Сустрэча са Старшынёй Вярхоўнага Суда Валянцінам Сукалам

  • 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 мая правёў рабочую сустрэчу са Старшынёй Вярхоўнага Суда Валянцінам Сукалам, на якой абмяркоўвалася работа і развіццё судовай сістэмы.

"Напярэдадні такіх сустрэч я ўважліва яшчэ раз вывучаю работу галін улады. Не скажу, што ў мяне нейкія прэтэнзіі ёсць. Тым не менш вы лепш бачыце праблемы, якія існуюць у нашых судах, і тыя задачы, якія трэба вырашаць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся асабліва значнымі крымінальнымі справамі, па якіх якасць папярэдняга расследавання знаходзілася ў яго на кантролі. "Я хацеў бы пачуць, у якім напрамку вырашаюцца праблемы такіх спраў, каб вы мяне праінфармавалі, у якім стане яны знаходзяцца. Нюансы нейкія заўсёды ёсць. Хацелася б, каб вы мяне праінфармавалі, каб пазбегнуць у будучым негатыўнай практыкі, асабліва з тымі, хто вядзе праверку да следства, следства. І сказалі, як вы наогул ацэньваеце асноўных вашых партнёраў па судовых справах - Следчы камітэт, як працуюць у новых умовах МУС, КДБ, пракуратура. Якія ўзаемаадносіны, чаго не хапае, калі такія праблемы ёсць?" - абазначыў тэматыку размовы Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама цікавіўся ходам узвядзення ў Мінску новага будынка Вярхоўнага Суда. "Як яно ідзе цяпер? Ці паспеем мы да 7 лістапада, як дамаўляліся, увесці ў строй будынак Вярхоўнага суда?" - спытаў Прэзідэнт.

Што датычыцца якасці папярэдняга расследавання па крымінальных справах, Валянцін Сукала адзначыў, што ў гэтай сферы нейкіх вялікіх праблемных пытанняў няма. Адпаведная работа значна палепшылася з утварэннем Следчага камітэта і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Абгаворваліся на сустрэчы і пытанні далейшай барацьбы з наркаманіяй і злачынствамі, звязанымі з наркотыкамі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што паслаблення адносна збытчыкаў і распаўсюджвальнікаў наркотыкаў быць ніякага не можа. У сваю чаргу адносна спажыўцоў не выключаны тыя ці іншыя паслабленні.

У цэлым існуючыя праблемныя пытанні, удасканаленне судовай сістэмы Беларусі і якасць правасуддзя абмяркуюць пасля 1 ліпеня на нарадзе з удзелам Прэзідэнта.

Валянцін Сукала запэўніў, што ўзвядзенне новага будынка Вярхоўнага Суда будзе завершана ў абазначаныя тэрміны. Цяпер будаўніча-мантажныя работы завершаны на 85%, унутры будынка вядзецца чыставая аддзелка, закупляецца мэбля і абсталяванне. Пры гэтым максімальна выкарыстоўваюцца айчынныя будматэрыялы і прадукцыя.