Зварот да парламентарыяў пятага і шостага скліканняў

  • 20

Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі пятага і шостага скліканняў адбылася ў Авальнай зале Дома ўрада.

Звяртаючыся да парламентарыяў, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь павінна пераадолець негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы і выйсці на ўстойлівыя тэмпы развіцця.

Гаворачы аб напрамках дзейнасці парламентарыяў і ўсёй дзяржавы на перспектыву, Прэзідэнт падкрэсліў, што работа чакаецца складаная і адказная. "Краіна павінна пераадолець негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы і выйсці на ўстойлівыя дынамічныя тэмпы развіцця", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"У нас ёсць для гэтага ўсе ўмовы, і галоўная з іх - адзінства народа і палітычная воля кіраўніцтва краіны для руху наперад, што красамоўна пацвердзілі праведзеныя парламенцкія выбары", - адзначыў беларускі лідар.

"Вядома, у эканоміцы ў нас ёсць цяжкасці. Але яны пераадольныя, не катастрафічныя. Гэта нашы недапрацоўкі. У першую чаргу - урада. Самае галоўнае пытанне - экспарту, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Наша эканамічная мадэль тым не менш прадэманстравала пэўную жыццеўстойлівасць, здольнасць трымаць удар пры самай неспрыяльнай рыначнай кан'юнктуры - як унутранай, так і знешняй".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, праведзеныя парламенцкія выбары сталі для Беларусі сур'ёзным выпрабаваннем, таму што праходзілі ў вельмі няпростых умовах. "У першую чаргу таму, што нам трэба было разбурыць існуючае ў заходніх краінах прадузятае меркаванне, быццам у Беларусі ў час усенароднага галасавання не выконваюцца дэмакратычныя нормы. Праўда, да гэтага часу такія дэмакратычныя нормы ніхто не вызначыў, - заўважыў беларускі лідар. - Таму ўвесь выбарчы працэс быў пад пільным наглядам шматлікіх замежных наглядальнікаў, якіх мы запрасілі як з Захаду, так і з Усходу".

Прэзідэнт падкрэсліў, што колькасць запрошаных наглядальнікаў была нават большай, чым чакалі на Захадзе. "Мы рады магчымасці прадэманстраваць сусветнай супольнасці празрыстасць нашай выбарчай сістэмы і легітымнасць органаў улады", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, беларускі бок з удзячнасцю прыняў ад замежных калег канструктыўныя рэкамендацыі, якія датычацца ўдасканалення выбарчага заканадаўства. "Для нас прымальна ўсё, што ідзе на карысць спраў і не супярэчыць інтарэсам беларускага народа", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Гавораць, Лукашэнка правёў выбары так, каб спадабацца Захаду. Не толькі я, але і ўся ўлада ў Беларусі зрабіла ўсё, каб спадабацца не толькі Захаду і амерыканцам, але і каб не было сорамна за нас нашым сябрам у Расіі, Кітаі, Украіне, Польшчы, Прыбалтыцы, Азіі, Афрыцы... Так, мы хацелі спадабацца нашымі выбарамі ўсім у свеце. Хіба гэта не натуральнае жаданне? Тым больш, ад гэтага ў нейкай ступені залежыць эканоміка краіны, жыццё нашых людзей! Так, мы хацелі спадабацца, але рабілі гэта дастойна, не парушаючы Канстытуцыі", - заявіў Прэзідэнт.

Выступаючы перад парламентарыямі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гатовы да любых рэформ. "Я гатовы да любых рэформ. Самых жорсткіх. Больш жорсткіх, чым патрабуе МВФ. Пытанне ў іншым: ці гатовы вы да іх?" - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, сярод часткі грамадзян існуе меркаванне, што для выхаду з крызісу і багатага жыцця патрэбны нейкія структурныя рэформы. "Я звяртаюся да вас, прадстаўнікоў народа: спытайце ў кожнага, ці гатовы ён да гэтых рэформ?" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама паставіў пытанне, што разумеецца пад структурнымі рэформамі, змяненнем структуры эканомікі. Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што многія нават не могуць гэтага дакладна растлумачыць: "Прачыталі недзе, пачулі і панеслі ў народ".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: выбары пацвердзілі той факт, што ўзрастае роля парламента ў выпрацоўцы важнейшых напрамкаў развіцця дзяржавы, пашыраецца яго палітычная база. Прэзідэнт лічыць, што аб гэтым сведчыць удзел у выбарчай кампаніі палітычных партый і грамадскіх арганізацый рознага спектра поглядаў, а таксама заваяванне іх прадстаўнікамі ў сумленнай барацьбе дэпутацкіх мандатаў. "Ведаеце, кажуць, апазіцыя прыйшла, лічаць - трое, чацвёра і гэтак далей. Падкрэсліваю: гэта не мае разлікі. Любы дэпутат, прыйшоўшы ў парламент, мае свой пункт гледжання, тым больш што яго будуць падпіраць выбаршчыкі, якія жывуць пэўнымі праблемамі і якія чакаюць вырашэння гэтых праблем, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - І дзяліць парламент - гэта не маё. Для мяне гэта адзіны парламент, і кожны дэпутат, як прадугледжана законам, мае аднолькавыя паўнамоцтвы".

Беларусі неабходна праводзіць узважаную знешнюю палітыку, лічыць Аляксандр Лукашэнка. "Мы павінны забыць мысленне "свой - чужы", "вораг - сябар". Мы павінны ў знешняй палітыцы з нашымі магчымасцямі і рэсурсамі дзейнічаць настолькі асцярожна і акуратна, каб не ўзлаваць краіны, тым больш, суседзяў, - заявіў Прэзідэнт. - Мы выйграем толькі ад таго, калі будзем праводзіць нармальную ўзважаную палітыку. Таму што мы знаходзімся ў эпіцэнтры тых падзей, якія сёння вакол нас разгортваюцца". "Навошта нам сёння браць ружжо і ісці ў лес, у балота, у партызаны? Нам гэта не трэба. Таму мысліць такім чынам, што там (на Захадзе) сябры, а Расія - вораг, - гэта неразумна і недальнабачна", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што парламентарыямі сталі дастойныя прадстаўнікі народа. Ён адзначыў, што ў бліжэйшыя чатыры гады ім трэба будзе ўдасканальваць дзеючыя і прымаць новыя законы, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці эканомікі, выключэнне бар'ераў для бізнесу, прыцягненне інвестыцый у краіну, стварэнне рабочых месц і развіццё рэгіёнаў. На думку Прэзідэнта, многае трэба зрабіць для далейшага паляпшэння сацыяльнай сферы, падтрымкі малазабяспечаных грамадзян, удасканалення сістэмы адукацыі, уключаючы вышэйшую, а таксама жыллёвага і працоўнага заканадаўства. Папярэдні склад Нацыянальнага сходу заслугоўвае ўдзячнасці, лічыць Аляксандр Лукашэнка. "Тэрмін яго паўнамоцтваў прыпаў на складаны перыяд сусветнай гісторыі. Асабліва драматычныя падзеі адбываліся за мяжой. Дастаткова ўспомніць насільную змену ўлады ў некалі паспяховых краінах Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "Пачалі з Туніса, далей пайшлі ў Лівію і па ўсім узбярэжжы - да Сірыі", - канстатаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не супраць узрастання ролі партый. "Я абсалютна не супраць узрастання ролі партый, але не штучна і не на ніве антаганізму з уладамі", - заявіў беларускі лідар. Ён адзначыў, што сёння прадстаўнікі апазіцыі ўжо ёсць у парламенце. "Чаму ж не перамагла апазіцыя? Чаму так мала іх прадстаўнікоў у парламенце? (Шчыра скажу: я хацеў бы, каб было больш - толькі таму, каб не папракалі ўжо нас у гэтым.) Адказ просты: вельмі ўжо далёкая наша апазіцыя ад інтарэсаў народа. І той, хто аказаўся бліжэйшым да гэтых інтарэсаў (хто сапраўды апазіцыянер, а не вораг таго, што робіцца ў краіне), той трапіў у парламент. І потым, наш народ ужо казкамі аб раскошным "заморскім" жыцці не падманеш". Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што перамога некалькіх сапраўды апазіцыйна думаючых дэпутатаў выклікала ў кіраўніцтва іх партый сапраўдны перапалох.

"Паўстае пытанне, а яны наогул хочуць узяць уладу ў свае рукі? І ці ведаюць яны, што рабіць, калі гэта ўлада будзе ў іх руках?" - паставіў пытанні Кіраўнік дзяржавы. "Паверце, я іх ведаю. Яны не ведаюць, што рабіць. І ў гэтыя рукі я як кіраўнік дзяржавы ніякую ўладу аддаць не магу. Але я буду дзейнічаць далікатна, акуратна, згодна з нашай Канстытуцыяй", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў аб розніцы падыходаў улады і апазіцыі адносна выбараў. "Усё вынікае з інтарэсаў бакоў. І ўлады, і так званай апазіцыі", - сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, улада зацікаўлена, па-першае, у прафесіяналізме парламента. "Гэта пытанне нумар 1", - падкрэсліў беларускі лідар. Па-другое, улада зацікаўлена ў прыхільнасці парламента да праводзімага ў краіне курсу. Па-трэцяе, у патрыятызме дэпутатаў. "Я вельмі зацікаўлены, каб нашы дэпутаты працавалі больш унутры краіны і, самае галоўнае, на краіну, на ўласны народ", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Па-чацвёртае, інтарэс улады заключаецца ў прадстаўніцтве ў парламенце ўсіх пакаленняў, паколькі важныя вопыт і веды людзей розных узростаў.

Яшчэ адзін інтарэс - каб як мінімум трэць парламента складалі жанчыны. "Мы да гэтага прыйшлі ўжо, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Тут ні Захад, ні Усход, ні нашы ўнутраныя розныя сілы не могуць сказаць нічога дрэннага, што мы падтрымліваем жанчын". Улада таксама зацікаўлена ў забеспячэнні пераемнасці "старых" і "новых" дэпутатаў. "Калі мы, як нам раяць (але не робяць там, перш за ўсё на Захадзе), увесь парламент "выкасім", і сюды прыйдуць выключна новыя дэпутаты, пераемнасці не будзе, - адзначыў Прэзідэнт. - Нам патрэбны талковыя і творчыя, незалежна ад узросту. Асабліва ў парламенце". "Як вынік - захаванне ў краіне міру, парадку, адзінства дзеянняў, - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. - Я гавару гэта шчыра - улада не была ў баку ад выбараў, перш за ўсё - Прэзідэнт. Арганізавалі згодна з Канстытуцыяй выбары. Кіравалі ўсім працэсам выключна члены Цэнтральнай выбарчай камісіі".

Што датычыцца інтарэсу так званай апазіцыі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яе прадстаўнікі яшчэ да пачатку выбараў патрабавалі прызнаць іх несапраўднымі, а затым беспаспяхова звалі людзей на плошчу. Паводле слоў Прэзідэнта, гэты інтарэс, па-першае, у зломе існуючага грамадска-палітычнага ладу краіны. "Ламаць не будаваць. Гэта нам трэба, мы да гэтага гатовы?" - задаў рытарычнае пытаннеКкіраўнік дзяржавы. "Па-другое, правесці "рэформу" па сваіх шаблонах, гэта значыць па-бандыцку: прыватызацыя або дзяльба дзяржуласнасці для сваякоў і саратнікаў; платныя адукацыя і ахова здароўя, што па кішэні толькі багачам", - адзначыў Прэзідэнт. У знешняй палітыцы, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, арыенціры апазіцыі такія: Амерыка і Еўрасаюз - сябры, Расія - вораг, Кітай і іншыя - далёка, не разглядаецца. Зыходзячы з гэтага, стаўка ў апазіцыйных колах робіцца на знішчэнне рускай мовы і культуры. "Ад якой спадчыны мы адмаўляемся? Навошта выкідаць тое, у што цэлыя пакаленні беларусаў уклалі свой розум, свае памкненні і спадзяванні. Руская мова і культура, напэўна, на трэць наша", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. "З іншага боку, ніхто не выкідае і сваё нацыянальнае. А некаторыя ў нас у Беларусі і асабліва на Усходзе пачынаюць нас папракаць у залішняй "беларускасці", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адзін інтарэс апазіцыі заключаецца, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у люстрацыі - выгнанні ўсіх цяперашніх дзяржаўных служачых і займанні ўладных крэслаў дзеячамі апазіцыі па прыкладзе Украіны. "Люстрацыя - гэта гібель. Гэта безразважнасць, якой будзе зверху данізу пранізана ўся дзяржаўная машына. Ды гэтага і не атрымаецца. Вельмі мы ў добрым сэнсе далёка зайшлі ў тым ліку ў фарміраванні адзінства ўладных структур і нашага грамадства. Зламаць гэта ўжо будзе складана", - сказаў беларускі лідар. "Менавіта зыходзячы з усяго гэтага, дзеючая ўлада праяўляла свой інтарэс да выбараў, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Скажыце, а дзе няма гэтага інтарэсу, у якой краіне? Можа, улады ў Расіі былі абыякавымі да думскіх выбараў? Або ўладам ЗША няважна, хто пераможа на прэзідэнцкіх выбарах?"

"Пытанні рытарычныя і адказы на іх абсалютна відавочныя. Разумны зразумее, неразумнаму не растлумачыш. Ды гэта і не трэба! Важна іншае - у любой справе, працэсе ёсць свой рубікон, мяжа, якую не мае права пераступіць улада. Прэзідэнт, які займае ва ўладнай вертыкалі месца над усімі яе галінамі, абавязаны быў стварыць роўныя ўмовы агітацыі для кандыдатаў і добрыя магчымасці для выбаршчыкаў. Я гэта зрабіў. Можа, не ідэальна, але не горш, чым у іншых краінах, і дастойна для майго народа", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што неабходна сістэмней працаваць з суседзямі і саюзнікамі. "Беларускія дэпутаты традыцыйна актыўна ўзаемадзейнічаюць з калегамі па лініі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, парламенцкіх структур СНД і АДКБ. Гэта асноўны напрамак. У нас вельмі шмат агульнага", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў аб перагаворах з выконваючым абавязкі Прэзідэнта Узбекістана, Прэм'ер-міністрам краіны Шаўкатам Мірзіяевым, якія адбыліся 6 кастрычніка. "Мы прызналі, што гэта, можа, важней за афіцыйны візіт. Мы абмеркавалі продаж МАЗаў, БелАЗаў, мяса-малочных вырабаў і інш. Намі зацікаўлены, і гэта добра", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт выказаў шкадаванне, што інтэграцыйныя аб'яднанні, у якіх удзельнічае Беларусь, функцыянуюць фармальна.

"Мэты абвешчаны высакародныя, але ўсё гразне ў руцінных разборках і спрэчках. Можа, нехта і ўдзельнічае ў іх дзеля сваіх палітычных мэт і амбіцый, але мы імкнёмся ўнесці свой уклад у аб'яднальныя працэсы на постсавецкай прасторы і жадаем таксама атрымаць пэўную аддачу", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым ён адзначыў, што аддача вымяраецца не толькі ў грашах. "Мы хочам аднаго: калі дамовіліся аб саюзе, то каб ён будаваўся на прынцыповых, асноўных, выпрацаваных усім чалавецтвам, усім жыццём прынцыпах. Першы з іх - раўнапраўе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт ставіць задачу дабіцца пазітыўнага балансу ў адносінах з краінамі-суседзямі і вядучымі геапалітычнымі цэнтрамі сілы. "Павінен прызнаць, што мы часта гаварылі аб шматвектарнасці, але ў рэальнасці ўсё ж такі ляцелі больш на адным крыле. Аднак жыццё паказала, што ва ўмовах крызісу ў такой сітуацыі мы вельмі рызыкуем быць залежнымі ад палітычных настрояў у адпаведных дзяржавах. Наша задача - дабіцца рэальнага пазітыўнага балансу ў адносінах з усімі суседзямі, усімі вядучымі геапалітычнымі цэнтрамі сілы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што гэта - неймаверна складаная задача. "І мы не балансуем, не сядзім на двух крэслах, як некаторыя спрабуюць сцвярджаць. Мы вымушаны праводзіць такую палітыку, каб нікога не пакрыўдзіць, нікому не нашкодзіць, каб устаяць і зноў не стаць якой-небудзь правінцыяй. Гэта што, няправільны пункт гледжання? Гэта не мая выдумка, гэта - увасабленне ідэй і спадзяванняў усяго беларускага народа", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. "І не трэба нас папракаць, што мы, маўляў, балансуем недзе там і спрабуем сядзець на двух або трох крэслах. Нічога падобнага. Мы робім усё для таго, каб уберагчы краіну і народ на гэтым кавалку зямлі. Вось і ўся палітыка", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён адзначыў: "Мы гатовы супрацоўнічаць з усімі ў імя гэтага. Але трэба разумець, калі нас нахілілі і ўвялі санкцыі, мы выстаялі. Мінуў час, і Захад адмяніў санкцыі". Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што для Беларусі патрэбны мір і бяспека, дружба і супрацоўніцтва паміж народамі, і беларускі народ - самы інтэрнацыянальны.

"Беларуская армія аснашчана самай сучаснай зброяй і здольна даць адпор любому агрэсару. У сувязі з гэтым мы можам гаварыць аб поўнай мадэрнізацыі нашай арміі, мы яе практычна скончылі. Мы яе прыстасавалі да тых магчымых войнаў, якія могуць быць развязаны супраць нашай дзяржавы - ад барацьбы ў інфармацыйнай прасторы да гарачай вайны. Але вы павінны разумець, што ўсё, што я гавару, - гэта каб не было вайны. Мы не будзем бразгаць зброяй дзеля нейкай круцізны. Ёсць больш надзённая задача: зберагчы мір, даць людзям магчымасць спакойна жыць, працаваць, выхоўваць дзяцей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь - міралюбівая краіна.

"Мы не хочам увязвацца ні ў якія міжнародныя канфлікты. Таму не будзем ваяваць у Сірыі: для нас гэта немагчыма, ды і не трэба. Але мы перажываем за сірыйскі народ, аказваем і будзем аказваць сірыйцам пасільную дапамогу. Мы ва Украіну на танках не паедзем, мы на трактарах туды паедзем. Гэта нашы браты, гэта славянскае адзінства, якое нікому не дазволена разбурыць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы не збіраемся ні з кім ваяваць. Мы збіраемся проста абараніць свае інтарэсы, і мы гэта робім не для вайны, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы гэта робім, каб бачылі ўсе, хто з намі хоча ваяваць, што ваяваць з намі - небяспечна, сабе на шкоду".

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на няпростай сітуацыі ў свеце, калі ў некаторых дзяржавах гінуць дзеці, ні ў чым не вінаватыя мірныя жыхары. "Чаму дэмакратычныя дзяржавы, якія разбамбілі і бамбяць Сірыю, аб гэтым не думаюць? Абараніцца хочуць ад хвалі бежанцаў. Тут толькі адзін шлях: дапамажыце стаць на ногі гэтым дзяржавам, стварыце вытворчасці, каб людзі там працавалі. Чаму гэта не робім?" - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў, што Беларусь зацікаўлена ў міры і бяспецы, мірным супрацоўніцтве з іншымі краінамі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь выступала і выступае з ініцыятывамі па спыненні любых баявых дзеянняў і вырашэнні ўсіх пытанняў за сталом перагавораў. "Дзякуючы гэтаму міжнародны аўтарытэт Беларусі істотна ўзрос. І гэта тэма закранута тут невыпадкова, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Дэпутаты абедзвюх палат парламента мэтанакіравана працавалі ў адной звязцы з кіраўніком дзяржавы, урада, дыпламатычным корпусам, што дапамагло Беларусі зрабіць сапраўдны дыпламатычны прарыў. Парламенцкая асамблея арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе прыняла рашэнне правесці сваю 26-ю сесію ў Мінску".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў важнасць таго, што ўмацоўваюцца кантакты як Беларусі ў цэлым, так і беларускіх парламентарыяў у прыватнасці з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі, Лацінскай Амерыкі, з якімі ў дзяржавы супадаюць пазіцыі і ёсць узаемападтрымка па многіх міжнародных пытаннях.

"Вялікі Кітай бачыць у нас раўнапраўнага партнёра. Нядаўна прынята сумесная беларуска-кітайская дэкларацыя аб устанаўленні адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. У полі зроку Кітая - чатыры такія дзяржавы: Вялікабрытанія, Пакістан, Расія і цяпер чацвёртай стала Беларусь", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама звярнуў увагу на важнасць таго факта, што Беларусь атрымала статус наглядальніка ў такой уплывовай міжнароднай структуры, як Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва (перш за ўсё дзякуючы згодзе Кітая і Расіі), у краінах якой фарміруецца амаль палавіна сусветнага ВУП. "Там самыя магутныя перспектыўныя краіны - нашы сябры", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што патрабуецца актывізацыя ўзаемадзеяння з вядучымі заходнімі дзяржавамі. "Еўропа і ЗША сталі прызнаваць нас як сур'ёзнага партнёра, з дапамогай якога можна вырашаць важнейшыя праблемы сучаснасці, і мы да гэтага гатовы", - сказаў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да парламентарыяў, ён адзначыў, што яны павінны шмат зрабіць для таго, каб "шырэй расчыніць вароты ў Беларусь для іншых дзяржаў". "Вы павінны выкарыстоўваць разнастайную інфармацыю па эканоміцы, геаграфіі, культуры, гісторыі роднай краіны, каб умець прадставіць яе ва ўсёй красе, зацікавіць патэнцыяльных інвестараў, бізнесменаў, турыстаў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Пытанне развіцця дзелавой ініцыятывы Аляксандр Лукашэнка назваў вельмі важным. "Бізнес у Беларусі павінен атрымаць магутны імпульс для развіцця", - даручыў Прэзідэнт. "З гэтай мэтай трэба, не адкладваючы на доўгі час, прапрацаваць заканадаўчую базу, сфарміраваць спрыяльныя ўмовы без фармальных абмежаванняў, надуманых патрабаванняў і залішняй перастрахоўкі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў выбраных парламентарыяў падключыцца да вырашэння праблем у сферы адукацыі. Ён прызнаўся, што напярэдадні, вярнуўшыся з камандзіроўкі, азнаёміўся з новым складам парламента і з радасцю ўспрыняў той факт, што ў яго ўвайшлі прадстаўнікі сферы адукацыі - супрацоўнікі ВНУ і школ. "Я рады гэтаму. Можа, яны неяк дапамогуць нашаму Міністэрству адукацыі прыйсці да нармальнай сістэмы адукацыі, нават нічога не ламаючы, а ўдасканальваючы, пачынаючы ад заняткаў у школе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У цэлым, кажучы аб рабоце парламента за гады незалежнасці Беларусі, Прэзідэнт звярнуў увагу, што за гэты час створана добрая заканадаўчая база, якая ўлічвае як айчынны, так і замежны вопыт. Важнейшымі рысамі дзейнасці народных выбраннікаў сталі сацыяльная накіраванасць, адкрытасць, эвалюцыйны падыход да рэгулявання прававых адносін. "Гэта дало магчымасць захаваць у Беларусі стабільнасць, вырашыць мноства агульнадзяржаўных праблем. Распрацаваць, напрыклад, і выканаць праграму адраджэння і развіцця вёскі, мадэрнізаваць нашу прамысловасць", - заўважыў ён. Прэзідэнт таксама лічыць, што немалыя поспехі дасягнуты ў ахове здароўя, умацаванні сацыяльных гарантый для розных слаёў насельніцтва. Вялікая колькасць сем'яў, асабліва маладых, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы набылі ўласныя дамы, кватэры.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў звароце да парламентарыяў падкрэсліў, што Беларусь хоча раўнапраўнага супрацоўніцтва з Расіяй. "Мы хочам толькі раўнапраўнага супрацоўніцтва. Будзе гэта, ніколі Расія з намі праблем мець не будзе. Нават калі ў нас да ўлады прыйдуць іншыя людзі, а не Лукашэнка, праблем не будзе. Таму што інтарэсы нашых дзяржаў узаемазвязаны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, тэмп жыцця настолькі высокі, што трэба пастаянна трымаць руку на пульсе і своечасова рэагаваць на ўсе змяненні, каб не адстаць. "Свет імкліва мяняецца. Мы павінны адаптавацца да зменлівых умоў, каб не толькі не страціць занятыя намі нішы, але і знайсці новыя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён не выключыў, што настаў час правесці і аналіз Асноўнага закона краіны. "Паспрабуем падысці да гэтага пытання з розных бакоў. Акуратна, каб не зрабіць горш, - сказаў Прэзідэнт. - З'явіліся новыя праблемы, выклікі. Ды і час, напэўна, патрабуе чагосьці новага. І пачынаць трэба з галоўнага, калі мы адважымся на гэта. Нам трэба стварыць групу мудрацоў, юрыстаў, якія прааналізуюць Асноўны закон. І калі трэба будзе, мы на гэта пойдзем".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў ролю парламента і ў рэалізацыі задач сацыяльна-эканамічнага развіцця, якія стаяць перад краінай. "Мы прынялі праграму на пяцігодку наперад. Мы яе павінны выканаць, чаго б гэта ні каштавала. Працуйце разам з урадам, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Калі ёсць праблема, трэба параіцца, прыходзьце, будзем размаўляць у любы час".

Прэзідэнт адзначыў, што неаднаразова выказваў патрабаванне аб неабходнасці эфектыўнага кантролю ў сферы цэнаўтварэння. "Хто ў нас хутчэй за ўсё разбагацеў і адыгрывае вялікую ролю ў падняцці цаны - пасрэднік паміж пакупніком і вытворцам", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Для рэгулявання працэсаў у гэтай сферы ў тым ліку было створана Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. "Міністр павінен несці за гэта адказнасць, залішне не ўмешвацца, не перашкаджаць працаваць ні гандлю, ні вытворцам, ні спажыўцам. Але калі бачыць нейкую манапольную змову, або ёсць манапаліст, мы яго будзем кантраляваць. Як ва ўсім свеце. Мы нічога не выдумляем", - сказаў Прэзідэнт."Неабгрунтаванага павышэння быць не павінна", - дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў пытанне кошту паслуг у ЖКГ. "Так, трэба да 100 працэнтаў даводзіць аплату. Ніхто не спрачаецца. Кожны павінен плаціць за сваё, плаціць столькі, колькі каштуе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але ў людзей павінна быць магчымасць заплаціць". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ёсць розныя падыходы і ў пытанні існавання перакрыжаванай сістэмы субсідзіравання. "Гэта сістэма пакуль працуе. Навошта нам яе сёння разбураць. Давайце паціху, акуратна - $5 у год (павышэння кошту ЖКУ). Гэта нармальны, зразумелы шлях для людзей. Нельга адразу аглушыць людзей, як гэта зрабілі ва Украіне, - людзі перасталі плаціць".

Гаворачы аб магчымых рэформах у эканоміцы, Прэзідэнт адзначыў, гэта ўдасканаленне таго, што ёсць. "Па-першае, мы разумеем рэформу як удасканаленне таго, што маем: не выключана адмова ад непатрэбнага і асваенне новага. Па-другое, у працэсе ўдасканалення неабходна рабіць толькі тое, што зразумела людзям і прынясе карысць. У адваротным выпадку не мабілізуеш масы і іх лідараў на рэалізацыю рэфармавання. Я заўсёды разумеў рэформу як удасканаленне таго, што ёсць - і ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці, і ў транспарце", - расказаў ён. Беларускі лідар у якасці прыкладу ініцыятывы, што зыходзіла ў свой час ад так званых лібералаў у дзяржаве, прывёў указ аб акцыяніраванні калгасаў і саўгасаў. "Што адбылося на практыцы? Паспяховыя гаспадаркі пачалі разбурацца", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Сітуацыя звялася да таго, што нехта элементарна купляў гэтыя акцыі "за бутэльку", а нехта і зусім застаўся ні з чым. Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, дайшло да таго, што добрыя спецыялісты, якія стваралі паспяховыя вытворчасці, пачалі баяцца, што наогул апынуцца на гэтых прадпрыемствах падсобнымі работнікамі. "І нядаўна я вымушаны быў прыняць рашэнне: давайце вернемся да гэтага пытання", - сказаў Прэзідэнт. На яго думку, пры рэфармаванні формула адна - што ў прамысловасці, што ў сельскай гаспадарцы. "Трэба вывучаць лепшы вопыт і прыстасоўваць яго да нашых умоў", - перакананы ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, яму даводзілася чуць меркаванне аб тым, што дэпутаты пятага склікання ініцыіравалі мала законаў і што новаму дэпутацкаму корпусу неабходна актыўней працаваць у плане заканадаўчых прапаноў. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на любой стадыі распрацоўкі праекта закона неабходна працаваць разам. Дзякуючы сумеснай прадуманай рабоце будзе менш спрэчак пры разглядзе таго ці іншага дакумента ў Авальнай зале. "Трэба і ў далейшым захоўваць гэты падыход, калі дэпутаты, урад, зацікаўленыя, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый працуюць разам, і законапраект амаль гатовым прыходзіць для галасавання", - упэўнены Прэзідэнт. "Ніхто не павінен забываць, што ў цэнтры ўвагі палітыкі дзяржавы павінен стаяць канкрэтны чалавек з усімі яго бытавымі праблемамі: сямейнымі адносінамі, работай, духоўнымі запытамі", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

На заканчэнне Прэзідэнт Беларусі падзякаваў парламентарыям абедзвюх палат Нацыянальнага сходу за плённую працу на карысць народаў і пажадаў поспехаў у рабоце.