Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча з дэпутатамі абласнога Савета

22 жніўня 2020 года
Сустрэча з дэпутатамі абласнога Савета
глядзіце таксама: відэа
22 жніўня 2020 года
Сустрэча з дэпутатамі абласнога Савета

Ваенныя абароняць Беларусь ад знешніх пагроз, задача мясцовай улады - стабілізаваць сітуацыю ўнутры краіны. На гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў 22 жніўня ўвагу ў час сустрэчы ў Гродне з дэпутатамі абласнога Савета.

"Гродна і Мінск - гэта дзве кропкі, дзе больш за ўсё спрабуюць расхістаць абстаноўку. Наконт Гродна - я не бачу тут абсалютна ніякай катастрофы, за паўдня ўсіх гэтых вывучэнняў я яшчэ больш у гэтым пераканаўся. Але вы павінны разумець, што Гродзеншчына - заходні фарпост, заходняя жамчужына нашай Беларусі. Калі б мы, не дай бог, не выстаялі тут - гэта першы крок да страты суверэнітэту і незалежнасці Беларусі", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, гэта вельмі добра разумеюць і праціўнікі Беларусі, таму націскаюць на краіну па ўсіх напрамках - як унутры, так і звонку. "Знутры спрабуюць зламаць, запалохаць. З таго боку граніцы ўжо адкрыта пагражаюць. Вы, напэўна, вельмі добра чуеце гэтыя пагрозы з вуснаў заходніх палітыкаў. Калі ўсе пачынаюць дзьмуць у адну дуду і адкрыта заяўляць аб выдзяленні фінансавых сродкаў - гэта не проста так, у дыпламатыі не бывае такога", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што да беларускай граніцы падцягваюцца натаўскія войскі, а за 15-20 мінут падлёту ўжо знаходзяцца самалёты F-16. "Мы гэта разумелі ў мінулым годзе, калі яны аб'явілі вучэнні, але каранавірус іх крыху прытармазіў. А цяпер, калі сітуацыя ў нас, з іх пункту гледжання, неспакойная ўнутры, яны перайшлі да актыўных дзеянняў. Усе войскі разгорнуты - мы гэта бачым і разумеем. Таму я быў вымушаны аддаць загад аб прывядзенні арміі ў поўную баявую гатоўнасць", - сказаў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што ў Гродзенскую вобласць былі перакінуты віцебскія дэсантнікі, на баявое дзяжурства заступілі тактычныя ракеты "Кропка-У", РСЗА "Паланэз" і ЗРК "С-300". "Гэта значыць мы цалкам "закрылі" Гродна, каб нічога не здарылася, і ўвесь гэты выступ на літоўскім і польскім напрамках", - дадаў беларускі лідар.

З пастаўленымі задачамі ваенныя справяцца, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Задача ж мясцовай улады - стабілізаваць сітуацыю ўнутры краіны. "Ні ў якім выпадку не паддавайцеся на правакацыі. Усё, што яны (праціўнікі дзеючай улады. - Заўвага) кажуць, - гэта фэйкі. Сітуацыя супакоіцца - і я ўсё раскажу ў дэталях", - паабяцаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне назначыць Уладзіміра Караніка, які да гэтага часу кіраваў Міністэрствам аховы здароўя, на пасаду губернатара Гродзенскай вобласці. Адпаведную кандыдатуру ён прапанаваў у час сустрэчы. Абласныя дэпутаты прагаласавалі ў падтрымку гэтага назначэння.

"Мною прынята рашэнне аб накіраванні да вас вашага чалавека - Уладзіміра Сцяпанавіча Караніка, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Для мяне гэта вялікая страта. Таму што гэта геройскі чалавек у час каранавіруса. Калі б не ён, нам было б вельмі цяжка. Гэта быў першы памочнік Прэзідэнта па ўсіх пытаннях, першы генерал, які выконваў мае ўказанні. І мы ж правільна зрабілі".

"Ён ваш. Малады, разумны", - адрэкамендаваў Прэзідэнт новага губернатара.

На сустрэчы былі адзначаны і вялікія заслугі, шматгадовая плённая праца на пасадзе губернатара Уладзіміра Краўцова. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што да ўжо былога губернатара ў яго няма ніякіх прэтэнзій.

Уладзімір Каранік у сваю чаргу падзякаваў за падтрымку. "Я цудоўна разумею тую адказнасць, якая кладзецца на мае плечы. Ні для каго не сакрэт - гэта мая малая радзіма, дзе я нарадзіўся і вырас, - сказаў ён. - Думаю, калі пена пройдзе і ўсе пяройдуць у спакойны стан, то зразумеюць, што гэта наша зямля. І асноўнае - што мы можам дасягнуць у жыцці, зрабіць сваімі рукамі і мазгамі. Ніхто іншы нам не дапаможа. Патэнцыял вобласці велізарны".

© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь