Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча з актывам горада Мінска

7 ліпеня 2020 года
Сустрэча з актывам горада Мінска
глядзіце таксама: відэа
7 ліпеня 2020 года
Сустрэча з актывам горада Мінска
Сустрэча з актывам горада Мінска
глядзіце таксама: фота
7 ліпеня 2020 года
Сустрэча з актывам горада Мінска 12 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 ліпеня правёў сустрэчу з актывам горада Мінска.

Адкрываючы сустрэчу, беларускі лідар адзначыў, Мінск - гэта горад асаблівы, візітная картка краіны, палітычны, эканамічны, навуковы, культурны цэнтр дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у першыя гады яго прэзідэнцтва парадак пачалі наводзіць менавіта са сталіцы. "Па сутнасці, ёю толькі і займаліся ў першыя гады. Рэсурсы, сілы, якія былі тады, - усё сюды ўкладвалася", - сказаў беларускі лідар.

"Толькі апошнім часам мы кінулі погляд на рэгіёны. З'явілася такая магчымасць. Праграма развіцця апорных гарадоў, сельскіх паселішчаў, трылогія Года малой радзімы, аддаём доўг вёсцы, раёнам. Сёння там найбольшае адставанне, і трэба забяспечыць раўнамернае развіццё краіны", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што размова ідзе ў тым ліку аб развіцці так званых неперспектыўных вёсак і хутароў. Ён заклікаў, каб і гараджане імкнуліся набыць сабе ўчастак зямлі за горадам.

"Добра, каб у кожнага гараджаніна быў свой кавалак зямлі. Гэта мы будзем падтрымліваць актыўна у будучай пяцігодцы. Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Пандэмія нас абразуміла і тая невялікая паніка, якая прайшлася па краіне, - адзначыў беларускі лідар. - І мы зразумелі, што, у каго ёсць невялікі ўчастак, дача, гэта было выратаванне для старых. Змаглі і самі выехаць на выхадныя, і вывезці туды дзяцей".

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў сельскай мясцовасці ёсць вялікая колькасць свабодных участкаў. "Іх трэба перадаць ва ўласнасць нашым людзям за зусім сімвалічную цану. Такім чынам мы адродзім і неперспектыўныя вёсачкі, будзем развіваць малыя гарады, пасёлкі гарадскога тыпу, створым зручнасць для жыцця", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар нагадаў, як за апошнія дзесяцігоддзі развівалася інфраструктура сталіцы, уключаючы завяршэнне будаўніцтва Палаца Рэспублікі, узвядзенне новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі.

Значныя намаганні былі прыкладзены і для будаўніцтва сучасных спартыўных аб'ектаў, што ў тым ліку дало магчымасць на высокім узроўні правесці II Еўрапейскія гульні. "Гэта быў прарыў. Калі хочаце, дыпламатычны прарыў", - падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсё пабудаванае застанецца і будучым пакаленням мінчан. "Сёння Мінск з'яўляецца ўзорным горадам для правядзення розных спартыўных і культурных мерапрыемстваў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Вы помніце стадыён наш "Дынама" (наш нацыянальны гонар), што там рабілася, вы ведаеце. А Чыжоўка цяперашняя… Гэта ўжо хадзячая назва была. Гэтай назвай дзяцей палохалі тады. Лічылася, і ў многім не без падстаў, што ў гэтым раёне адно п'янства, крымінал, зайсці туды страшна было. Ну а цяперашняя Чыжоўка - вы яе бачыце і можаце, людзі старэйшыя, параўнаць. Тое ж самае Лошыца, Уручча, Чырвоны Бор... На гэтых месцах мы пабудавалі самыя развітыя і сучасныя мікрараёны", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Адна з асноўных задач, якую мы вырашым у будучай пяцігодцы, - гэта пераход на электрамабілі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы проста не павінны тут адстаць. Калі мы адстанем, будзе дрэнна. Таму цяжка, але нам давядзецца бегчы і, па крайняй меры, ні ў якім разе не адстаць".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў развіцці транспартнай інфраструктуры Мінска зроблены вялікі рывок. Гэта і рэканструкцыя кальцавой аўтадарогі, буйнейшых гарадскіх магістралей, будаўніцтва развязак у самых праблемных месцах горада. Акрамя таго, у бліжэйшы час будзе ўведзена ў строй трэцяя лінія метро.

"Усё гэта дае магчымасць Мінску, нягледзячы на вельмі высокі ўзровень аўтамабілізацыі, заставацца больш-менш камфортным з пункту гледжання транспартнага забеспячэння", - сказаў Прэзідэнт.

Развіваецца Нацыянальны аэрапорт Мінск, куды на працягу 2-3 першых гадоў наступнай пяцігодкі будзе падведзена электрычка са сталіцы.

У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся наконт эпідэміялагічнай сітуацыі. "Сістэма, якая ў нас ёсць, і тая дысцыпліна, і кіруемасць у ахове здароўя дапамагала нам у такім густанаселеным і адкрытым горадзе пераадолець гэтыя праблемы. Я з Наталляй Іванаўнай (Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. - Заўвага) толькі што перагаварыў, як сітуацыя складваецца на сённяшнюю раніцу. Я магу вас павіншаваць, што мы з гэтай бядой справіліся", - сказаў ён.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, Мінск у эпідперыяд быў самым праблемным. "Таму што насельніцтва 2 млн, перамяшчэнне вялікае. Улічваючы, што мы граніцы не закрывалі, насельніцтва ў кватэры не заганялі", - адзначыў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што самым галоўным было не дапусціць панікі. "Мы гэта з вамі пераадолелі. І дай бог, каб далей паціху. Нам трэба паціху адысці ад гэтай бяды і не дапусціць паўторнай эпідэміі. Гэта для нас вельмі важна", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў непрымальнасць карупцыі, барацьба з якой будзе прадоўжана. "Карупцыя - гэта ржа, якая раз'ядае не толькі эканоміку, але і грамадства, увесь уклад, у якім мы жывём, і які стварылі. Гэта прыніжэнне чалавека. І я не хачу, каб Беларусь апусцілася ў гэту бездань", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што за мяжой ацанілі намаганні Беларусі ў барацьбе з карупцыяй і яе нізкі ўзровень у параўнанні з іншымі краінамі. "У нас не трэба плаціць хабар для таго, каб да некага ў кабінет зайсці. Калі нехта хоча інакш - я не ваш Прэзідэнт. І вы не галасуйце за мяне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Я ж не лунаю ў воблаках, разумею, што адбываецца ў краіне. І разумею, што ў многіх выклікала незадаволенасць тое, што на нары за апошнія 3-5 гадоў давялося адправіць нямала мінчан. Але паверце, на гэтых людзях кляйма ставіць няма дзе. Слухайце, як можна цярпець, калі абкрадваюць у школах і дзіцячых садах дзяцей, калі займаюцца паборамі, збіраюць нейкія грошы для сябе?" - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама перасцярог тых, хто, магчыма, разлічвае ў ходзе нейкіх рэформ прыбраць да рук частку дзяржаўнай уласнасці. Прэзідэнт адзначыў, што спадзявацца на гэта не трэба. У час сустрэчы з актывам сталіцы ён заявіў, што ў краіне не дапусцілі бяздумнай прыватызацыі вытворчых гігантаў, і дзяржаўны кантроль над гэтымі прадпрыемствамі захаваецца і ў далейшым.

Прэзідэнт таксама адзначыў важнасць чуць і мець сувязь са звычайнымі людзьмі. "Мы павінны бачыць людзей, - падкрэсліў ён. - У нас нямала праблем. Першая і самая галоўная - Мінскі гарвыканкам, адміністрацыі раёнаў сталі адрывацца ад рэальных патрэбнасцей людзей. Работа часта арыентавана на працэс, а не на вынік. Бюракратызму, валакіты ў вырашэнні надзённых пытанняў жыцця людзей дастаткова".

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на важнасці падтрымання на вытворчасцях выканальніцкай і тэхналагічнай дысцыпліны. "Дысцыпліна выканальніцкая і тэхналагічная. Так, у апошнія паўгода - год мы на гэта звярнулі ўвагу і пачалі выпраўляцца. Не будзе якасці - загінем. Таму што якасць - аснова экспарту. А без экспарту краіна жыць не зможа, не будзе валюты", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што задача Мінска - аднавіць усе эканамічныя сувязі пасля адкрыцця граніц пасля пандэміі і захаваць экспартны патэнцыял як мінімум на ўзроўні мінулага года. "Тое, што мы сёння падаем - гэта наша бяда, а не наша віна. Мы нічога не закрывалі, але вакол усё закрыта пакуль", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

"Асаблівую ўвагу нам трэба звярнуць у цэлым на горад. Ён павінен быць узорам для жыцця ва ўсіх адносінах. Пакуль агульнагарадская чарга маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў налічвае амаль 200 тыс. сем'яў", - адзначыў беларускі лідар.

Нараўне з гэтым ён канстатаваў, што пастаўлена задача не дапусціць, каб насельніцтва горада перасягнула 2 млн чалавек, - не паўтарыць негатыўны вопыт вялікіх гарадоў, дзе вялікая канцэнтрацыя насельніцтва.

"Таму нам ні ў якім разе нельга дапусціць перанасялення Мінска. Да мяне часта прыходзяць (я вельмі строга кантралюю пытанне зямель сельгаспрызначэння). За першую кальцавую дарогу - ні кроку! Мінск павінен застацца ўнутры першай кальцавой дарогі. І не думайце, што я дам згоду на перанасяленне зялёных зон, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі нехта думае, што мы паркі і зялёную зону пачнём падразаць і там нешта будаваць, гэтага не будзе. Гэта здабытак людзей".

"Гэта наш найвялікшы здабытак, што мы не перагрузілі Мінск. Трэба да гэтага падыходзіць вельмі асцярожна. Нельга неранасяляць яго. У нас дастаткова свабодных зямель для таго, каб будаваць у тым ліку і жыллё", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што будуць і далей развівацца гарады-спадарожнікі, транспартныя зносіны з імі, а ў самой сталіцы трэба скарачаць будаўніцтва.

"Нам трэба на Мінск паглядзець сур'ёзна. Можа, вярнуцца яшчэ да генеральнага плана і канчаткова зацвердзіць яго і прадставіць мінчанам, каб яны разумелі, як будзем рухацца ў бліжэйшую пяцігодку", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы закрануў тэму работы будаўнічых арганізацый, фарміравання цэн на новае жыллё. У гэтым плане прыняты ўжо шэраг мер па навядзенні парадку, каб усё рабілася празрыста і справядліва. "Нам удалося крыху збіць цэны, перш за ўсё там, дзе людзі стаяць у чарзе. І гэты працэс мы будзем узмацняць. Для нас галоўнае - цана квадратнага метра", - сказаў Прэзідэнт.

"Будзем узмацняць і будаўніцтва арэнднага жылля. Мы паспрабавалі, гэтыя дамы пабудавалі як маласямейкі. Я зайшоў, паглядзеў, успамінаючы сваю маладосць (двое дзяцей - учацвярых жылі на дзевяці квадратных метрах), а там двухпакаёвая кватэра - у Бараўлянах. І пабудавалі імгненна. Выдатныя дамы. Колькі ў нас маладых людзей без кватэр сёння - шмат", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, хто хоча пабудаваць сабе дадатковыя кватэры, то тут абмежаванняў няма. "Будуйце, плаціце столькі, колькі вы хочаце, і будуйце. Нам трэба забяспечыць перш за ўсё людзей, якія не маюць жылля", - акцэнтаваў увагу беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бізнес-клімат беларускай сталіцы - адзін з лепшых на прасторы СНД і вельмі спрыяльны нават на агульнасусветным фоне. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў прэстыжным рэйтынгу часопіса Financial Times Мінск заняў чацвёртае месца па эканамічнай эфектыўнасці вядзення бізнесу ў намінацыі "Еўрапейскія гарады і рэгіёны будучыні", а ў 2019 годзе брытанскае выданне The Independent назвала беларускую сталіцу ў ліку 10 еўрапейскіх гарадоў, якія абавязкова трэба наведаць.

"Узрастаючая эканоміка горада, меры, якія прымаюцца па яе падтрымцы, садзейнічаюць штогадоваму з'яўленню 5 тыс. новых суб'ектаў гаспадарання. Аснова вытворчага комплексу - прадпрыемствы машынабудавання, электратэхнічнай, фармацэўтычнай, харчовай прамысловасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вельмі многія інвестары з розных краін свету гатовы былі б прыйсці ў Беларусь, узяць участак і нават арганізаваць тую ці іншую вытворчасць. Аднак усе хочуць вялікіх падатковых ільгот і розных прэферэнцый. "Карацей кажучы, што хочам, тое і робім - падаткі плаціць не будзем. Ну і навошта нам такія вытворчасці сёння? Мы павінны самі будаваць свае вытворчасці, ставіць іх у рад. Яны павінны плаціць падаткі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што менавіта ад падатковых паступленняў у першую чаргу залежыць заработная плата ў бюджэтнай сферы. "Таму нам трэба больш акуратна сёння быць і з замежнымі інвестарамі. Трэба падтрымліваць сваіх, наколькі мы на гэта здольныя. І падтрымліваць будзем сваіх бізнесменаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак ёсць умовы для такой падтрымкі з боку дзяржавы: першае - каб бізнес і сам укладваўся ў адпаведныя праекты, другое - выбраны напрамак работы павінен быць запатрабаваны ў краіне. "Вы павінны самі ўкладвацца. Калі хочаце і нешта талковае прапануеце і гэта нам патрэбна, мы будзем з вамі супрацоўнічаць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Але гэта не значыць, што мы не будзем ствараць новыя вытворчасці. Мы іх ствараем. Толькі гэта вельмі складана і дорага".

Прэзідэнт у якасці прыкладу прывёў ПВТ, які ствараўся з нуля. "І толькі я ведаю, чаго гэта каштавала. І заслуга не тых, хто бегае і крычыць: я там нешта стварыў (ледзь у турму не сеў у свой час). Гэта заслуга саміх айцішнікаў", - заўважыў беларускі лідар.

У прыватнасці, апошні Дэкрэт, які быў падпісаны ў мэтах развіцця гэтай сферы, быў падрыхтаваны на падставе прапаноў менавіта бізнесменаў у сферы ІТ. "Прынеслі дакументы, я, не гледзячы, іх падпісаў. А чаго глядзець было? Пытанне стаяла так: або будзем гэта мець, або не будзем. Яны адказна да гэтага падышлі - самі айцішнікі. І яны сёння працуюць дзякуючы прынятым гэтым рашэнням. Таму ніхто не павінен лічыць сябе вялікім чалавекам, што ён нешта вялікае зрабіў. Гэта зрабілі айцішнікі, і я ўдзячны ім, што яны сумленна зрабілі. І пастаянна іх падтрымліваю", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі рэформа можа быць толькі ў адным напрамку - як удасканаленне таго, што ёсць. "Задачы вельмі няпростыя. І рэформамі гэтыя задачы не вырашыць. Паколькі шмат гавораць аб "пераменах", рэформах, я павінен сказаць, як я разумею гэтыя рэформы і як мы ішлі па жыцці, рэфармуючыся: у Беларусі рэформа можа быць толькі ў адным напрамку - як удасканаленне таго, што ў нас ёсць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што для гэтага ў краіне ёсць адпаведныя кампетэнцыі і школы.

"У нас вялікія задачы, задачы вялікай важнасці, якія мы павінны вырашыць. І рэформа - гэта тое будзем удасканальваць, пашыраць і паглыбляць, што мы ўмеем рабіць. Ствараючы новыя вытворчасці. Рэформы і яшчэ раз рэформы, але як удасканаленне таго, што ў нас ёсць. Ці тое адукацыя, ахова здароўя, прамысловасць ці тое сельская гаспадарка", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы арыентаваў на больш аператыўнае ўкараненне лічбавых тэхналогій у эканоміцы і сацыяльнай сферы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Мінск аб'ектыўна задае тон па многіх сучасных напрамках. Напрыклад, створаны і працуе Парк высокіх тэхналогій, які за мінулы год забяспечыў экспарт паслуг больш як $2 млрд. У ім больш як 800 кампаній-рэзідэнтаў, у якіх працуюць некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. "А гэта ўсё мінчане, якія кормяць свае сем'і і, як вы ведаеце, кормяць нядрэнна", - заўважыў беларускі лідар.

"Але "лічбу" трэба хутчэй укараняць у нас у эканоміцы, сацыяльнай сферы. Мы ж ІТ-краіну вырашылі пабудаваць. І дзе гэта рабіць перш за ўсё, як не ў Мінску? Новыя інфармацыйныя тэхналогіі - гэта разумны горад, паслугі, грамадская бяспека. Без гэтага горад спыніцца ў развіцці. Пры гэтым няўхільнае патрабаванне: усё павінна быць зручным і камфортным для людзей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Адначасова ён папярэдзіў, што ІТ - гэта добра, але ў многіх сферах тэхналогіі пакуль не могуць у поўнай меры замяніць чалавека, і гэтым напрамкам таксама трэба ўдзяляць увагу.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сфера аховы здароўя ў Беларусі ў большасці сваёй прагрэсіўная і запатрабаваная. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што толькі за апошнія некалькі гадоў у сталіцы былі ўведзены ў строй многія аб'екты аховы здароўя, уключаючы бальніцы і паліклінікі. А паказчыкам якасці аказваемых медыцынскіх паслуг з'яўляецца і тое, што па іх звяртаюцца грамадзяне з вялікай колькасці замежных краін.

"Экспарт медыцынскіх паслуг вылічваецца дзясяткамі мільёнаў долараў. Мы, як і многія развітыя дзяржавы, - ЗША, еўрапейскія краіны, Ізраіль - лечым замежных грамадзян. Гэта сведчыць аб тым, што наша ахова здароўя ў большасці сваёй прагрэсіўная і запатрабаваная", - сказаў беларускі лідар.

Гаворачы аб сферы культуры, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі зроблена ўсё неабходнае для самарэалізацыі творчых людзей. "Мы зрабілі для творцаў усё для таго, каб яны маглі тварыць. Тварыце, збірайце залы. Колькі заробіце - усё ваша", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што за мінулыя гады былі рэканструяваны многія ўстановы культуры, штогод праводзяцца розныя творчыя фестывалі. "Калі ласка, ідзіце, выступайце", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, па шэрагу напрамкаў, напрыклад у літаратуры, ёсць пакуль яшчэ і нерэалізаваны патэнцыял. "Ёсць над чым працаваць. І трэба працаваць. Калі працуеш, не толькі Прэзідэнт, але і Гасподзь дапаможа", - сказаў ён.

© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь