Сустрэча са старшынёй ЦК КПРФ Генадзем Зюганавым

  • 1

З развалам СССР была страчана сістэма, падобнай да якой не было ў свеце. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 19 ліпеня на сустрэчы са старшынёй фракцыі КПРФ у Дзяржаўнай думе Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Генадзем Зюганавым.

"Мы страцілі краіну, але самае страшнае, што мы страцілі сістэму, якую стваралі за дзесяцігоддзі і падобнай да якой не было ў свеце, якую трэба было шліфануць, дапрацаваць - і мы былі б зусім іншай дзяржавай, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І сёння астаткі гэтай сістэмы, якую трэба было б, відаць, захаваць, мы пачынаем дабіваць, асабліва ў эканоміцы, асабліва ў сацыяльна-эканамічным развіцці".

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што шэраг праблемных момантаў застаюцца ва ўзаемаадносінах Беларусі і Расіі. "Хоць мы і рушылі наперад далей за ўсіх у нашых адносінах, ёсць нюансы, якія насцярожваюць нас, кіраўніцтва краіны, і вельмі крыўдзяць людзей", - заўважыў Прэзідэнт.

Генадзь Зюганаў згадзіўся з меркаваннем Аляксандра Лукашэнкі і дадаў, што пры больш цеснай кааперацыі дзве дзяржавы змаглі б скласці канкурэнцыю любой краіне. "Калі б мы дапаўнялі адзін аднаго і адначасова менш таргаваліся вакол цэн то на нафту, то на газ, то на мяса, то на малако, а думалі аб эфектыўнай кааперацыі, мы былі б канкурэнтныя з кім хочаце, прычым наша прадукцыя была б не горшая і на трэць таннейшая за еўрапейскую, і мы не аддалі б свае рынкі нікому", - падкрэсліў кіраўнік КПРФ.

На сустрэчы былі падрабязна абмеркаваны бягучы стан і развіццё беларуска-расійскіх адносін, а таксама міжнародны парадак дня.

Прэзідэнт Беларусі ўзнагародзіў Генадзя Зюганава ордэнам Дружбы народаў за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй, станаўленне Саюзнай дзяржавы, развіццё эканамічных, навукова-тэхнічных і культурных сувязей.