Сустрэча са старшынёй Знешэканамбанка Расіі Сяргеем Гарковым

  • 1

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка гарантуе падтрымку рабоце Знешэканамбанка ў Беларусі. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 8 снежня на сустрэчы са старшынёй расійскай дзяржаўнай карпарацыі "Банк развіцця і знешнеэканамічнай дзейнасці (Знешэканамбанк)" Сяргеем Гарковым.

"Публічна хачу сказаць, што вы заўсёды будзеце мець і ад мяне, і ад Урада, Нацыянальнага банка перш за ўсё, падтрымку. Але калі вы будзеце ставіцца да нас і нашых прадпрыемстваў, фізічных, юрыдычных асоб, як у Расіі. Для вас Беларусь павінна быць як Расія", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падзякаваў ЗЭБ за падтрымку, якая аказвалася Беларусі нават у самыя складаныя часы. "Вы не адмаўляліся ад супрацоўніцтва з Беларуссю, - сказаў беларускі лідар. - Вы крэдытуеце нашы буйнейшыя прадпрыемствы на сотні мільёнаў долараў. Я вельмі цаню тое, што ў цяжкія часы вы не перасталі займацца гэтым пытаннем. Гэта сведчыць аб тым, што вы сур'ёзна прыйшлі ў Беларусь і гатовы тут працаваць".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што стан спраў у беларускай эканоміцы шмат у чым залежыць ад сітуацыі ў Расіі, паколькі менавіта рынак гэтай краіны з'яўляецца адным з важнейшых напрамкаў для экспарту выпускаемай прадукцыі.

Гаворачы пра банкаўскую сістэму Беларусі, Прэзідэнт сказаў, што яна, магчыма, крыху адрозніваецца ад расійскай, але толькі знешне. "Я поўнасцю пераклаў адказнасць за функцыянаванне ўсёй сістэмы (не толькі першага і другога ўзроўняў) на Старшыню праўлення Нацыянальнага банка, перадаў яму ўсе паўнамоцтвы. Тым больш, у нас кіруемая сістэма. Кадравыя назначэнні ўзгадняюцца з Нацыянальным банкам, а праз яго з Прэзідэнтам. Я ніколі не дапушчу, каб тут былі непрыстойныя адносіны да нейкіх банкаў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, існуюць пэўныя крытэрыі ацэнкі банкаў. Пры гэтым такая сфера ў Беларусі адкрыта для прыходу новых банкаўскіх арганізацый. "У нас няма гэтага бар'ера. Мы адмовіліся ад таго, каб былі толькі дзяржаўныя і толькі беларускія банкі. Калі мы заключаем з імі пагадненне, і гэта адпавядае нашым інтарэсам, мы будзем іх падтрымліваць, як беларускія банкі, не важна, дзяржаўныя або прыватныя", - заявіў Прэзідэнт.

"Таму калі любы банк, у тым ліку і ЗЭБ, будзе адпавядаць гэтым крытэрыям, калі ласка, вы заўсёды знойдзеце ў мяне абарону, калі трэба, - падкрэсліў беларускі лідар. - Вы можаце быць спакойны і ўпэўнены ў бяспецы свайго прадпрыемства на тэрыторыі Беларусі, якія б ні былі ў нас адносіны з Расіяй (не дай бог, вядома)".

"Гэта святое - калі мы дамовіліся, усё павінна выконвацца менавіта так, як мы дамовіліся. У адваротным выпадку ніякія інвестыцыі і ніякі капітал сюды не пойдзе", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

"Самае галоўнае, каб тут быў парадак, каб выконваліся дамоўленасці. Каб у аснове адносін былі прыстойныя і абавязковыя пагадненні. Гэта я вам магу гарантаваць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Згадзіцеся, як бы мы ні былі з Расіяй дружныя, гэта іншая дзяржава. І вельмі часта буйныя расійскія фірмы ў нас працавалі, і яны заўсёды былі абаронены нават ад таго, што ў іх адбывалася на радзіме. Тыя, хто мяне некалі не паслухаўся (у мяне тры такія фірмы наўскідку - "Уралкалій" і іншыя), разваліліся, там сёння іншыя людзі. Той, хто паслухаў, мы іх абаранялі, падтрымлівалі. І нахіліць нас у гэтым плане не зможа ніхто: ні расійскае кіраўніцтва, ні амерыканскае. Дамоўленасці - гэта жалезна. Яны павінны выконвацца", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

"У нас ужо фактычна дзевяць гадоў супрацоўніцтва. Больш за мільярд долараў агульных інвестыцый. Ёсць буйныя праекты, як атамная станцыя, - сказаў старшыня Знешэканамбанка. - У нас ёсць цікавыя прапановы па павелічэнні сумеснага экспарту Беларусі і Расіі. Мы дамовіліся з урадам падпісаць аб гэтым пагадненне. Ёсць шмат магчымасцей для павелічэння супрацоўніцтва".

Сяргей Гаркоў таксама падзякаваў беларускаму боку за падтрымку ў рабоце банка. "Мы заўсёды знаходзім агульную мову", - адзначыў ён.

На сустрэчы абмяркоўваліся планы па стварэнні інтэграцыйнай платформы развіцця, што ў тым ліку павінна садзейнічаць умацаванню ўзаемнага тавараабароту паміж Беларуссю і Расіяй. Выказана ўзаемная зацікаўленасць у далейшым развіцці ўзаемадзеяння па такіх перспектыўных напрамках, як інвестыцыйнае супрацоўніцтва, пашырэнне экспарту ў трэція краіны, падтрымка сумесных інавацыйных праектаў.

У цэлым адзначана, што якасны ўзровень супрацоўніцтва беларускіх партнёраў са Знешэканамбанкам з'яўляецца прыкладам рэальнай інтэграцыі, і гэты вопыт можа быць запатрабаваны для пабудовы больш эфектыўнай і ўзаемавыгаднай работы па іншых напрамках.