Сустрэча са Старшынёй Урада Сербіі Аляксандрам Вучычам

  • 1

Беларусь і Сербія дамовіліся нарошчваць узаемавыгаднае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Аб канкрэтных напрамках далейшых сумесных дзеянняў у гэтым напрамку ішла размова 27 студзеня на сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй Урада Рэспублікі Сербія Аляксандрам Вучычам.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на той факт, што Беларусь ніколі не спыняла супрацоўніцтва з Сербіяй і не мае намеру гэтага рабіць у будучым. "Мы бачым, у якім напрамку развіваецца сёння свет - ідуць вельмі небяспечныя працэсы, з'яўляюцца нечаканыя працэсы. Мы іх, вядома, не гіпербалізуем. Перабольшваць іх не трэба, як і прымяншаць, - адзначыў Прэзідэнт. - Галоўная тэндэнцыя захоўваецца - свет становіцца больш глабальным, глабалізуюцца і працэсы ў эканоміцы".

Аляксандр Лукашэнка перакананы: "Мы нікуды не дзенемся ад таго, каб выбудоўваць наша супрацоўніцтва, каб у гэтым бурным свеце выстаяць і развівацца на карысць нашых дзяржаў і нашых народаў. Мы ні ў якім выпадку не будзем выстаўляць прэтэнзіі Сербіі, калі яна будзе развівацца сваім шляхам, таму што, напэўна, і мы вінаватыя ў тым, што Сербія апынулася ў такой сітуацыі. Усё ж такі пасля распаду Савецкага Саюза нам трэба было сур'ёзна падумаць, каб выбудоўваць больш цесныя адносіны".

Узаемавыгадныя адносіны з Сербіяй трэба падтрымліваць і развіваць, упэўнены Прэзідэнт. Разам з тым Кіраўнік дзяржавы выказаў занепакоенасць зніжэннем беларуска-сербскага тавараабароту, якое назіраецца апошнім часам. Неабходна знайсці і ўстараніць прычыны гэтага зніжэння, а таксама вызначыць шляхі для дасягнення больш высокага ўзроўню ўзаемнага гандлю.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў беларуска-сербскім супрацоўніцтве няма забароненых тэм. "Нават у самыя цяжкія часы мы заўсёды вас падтрымлівалі і будзем падтрымліваць. Мы займалі прынцыповую пазіцыю, у тым ліку па пытаннях адзінства вашай дзяржавы".

У сваю чаргу Старшыня Урада Сербіі згадзіўся з неабходнасцю ўмацавання беларуска-сербскага супрацоўніцтва ў палітыцы, эканоміцы, у тым ліку істотнага нарошчвання тавараабароту з Беларуссю. Аляксандр Вучыч падзякаваў беларускаму боку за вялікую падтрымку ў захаванні цэласнасці і суверэнітэту Сербіі.