі сабрацца кіраўнікі дзяржаў, абмеркаваць гэту праблему і прыняць нейкія меры, рашэнні. Не атрымаецца - хаця б у вочы сказаць усё тое, што адзін аб адным думаюць. Пакуль гэтага не адбываецца", - сказаў беларускі лідар.

"З іншага боку, АБСЕ спрабуе і, наколькі гэта, напэўна, магчыма сёння, робіць неабходнае для ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны. Але, вядома, з тымі паўнамоцтвамі, якія АБСЕ сёння мае, не маючы імпульсу ад кіраўнікоў дзяржаў, наўрад ці АБСЕ ў гэтай сітуацыі можа нешта зрабіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Таму, паводле яго слоў, з'яўляюцца новыя фарматы: нармандскія, берлінскія, мінскія і іншыя. "Усё гэта магло б змясціцца ў адной арганізацыі - АБСЕ, і гэта яе функцыя", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што хацеў бы абмеркаваць як пазіцыю Беларусі ў гэтай важнай міжнароднай арганізацыі, так і пытанні двухбаковых адносін Беларусі і Сербіі.

У сваю чаргу Івіца Дачыч адзначыў, што Беларусь унесла вялікі ўклад у мірны працэс. "Тут, у Мінску, дасягаюцца шматлікія дамоўленасці, пагадненні, сустракаюцца трохбаковая кантактная група і яе рабочыя падгрупы. І ў сувязі з гэтым Беларусь унесла вялікі ўклад у мірны працэс", - сказаў ён.

Івіца Дачыч адзначыў, што Сербія, з'яўляючыся дзеючым старшынёй АБСЕ, стараецца максімальна прыкласці намаганні, каб палітычны працэс развіваўся, асабліва ў пытаннях, звязаных з Украінай. Пры гэтым не забывае і аб іншых замарожаных канфліктах у Еўропе.

Гаворачы аб двухбаковых беларуска-сербскіх адносінах, Івіца Дачыч пацвердзіў, што яны вельмі дружалюбныя. "Мы падтрымліваем развіццё нашых адносін ва ўсіх сферах: палітычнай, эканамічнай, навукова-культурнай, адукацыі, унутраных спраў, абароны", - сказаў ён.

Івіца Дачыч таксама перадаў Кіраўніку беларускай дзяржавы прывітальныя словы ад Прэзідэнта Сербіі Таміслава Нікаліча і прэм'ер-міністра гэтай краіны Аляксандра Вучыча.