Сустрэча з членам Палітбюро ЦК Кампартыі Кітая Мэн Цзяньчжу

  • 1
Беларусь і Кітай пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у далейшым умацаванні і развіцці ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. Аб гэтым ішла размова ў час перагавораў 18 жніўня Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з членам Палітбюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая, сакратаром палітыка-юрыдычнай камісіі ЦК КПК Мэн Цзяньчжу.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, вітаючы кітайскага госця, што ў Беларусі ўважліва назіраюць за ростам міжнароднага аўтарытэту КНР. Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што Кітай на саміце "Вялікай дваццаткі", які пройдзе ў верасні ў кітайскім горадзе Ханчжоў, прапануе свой погляд на вырашэнне праблем у сусветнай эканоміцы, палітыцы. Аляксандр Лукашэнка перадаў Сі Цзіньпіну пажаданні паспяховага правядзення гэтага важнага міжнароднага форуму.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што чакае сустрэчы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам і традыцыйна даверлівага абмену меркаваннямі ў ходзе дзяржаўнага візіту ў КНР, які плануецца на канец верасня. Візіт павінен вывесці беларуска-кітайскае супрацоўніцтва на новы, яшчэ больш высокі ўзровень.

"За 25 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін Беларусь і Кітай зрабілі вельмі многае для ўмацавання двухбаковых сувязей, - упэўнены беларускі лідар. - У нашым дыялогу абсалютна няма закрытых тэм і нявырашаных праблем". На яго думку, інтэнсіфікацыя кантактаў паміж дзвюма краінамі назіраецца ва ўсіх без выключэння сферах. Так, праведзены ў маі мінулага года беларуска-кітайскі бізнес-форум надаў новы імпульс наладжванню міжрэгіянальных сувязей. Як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, з боку кітайскіх рэгіёнаў усё больш праяўляецца практычны інтарэс да цеснага супрацоўніцтва.

У ходзе перагавораў узаемным было меркаванне аб неабходнасці яшчэ больш актывізаваць міжрэгіяльныя кантакты як аснову гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, якое павінна дасягнуць такога ж высокага ўзроўню, як і палітычнае.

Пры гэтым Прэзідэнт выказаў меркаванне, што тэхналагічныя і інвестыцыйныя сувязі павінны стаць прыярытэтнымі ва ўсім комплексе маштабнага беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння. "Нядаўні запуск беларускага спадарожніка з кітайскага касмадрома Січан і стварэнне сучасных абаронных сістэм вывелі на новую, вельмі даверную вышыню наша тэхналагічнае партнёрства. Нараўне з інвестыцыйным яно павінна стаць галоўным рухавіком двухбаковага ўзаемадзеяння", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт не сумняваецца, што другое пасяджэнне беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве, на якое якраз і прыехала кітайская дэлегацыя на чале з Мэн Цзяньчжу, будзе выніковым і дасць магчымасць вызначыць канкрэтныя напрамкі далейшага эфектыўнага развіцця беларуска-кітайскіх адносін, а таксама рэалізацыі дамоўленасцей на вышэйшым узроўні.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў высокаму кітайскаму госцю за пільную ўвагу да пытанняў умацавання беларуска-кітайскай дружбы і партнёрства. "Думаю, што на гэтым шляху ў нас усё атрымаецца", - выказаў упэўненасць Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Мэн Цзяньчжу адзначыў ўсёабдымны характар супрацоўніцтва з Беларуссю. На яго думку, дзякуючы лідарам дзвюх краін кітайска-беларускія адносіны ўмацоўваюцца і развіваюцца. Ён канстатаваў высокі ўзровень палітычнага ўзаемадаверу і ўзаемную падтрымку на буйных міжнародных мерапрыемствах. "Мы рашуча падтрымліваем адзін аднаго па важнейшых праблемах, якія маюць узаемны інтарэс", - адзначыў кітайскі госць.

Член Палітбюро ЦК КПК таксама высока ацаніў ролю беларускага лідара ў развіцці беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Ён падкрэсліў, што Кітай разглядае маючы адбыцца візіт Прэзідэнта Беларусі ў Пекін як важнейшую падзею ў беларуска-кітайскіх адносінах у бягучым годзе. Цяперашняя прадстаўнічая кітайская дэлегацыя ў тым ліку прапрацоўвае пытанні падрыхтоўкі візіту беларускага лідара ў Кітай: "Мы спадзяёмся на эфектыўную работу ў Беларусі і на тое, што ўнясём свой уклад у развіццё традыцыйна дружалюбных двухбаковых адносін".